Выстаўка «Вяртанне ў Гузні»

«Вяртанне ў Гузні»
Пад такой назвай у Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі 13 верасня адкрылася выстаўка жывапісу мастака Алеся Адамавіча Квяткоўскага.
У час адкрыцця Алесь Адамавіч сустрэўся з вучнямі гімназіі №1 г.Дзятлава, вучнямі Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Ён расказаў пра сябе, пра сваю творчасць.
Алесь Адамавіч нарадзіўся ў 1952 годзе ў г. Валожын, Мінскай вобласці. У пяць гадоў пачаў вучыцца маляванню ў студыі Рэспубліканскага Палаца піянераў у Мінску ў выдатнага педагога і мастака С.П.Каткова. З іменем С.П.Каткова звязана стварэнне Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчаму мастацтву (зараз — каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка), якую скончыў Алесь Квяткоўскі.
З 1978 да 2003 года ўзначальваў студыю выяўленчага мастацтва “Квіцень”, якая існавала пры трох установах: Мінскім палацы чыгуначнікаў, Цэнтры эстэтычнага выхавання, Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
У Беларускі саюз мастакоў уступіў праз секцыю жывапісу. Працуе ў станковым жывапісе, графіцы, манументальным мастацтве, працягвае выкладчыцкую дзейнасць: з 2005 года на архітэктурным факульцеце БНТУ, выкладае малюнак і жывапіс.
Творы яго знаходзяцца ў музеях і галерэях Беларусі, Францыі, у прыватных калекцыях Расіі, Швейцарыі, Украіны, Германіі, Ірландыі, Канады, Ізраіля, Індыі.

“ Вяртанне ў Гузні ” — выстава, прысвечаная адной маленькай вёсачцы Дзятлаўскага раёна, якая знаходзіцца ля Нёмана. Аднойчы пабываўшы ў гэтых мясцінах, Алесь Адамавіч прыкіпеў душой да Дзятлаўшчыны, да маленькай вёсачкі. “Тут цішыня, тут добра працуецца. Амаль дзесяць гадоў прыязджаю сюды і набываю энергічны зарад, якога хапае надоўга. Лес — гэта Храм, рака — Філасофія, дубовы гай — выставачная зала, а людзі, з якімі я сябрую — працавітыя і чыстыя,”- адзначае Алесь Адамавіч.
Выстаўка будзе працаваць да 14 кастрычніка.

Читайте также: