Выстава «Халодная зброя»
З 21лістапада да 7 снежня ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі працуе выстава віцебскага калекцыянера Рамазана Махмудава. На ёй прадстаўлена халодная зброя ўсіх часоў і народаў: першабытны чалавек з каменнай сякерай, зброя старажытных цывілізацый Егіпта, Грэцыі, Рыма, мячы і сякеры вікінгаў, пісталеты-нажы піратаў, іх абардажныя кутласы, рыцарскія мячы, шаблі, арбалеты, вырабы сучасных майстроў.
Асабліва ўражваюць вырабы ўмельцаў з Дагестана. Для ўпрыгожвання шашак, кінжалаў, ятаганаў выкарыстаны розныя тэхнічныя прыёмы: гравіроўка, гладкая чэрнь, чэканка с пазалотай і г.д.
Катаны, вакізасі, танто, таці, кайкен, казука — назвы зброі воінаў-самураяў з загадкавай краіны Японіі.
Запрашаем паглядзець на гэту прыгажосць. Нездарма на адным з клінкоў выбіты словы: «Служы прыгажосці, а не гору!»