Да 75-годдзя з дня нараджэння Вячаслава Антонавіча Чамярыцкага

22 ліпеня сваё 75-годдзе адзначае вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі літаратуразнавец, крытык, кандыдат філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Вячаслаў Антонавіч Чамярыцкі. Нарадзіўся ён у 1936 г у маляўнічым кутку Дзятлаўшчыны на беразе р. Ятранкі ў в.Рабкі ў беднай сялянскай сям’і. У 1938 г. яго бацькі пераехалі ў Навагрудак, але яшчэ каля дзесяці гадоў кожнае лета будучы вучоны праводзіў у вёсцы ў сваякоў, дзе пасвіў жывёлу, працаваў на полі.
Вучыўся ў Навагрудскай СШ №1. Дзякуючы выкладчыку беларускай мовы і літаратуры Сцяпану Хусейнавічу Аляксандровічу ён упершыню пазнаёміўся з многімі рэдкімі заходнебеларускімі выданнямі, пачуў невядомыя імёны забароненых у той час пісьменнікаў і вучоных, навучыўся разумець беларускае мастацкае слова. У 1958 г. Вячаслаў Антонавіч скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў настаўнікам Слабадской сямігадовай школы Вілейскага раёна, інспектарам аддзела народнай асветы Маладзечанскага раёна. У 1965 г. скончыў аспірантуру пры інстытуце літаратуры імя Я.Купалы АН БССР і абараніў кандыдацкую дысертацыю “Беларускія летапісы як помнікі літаратуры”, якая выйшла асобнай кнігай у 1969 г. і атрымала шырокі водгук у нашай краіне і за мяжой як першая на беларускай мове праца пра гісторыю летапіснага жанру ў Беларусі. З 1965 г. працуе ў Інстытуце літаратуры, з 1969 г.– старшы навуковы супрацоўнік, з 1991 г. узначальвае аддзел гісторыі старажытнай і новай беларускай літаратуры.
Першая спроба пяра В.Чамярыцкага адносіцца да пачатку 1950-х г. Гэта былі вершы аб роднай прыродзе, Радзіме. У 1952 г. у навагрудскай раённай газеце “Новае жыццё” быў надрукаваны яго першы верш “На лыжах”. Усяго апублікаваў у мясцовым і рэспубліканскім друку каля 20 вершаў. Яго творчаму росту спрыяла не толькі тое, што дзяцінства і юнацтва прайшло ў паэтычных мясцінах Навагрудчыны, на радзіме А.Міцкевіча, але знаёмства і сяброўства з беларускімі пісьменнікамі. Гэта вызначыла галоўны кірунак будучых літаратуразнаўчых інтарэсаў. З 1959 г. актыўна выступае ў друку з рэцэнзіямі, літаратурна-крытычнымі, публіцыстычнымі, навукова-папулярнымі артыкуламі – пераважна пра творчасць маладых беларускіх паэтаў. Пазней захапіўся старажытнай беларускай літаратурай і гісторыяй. Унёс значны ўклад у вывучэнне беларускага летапісання, стварыў яго першую навуковую гісторыю. Падрыхтаваў да друку і ўпершыню апублікаваў каштоўны помнік беларускага пісьменства XVII – XVIII ст. – Магілёўскую хроніку. Вячаслаў Антонавіч ўдзельнічаў у стварэнні першай навуковай гісторыі беларускай літаратуры, у напісанні “Гісторыі сусветнай літаратуры”. Як скарыназнавец, В.Чамярыцкі напісаў у сааўтарстве навукова-папулярны нарыс пра Ф.Скарыну, які быў выдадзены ЮНЕСКА ў 1979-80 г. у Парыжы на фрацузскай і англійскай мовах. За плённы ўдзел у стварэнні цыкла навуковых прац “Скарына і беларуская культура” В.Чамярыцкі быў адзначаныў 1994 г. Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў галіне навукі.
Шмат сіл і намаганняў аддаў і аддае вучоны падрыхтоўцы, рэдагаванню і рэцэнзаванню розных навуковых прац, папулярызацыі і прапагандзе нацыянальнай пісьмовай спадчыны, выхаванню маладой змены. Ён ажыццявіў каля 200 навуковых публікацый, змясціў больш 300 артыкулаў у розных энцыклапедычных выданнях, выступаў з дакладамі на шматлікіх з’ездах, кангрэсах, канферэнцыях, чытаннях, у тым ліку за межамі нашай краіны.За вялікі ўклад у развіццё беларускай навукі і культуры В.Чамярыцкі ўзнагароджаны медалём Ф.Скарыны, граматамі Прэзідыума НАН Беларусі.
Вячаслаў Антонавіч праводзіць значную навукова-асветніцкую працу, аказвае пасільную дапамогу сярэдняй і вышэйшай школе нашай краіны ў падрыхтоўцы вучэбных дапаможнікаў, падручнікаў і праграм. Ён кансультаваў і дапамагаў ствараць Полацкі музей беларускага кнігадрукавання, дапамагае Навагрудскаму і Дзятлаўскаму гісторыка-краязнаўчаму музею ў папаўненні фондаў неабходнай літаратурай.
Шматгранная і плённая даследчыцкая, навуковая і культурна-асветніцкая дзейнасць вучонага спрыяе развіццю беларускага літаратуразнаўства, узнімае яго навуковы ўзровень і аўтарытэт, садзейнічае нацыянальна-духоўнаму сталенню беларускага грамадства.

You may also like...