З юбілеем, паважаны Мікалай Лаўрэнцьевіч!

Изображение_017
З юбілеем, паважаны Мікалай Лаўрэнцьевіч!
Жадаем шчыра шчасця Вам
І запаветных мар здзяйснення.
Яшчэ каб рос, назло гадам,
Запас бадзёрасці, натхнення.
І каб у працы плён заўжды
Багаты быў і людзям мілы,
І каб ні смутку, ні бяды
Нішто ніколі не чыніла.
31 сакавіка, член Саюза мастакоў СССР, майстар ганчарнага круга і пэндзля, Мікалай Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі адзначае 85-гадовы юбілей.
Творчасць М.Несцярэўскага добра вядома не толькі колу аматараў выяўленчага мастацтва, але і шматлікім жыхарам рэспублікі.
У сваёй творчасці Мікалай Лаўрэнцьевіч паспяхова працягвае традыцыі народнай творчасці, распрацоўвае пластыку простых ганчарных форм, акцэнтуе асноўную ўвагу на вытворчасць побытавых рэчаў, здавён вядомых на Беларусі. Даведзеныя да дасканаласці рукой майстра формы ўражваюць сваёй прыгажосцю.
Мікалай Несцярэўскі вядомы і як майстар манументальнай керамікі. Ён стварыў шэраг цікавых дэкаратыўных твораў у грамадскіх будынках Мінска і Валгаграда, Светлагорску і Салігорску. Працаваў над афармленнем аэрапорта “Мінск-2”, станцыі метро “Плошча Якуба Коласа”. Работы таленавітага майстра знайшлі сваё месца ў Нацыянальным музеі Рэспублікі Беларусь, Раўбічскім музеі народнага мастацтва, ў Музеі выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах, Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Яго творы сталі своеасаблівым эстэтычным кампанентам прасторавага асяродку.
Сёння Мікалай Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі – адзін з самых паважаных і вядомых у рэспубліцы мастакоў керамістаў. Тая самая адзіная сцяжынка прызвання вывяла яго на шырокую дарогу прызнання. Гэты актыўны, шчыры, шырокай душы і сэрца чалавек і сёння працягвае працаваць на карысць сваёй Радзімы.

You may also like...