«Велікодныя фантазіі»

“Велікодныя фантазіі”. Пад такой назвай 22 красавіка ў музеі пачала працаваць выстава. На ёй прадстаўлены дзіцячыя работы, работы аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, народных майстроў велікоднай тэматыкі. Запрашаем усіх наведаць выставу, прысвечаную галоўнаму веснавому святу – Вялікадню, які часцей за ўсё адзначаецца ў красавіку.
Гэта вельмі старажытнае народнае свята, якое з прыняццем хрысціянства было прыстасавана да царкоўнага свята – уваскрэсення Ісуса Хрыста. На гэты ж час прыпадае і апошні перадвелікодны тыдзень, які атрымаў назву “Страстны”. На працягу тыдня амаль штодня патрэбна прытрымлівацца пэўных абмежаванняў, выконваць рэгламентаваныя абрады. Выкананне шматлікіх рытуальных дзеянняў павінна было спрыяць умацаванню здароўя, первасцерагчы ад сурокаў. Каб перасцерагчы сям’ю ад розных інфекцыйных захворванняў, у панядзелак і аўторак нельга было трымаць у хаце што-небудзь бруднае, нямытае. У сераду вечарам гаспадыня кла¬ла пад страху хлеб, соль і мыла. 3 хлебам і свянцоным велікодным яйкам на Юр’я першы раз скаціну выганялі ў поле. Мылам мыліся назаўтра раніцай.        
Вельмі важнае месца ў велікоднай абраднасці належыць фарбаванаму яйку. Можна смела сказаць, што яно стала сімвалам гэтага найвялікшага хрысціянскага свята. На Вялікдзень яйкі свянцілі ў царкве, і затым на працягу трох дзён яны суправаджалі літаральна кожны крок селяніна. З яго пачыналі трапезу, клалі ў посуд з вадой, якой умывалася ўся сям’я, яйкі давалі гасцям або бралі з сабой, калі ішлі ў госці, імі дзяўчаты адорвалі хлопцаў, з якімі меліся браць шлюб. Дзеці і моладзь гулялі ў біткі, на высахлых пагорках качалі з латкоў. Яйка было сярод рытуальных страў, якія брала з сабой гаспадыня, калі збіралася на могілкі на Радаўніцу.
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Гэты святочны велікодны вокліч гучыць ва ўсім свеце. Селетні Вялікдзень набірае асаблівае значанне, бо ўсе хрысціяне адзначаюць свята, якое з’яўляецца падмуркам нашай веры і надзеяй на вечнае жыццё.

You may also like...