Сядзібна-паркавы комплекс Жукоўшчына
Першая згадка пра Жукоўшчыну датуецца 1449 годам, калі было атрымана ва ўладанне Міхалам Корсакам. Корсакі – гэта адзін са старажытных родаў у Вялікім княстве Літоўскім. Яны мелі пячатку і герб з выявай двайнога якара. У Жукоўшчыне нарадзіўся такі прадстаўнік гэтага роду, як Раймонд Корсак (1768 – 1817гг.), паэт, перакладчык, сябра аднаго з кіраўнікоў касцюшкоўскага паўстання Якуба Ясінскага, палкоўнік.
Неагатычны палац збудаваны быў пры Эдмундзе Корсаку каля сярэдзіны ХІХ ст. і існаваў у Жукоўшчыне да канца 40-х гадоў XX ст. Ён складаўся з двухпавярховага пяціаконнага галоўнага корпуса, да простакутнага ў плане аб’ёму з правага боку была дабаўлена чатырохпавярховая квадратная вежа. Пры ўваходзе да палацу меўся ганак з двумя слупамі, якія трымалі вялікі балкон. З боку пяціаконнага фасада быў трохпавярховы рызаліт. Аднолькава як вежу, так і рызаліт вянчаў зубчаты зтык, а таксама вежачкі, характэрныя для неаготыкі. Рызаліт, які меў невялікі ганак з балконам, на вышыні трэцяга паверха быў дэкараваны гербавым картушам. Палац быў размешчаны такім чынам, што галоўны фасад з балконам выдатна праглядаўся праз возера.
Вядома таксама, што ў 30-я г. ХХ ст. у палацы была асаблівая сістэма ацяплення: унутры сцен былі хады, куды з печак, што меліся ў кожным пакоі, ішло цёплае паветра, дымок, які часта можна было бачыць, калі тапілі печы. З-за гэтага сцены з надворку былі цёплыя, прыхіліўшыся да іх можна было сагрэцца.
У адным з пакояў на другім паверсе была шафа ў сцяне, якая адчынялася механізмам аўтаматычна. Быў у палацы і пакой смеха з 4-ма ці 5-цю крывымі люстэркамі.
У 1940 – 1941 гады ў палацы размяшчалася школа, у гады Ваялікай Айчыннай вайны ён гарэў, а пасля яго ўзарвалі.
Пры Эдмундзе Корсаку быў закладзены модны ў сярэдзіне ХІХ ст. пейзажны парк, які фармаваўся як залежны элемент маёнтка ад завода, сажалак. Бакавы фасад палаца глядзеў на “Вялікае возера пад млынком”. Паміж возерам, сажалкай і вежай палаца быў вялікі луг, на якім спраўлялі дажынкі, каляды.
Ад трохпавярховага рызаліта з гербавым картушам ішла сцежка ў сад да чатырохкутнай лядоўні і ранжарэі – прыбудовы, дзе быў басейн з карпамі.
У 1869 годзе быў заснаваны вінакурны завод, які працаваў пры дапамозе пары. Гэта быў двухпавярховы мураваны будынак. Меліся два вінных склепы: адзін пад заводам, другі ў будынку свірна. Па-за заводам знаходзіўся конны прывад, а для падымання бульбы на гарышча будынка – калаўрот. Каля ўвахода мясцілася валоўня са скрынямі для брагі. Кватэра кантралёра была ў асобным доме і складалася з двух пакояў, кухні, сенцаў, каморы, прыбіральні. Завод працаваў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а пасля ў напалову зруйнаваным будынку была лазня. Пасля вайны, калі пачалі ўсё адбудоўваць, цэглу са сцен завода перавезлі ў в. Парэчча.
З сядзібна-паркавага комплекса да цяперашняга часу захаваўся толькі парк.