КАСЦЁЛ УСПЕННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ

Касцёл пабудаваны Казімірам Львом Сапегам у 1646 годзе, аб чым сведчыць надпіс на франтоне над франталам на лацінскай мове: “На славу Усемагутнага Бога і ў гонар Узнясення Прачыстай гэты храм збудаваў Казімір Леў Сапега, падканцлер ВКЛ, Слонімскі дзяржаўца 1646 Н.Х.”.
Казімір Леў Сапега (1609-1656), сын вядомага дзяржаўнага дзеяча Льва Іванавіча Сапегі, быў адным з найбольш адукаваных людзей свайго часу. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, затым працягваў адукацыю ў многіх еўрапейскіх універсітэтах. Правёў некалькі гадоў за граніцай, у Германіі, Францыі, Нідзерландах, Італіі. Ведаў восем еўрапейскіх мовах, часта выконваў дыпламатычныя даручэнні, быў адным з паслоў пры падпісанні Палянаўскага міру з Масквой (1634). Казімір Леў быў вядомым сецэнатам і бібліяфілам. Ён заснаваў юрыдычны факультэт у Віленскай акадэміі і падараваў туды Ружанскі кнігазбор – 3000 кніг. Падканцлер Сапега заснаваў многа храмаў і манастыроў, сярод іх выдатны ансамбль манастыра картузаў у Бярозе.
Высокімі мастацкімі якасцямі адзначаецца Дзятлаўскі касцёл. Ён належыць да самабытных помнікаў архітэктуры 1-й палове ХVІІ ст., у якіх спалучаюцца рысы рэнесансу, ранняга барока з рэшткамі готыкі. Храм аднафенавы – з паўцыркулярнай апсідай, бакавыя сцены рытмічна падзелены высокімі прамымі кантрфорсамі, паміж якімі прарэзаны вялікія аконныя праёмы з паўцыркулярнымі завяршэннямі. Неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з паспалубкамі, якія абапіраюцца на масіўныя лапаткі. Фасад храма перабудаваны ў 1751 годзе, пасля пажару, у стыле “віленскага барока”: надстроены высокія ажурныя трохярусныя вежы, завершаныя маленькімі купаламі з каванымі крыжамі: паміж вежамі стромы фігурны франтон (калісьці ў ім змяшчаўся гадзіннік). Захаваўся першапачаткавы каменны партал з алебастравай ляпнінай у стыле ранняга барока. Карніз увенчаны кампазізыяй з картуша і дзвюх ваз па баках. Картуш мае форму глыбокай рамы з паўцыркулярным верхам у якой знаходзіцца гарыльеф Маці Божая з Дзіцём Ісусам – рэдкі ўзор каменнай пластыкі ранняга барока на Беларусі. На сценах касцёла намаляваны 10 абразаў-роспісаў. Але ўжо да пачатку ХVІІ ст. яны паасыпаліся. Драўляныя разьбяныя алтары, арган, абразы, партрэты Льва Сапегі і Гілярыя Палубінскага згарэлі ў час вялікага пажару Дзятлава ў 1743 годзе.
Цяперашні выгляд касцёл атрымаў пасля рэстаўрацыі ў 1751 годзе архітэктарам А.Асікевічам за кошт ваяводы навагрудскага Фаусціна Радзівіла і яго жонкі Барбары (родам з Завішаў). Тады выкананы сем алтароў са штучнага мармуру і дэкаратыўнае аздабленне інтэр’ера ў стылі ракако. У прэзбітэрыі знаходзіцца ансамбль з трох алтароў, злучаных аркамі. Галоўны алтар двух’ярусны. У ніжнім ярусе чатыры калоны, паміж якімі стаяць скульптуры св. Адальберта і св. Станіслава. Разьбяны гарыльеф у цэнтры

прадстаўляе на фоне воблакаў Бога-Айца ў папскай ціяры, які трымае перад сабою крыж з распятым Ісусам.
У другім ярусе, дэкараваным пілястрамі, карнізамі, кансолямі і вазамі, на воблаку паказана Маці Божая ў кароне. Алтарная кампазіцыя мае працяг на скляпенні ў выглядзе картуша з херувімамі і усевідушчым вокам.
Спалучаныя з галоўным алтаром двух’ярусныя алтары св.Марыі Магдалены і св. Барбары маюць па дзве калоны і скульптуры ўнізе і па карціне ў цэнтры абодвух ярусаў. Левы алтар змяшчае карціны “св. Магдалена” і “Узнясенне”, скульптуры св. Мікалая і св. Георгія. У правы – карціны “св. Барбара”, “св. Сямейства” і скульптуры св. Удальрыка, св. Фаўстына”.
Рысы ракако маюць алтары ў нефе касцёла: Маці Боскай Вострабрамскай, Ісуса, Георгія, Яна Непамука, а таксама амбон і картушы са скульптурнай групай “Водахрышча” і эпітафіяй Мікалая Фаўстына Радзівіла з яго партрэтам.
Мастацкае аздабленне касцёла нагадвае ляпніну касцёлаў Вільні і Слоніма і выканана пэўна майстрамі віленскай школы.

Читайте также: