Сядзібна-паркавы комплекс Жыбартоўшчына

У першы тыдзень верасня ўрачыста адзначаюцца Дні Еўрапейскай спадчыны, прысвечаныя сядзібным паркам Беларусі.

Рамантычны свет беларускай дваранскай сядзібы даносяць да нас шматлікія захаваныя ў Беларусі маёнткі. Гаспадарчая дзейнасць, заняткі мастацтвам, балі, маскарады, паляванні, гулянні, сельскія святы, заняткі ў сядзібнай бібліятэцы, сама беларуская прырода нараджалі філасофска-сузіральніцкае ўспрыманне навакольнага свету, уплывалі на характар чалавека.

У ваколіцах Дзятлава знаходзіцца сядзіба Жыбартоўшчына,  якая звязана з імем славутага Ігната Дамейкі, філамата, вучонага-мінеролага, горнага інжынера, рэктара ўніверсітэта ў Санцьяга, нацыянальнага героя Чылі.

У гістарычных крыніцах маёнтак упершыню ўпамінаецца ў 1784 г. У  1812 г. уладальнікам маёнтка становіцца Ігнацій Казіміравіч Дамейка, рэгент галоўнага Трыбунала ВКЛ, маршалак шляхты Гродзенскага павета. У 1819 г. ім быў пабудаваны сядзібны дом – мураваны аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак з двухсхільным дахам.  Высокі паўпадвальны паверх зроблены з бутавага каменя, на адным з якіх высечаны надпіс: “1819 r.  Ignacy Domeyko”.   Фасады атынкаваныя, аддзяляюцца аконнымі праёмамі і  завершаны карнізам. Маёнтак быў складаным гаспадарча-вытворчым арганізмам з вялікай колькасцю пабудоў, а таксама ўключаў раллю, сенажаці, сады, гароды, сажалкі.

У канцы XVIII – пачатку XIX ст. у сваіх маёнтках землеўладальнікі рабілі паркі новага пейзажнага тыпу.  Пейзажны парк прадугледжваў самотнае сузіранне прыроды, гэтаму спрыялі і доўгія звілістыя дарожкі і   сцяжынкі сярод гаяў,  уздоўж сажалак.

Забудова парка была закладзена ў пачатку XIX ст. Асновай архітэктурна-ландшафтнага рашэння парку з’яўляецца сістэма штучных вадаёмаў, якія мелі дэкаратыўнае і гаспадарчае значэнне. Аднатыпнасць раўніннага  пейзажу кампенсавалася стварэннем трох сажалак шляхам узняцця вады невялікага раўчука пры дапамозе шлюзаў, што надавала тэрыторыі маёнтка асаблівую маляўнічасць. Парк, размешчаны ўздоўж сажалак, меў выцягнутую канфігурацыю і паркавы ландшафт фармаваўся ў арганічнай сувязі з сажалкамі.  Маляўнічы пейзаж вадаёмаў дапаўнялі масткі, альтанкі. Аснову парка складалі дрэвы мясцовых парод: ліпа, елка, клен, каштан, ясень, дуб.

З сярэдзіны XIX ст. была створана характэрная сістэма дарог, у якой асноўную ролю выконвала шырокая акружная дарога, да якой прымыкалі грунтовыя дарогі.  Такая сістэма дарог  была  характэрнай рысай у  сядзібна-паркавых ансамблях да першай чвэрці XX ст.

У маёнтку Жыбартоўшчына галоўная дарога існавала з боку Дзятлава. Ад сажалак дарога вяла да жылога дома, у в. Засецце дарога праходзіла праз маёнтак і была засаджана вярбой.  Вакол сажалкаў  былі пракладзены алеі. Усе дарогі былі грунтовыя.

Уладальнікі  маёнтка, маёмаснае становішча якіх пагаршалася з кожным годам, прадавалі частку земляў сялянам. А ў 1939 г. апошнія ўладальнікі  Ігнацій  і Марыя Дамейка  эмігрыравалі. Сямейны архіў быў перададзены мясцоваму жыхару.

Драматычнай была гісторыя маёнтка ў  гады Вялікай Айчыннай  вайны.  У 1941 г. у доме жылі немцы, на вуліцы рамантавалі баявую тэхніку. Гаспадарчы блок быў агароджаны калючым дротам,  там трымалі зняволенных і адтуль вазілі на растрэл партызанскія сем’і.

З 1944 г.  у доме быў размешчаны дзіцячы дом, з 1963 г. жылыя і гаспадарчыя пабудовы перададзены медыцынскім установам.

Такім чынам, да цяперашняга часу з сядзібнага комплекса Жыбартоўшчына захаваўся толькі жылы дом, фрагменты алей і 3 сажалкі.

You may also like...