Нікіфараў Міхаіл Яфімавіч

Нікіфараў

Нікіфараў Міхаіл Яфімавіч  нарадзіўся 21.01.1956 г. у в. Наваельня Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці, біёлаг, эколаг. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014), чл.-кар. (з 2009), доктар біялагічных навук (2006), прафесар (2007).

Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у 1978 г. З 1977 г. у Інстытуце заалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: у 1977-1984 гг. старшы лабарант, у 1984-1989 гг. малодшы навуковы супрацоўнік, у 1992 г. навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік. З 1992 загадчык лабараторыі арніталогіі. У 1992-1995 гг. в.а. вучонага сакратара, у 1995-2002 гг. намеснік дырэктара па навуковай рабоце, у 2002-2007 гг. дырэктар Інстытута заалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2007 г. генеральны дырэктар ГНПА “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах”.

Навуковыя даследаванні ў галіне заалогіі, арніталогіі, заагеаграфіі, экалогіі, аховы прыроды і рацыянальнага выкарыстання біялагічных рэсурсаў. Апісаны заканамернасці і мадэлі рассялення папуляцыі птушак цэнтральнай Еўропы і Беларусі на позніх этапах ледніковага перыяду і пасля яго завяршэння. Абгрунтавана лакалізацыя сістэмы рэфугіумаў і рэфугіяльных зон Еўропы, якія абумовілі ледніковую ізаляцыю і марфалагічную дыферэнцыяцыю папуляцый птушак і далі пачатак іх рассяленню пасля завяршэння абледзянення. Выканана шырокая серыя работ па выяўленні фактараў, якія вызначаюць змяненне колькасці відаў птушак у сучасных умовах, як аснова для распрацоўкі міжнародных і нацыянальных планаў дзеянняў па захаванні глабальна пагрозлівых відаў, прапанаваны меры па зніжэнні негатыўнага ўплыву праблемных відаў птушак. Навуковыя вынікі і матэрыялы выкарыстаны пры падрыхтоўцы Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь, адлюстраваны ў адпаведных раздзелах Нацыянальнага атласа Рэспублікі Беларусь, прыменены пры падрыхтоўцы прагнозаў і нацыянальных дакладаў аб стане акаляючага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, у распрацоўках рэспубліканскай Схемы развіцця асоба ахоўваемых прыродных тэрыторый, канцэпцыі і схемы фарміравання Нацыянальнай экалагічнай сеткі і інтэграцыі яе ў агульнаеўрапейскую экалагічную сетку. Стварыў нацыянальны цэнтр кальцавання і вывучэння міграцыі птушак, які ўваходзіць у еўрапейскую сістэму цэнтраў кальцавання.

Аўтар звыш 200 навуковых публікацый, у т.л. 10 манаграфій і кніг, аўтарскага пасведчання.

Читайте также: