18 красавiка — Сусветны дзень помнікаў і гістарычных мясцін

Палац Радзівілаў. палац фото
Ад гісторыі да сучаснасці

18 красавіка ў календары пазначаны як Сусветны дзень . Ён яшчэ раз нагадвае грамадству аб неабходнасці захавання сусветнай культурнай спадчыны.
Наша краіна мае багатыя і ўнікальныя культурныя каштоўнасці. Яны сведчаць аб гістарычным і духоўным развіцці Беларусі.
На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна знаходзіцца 40 гісторыка-культурных каштоўнасцей, уключаных ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сярод іх і помнік архітэктуры – будынак былога палаца Радзівілаў. У гэтым годзе з дня яго пабудовы спаўняецца 265 гадоў.
Мураваны палац былога маёнтка Радзівілаў стаіць на беразе ракі Дзятлаўка, перад возерам. Першапачаткова ў 1508 годзе на гэтым месцы была пабудавана драўляная земляная крэпасць Канстанцінам Астрожскім. Аднак падчас Паўночнай вайны яна была разбурана. Тады ў замку знаходзілася штаб-кватэра Пятра І. Пасля Паўночнай вайны і да 90-х гадоў XVΙII стагоддзя Рэч паспалітая не ўдзельнічала ў войнах, што садзейнічала аднаўленню і развіццю гаспадаркі. У XVΙII стагоддзі крэпасці ўжо страцілі сваё абарончае значэнне, таму на месцы драўлянай цытадэлі па фундацыі Дамініка і Мікалая Фаустына Радзівілаў у 1751 годзе архітэктарам Д.Фантана быў пабудаваны новы каменны палац-рэзідэнцыя.
Сядзібны комплекс уключаў палац, гаспадарчыя пабудовы, парк. Палац уяўляў сабою двухпавярховы прамавугольны будынак на высокім цокалі. Спачатку быў завершаны высокім вальмавым дахам і фланкіраваны па баках трох’яруснымі вежамі з шатровымі завяршэннямі.
На франтоне галоўнага фасада збераглася арнаментальна-геральдычная пластыка: ляпны гербавы картуш князёў Радзівілаў, партрэтныя барэльефныя медальёны, звівы лісця, гірлянд, драпіровак. Па перыметры будынак апярэзаны міжпавярховым і завершаным карнізамі. Яшчэ ў пасляваенны час у нішах знаходзіліся скульптуры. Знешні выгляд палаца значна сказіўся стварэннем сучасных прамавугольных вокнаў. Раней яны мелі ўрачыстую арачную форму, сляды якой яшчэ можна заўважыць на будынку. Вуглы будынка ўмацаваны контрфорсамі – верагодна рудзіментамі старажытнага замка.
Кали казаць пра планіроўку палаца, то традыцыйна яна была анфіладная. Цэнтральнае месца займала двухмаршавая лесвіца, якая вяла да параднай залы. Пад будынкам размяшчаліся падвалы, перакрытыя цыліндрычным скляпеннем, і кацельня.
У канцы ХVIII стагоддзя вакол палаца быў створаны парк у англійскім стылі. Парк упрыгожвала архітэктура малых формаў: масты, павільёны, альтанкі.
Пасля ўдзелу апошняга ўладальніка Дзятлава Адама Солтана ў паўстанні 1831 года, палац перайшоў у дзяржаўную ўласнасць. Спачатку быў прыстасаваны пад шпіталь, потым — пад кавалерыйскую казарму. На пачатку ХХ стагоддзя ў палацы размяшчалася двухкласная школа, у 30-я гады ХХ стагоддзя – сіроцкі дом для дзяўчынак. У пасляваенны перыяд і да апошняга часу будынак быў прыстасаваны пад медыцынскую ўстанову.
Гістарычная і архітэктурна-мастацкая каштоўнасць гэтага помніка мае агульнанацыянальную значнасць.

You may also like...