Сядзібна-паркавы комплекс Дварэц

Прыкладна ў XIX — пачатку XX стст. Дварэц перайшоў ва ўладанне роду Пратасевічаў.

У 1866 годзе сюды вярнуўся з Польшчы малады гаспадар Міхал Пратасевіч з прыгажуняй жонкай Апалінай (з роду Жураўскіх з-пад Варшавы). У Польшчы Міхал Пратасевіч перайшоў з грэка-каталікоў у каталікі дзеля сваёй каханай. На паўднёвым баку мястэчка імі быў пабудаваны мураваны двухпавярховы палац, абкружаны цудоўным паркам.

Недалёка ад палаца (каля 500 м ад яго) знаходзіўся гаспадарчы двор, ад якога да палаца вялі тапалёвыя ды яловыя алеі.

 Таксама быў пабудаваны і млын. Была створана водная сістэма для стварэння аптымальных умоў для яго працы: пабудаваны шлюзы на рацэ Моўчадзь, утварылася вялікае возера, гасцінец меў на гэтым участку ўжо два масты , таксама была створана сістэма сажалак, берагі возера былі ўмацаваны насыпнымі дамбамі. Для ўмацавання берагоў ля млына былі высаджаны італьянскія таполі, частка іх захавалася да нашага часу.

 Гэта быў цяжкі час для Дварца. Мясцовая шляхта, за ўдзел у паўстаннях была знішчана. Дварэц запоўнілі чужынцы (расійская ўлада), якія не клапаціліся аб яго дабрабыце – вуліцы патаналі ў гразі, высякаліся векавыя дрэвы, касцёл, пабудаваны ў XVI ст. у выніку пажару быў знішчаны. І нягледзячы на свае сціплыя даходы, Пратасевічы зрабілі ўсё магчымае дзеля надання Дварцу прыстойнага выгляду. Пад час іх уладальніцтва былі забрукаваныя ўсе вуліцы мястэчка і цэнтральная плошча, высаджана ўздоўж іх мноства дрэў, адбудавана новае памяшканне школы. Праводзіліся двухдзённыя кірмашы два разы на год. Дварэц як культурны і эканамічны цэнтр стаў зноў узрастаць. Неаднаразова Пратасевічы хадайнічаюць перад расійскімі ўладамі аб дазволе на будаўніцтва храма. І толькі на пачатку 90-х гадоў дазвол быў атрыманы. Але сродкаў сям’і хапіла б толькі на драўляную пабудову. Дварэцкая шляхта, што магла б дапамагчы, даўно была знішчана. Апаліна хадайнічае перад сваімі далёкімі родзічамі Радзівіламі, і атрымлівае сродкі на будаўніцтва храма. Больш таго – з Нясвіжскай цагельні дастаўлялася спецыяльна вырабленая цэгла. Прыгожы храм быў асвечаны ў лістападзе 1905 г, аднак Апаліна Пратасевіч не адстаяла першае набажэнства ў храме, яна памерла 24 мая 1905 г. Пасля смерці жонкі Міхал Пратасевіч прадаў сваю маёмасць, зямлю і на атрыманыя грошы ў Італіі заказаў помнік на магілу сваёй сям’і. Помнік быў дастаўлены ў Дварэц і ўстаноўлены на могілках. Сам Міхал Пратасевіч ад’ехаў у Польшчу, бліжэй да старэйшай дачкі, што жыла там пасля замужжа. Свой двухпавярховы палац і млын Міхал Пратасевіч падараваў касцёлу.

Читайте также: