Павел Гаўрылавіч Пятроў

Вялікая Айчынная вайна крывавым пажарам прайшлася па зямлі Дзятлаўшчыны. Сотні партызанаў, падпольшчыкаў, воінаў Чырвонай Арміі загінулі, прымаючы ўдзел у вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Нам, прадстаўнікам цяперашняга пакалення, аб героях мінулай вайны нагадваюць помнікі.
У цэнтры Дзятлава на тэрыторыі гарадскога парка знаходзіцца помнік двум героям Савецкага Саюза, якія загінулі пры вызваленні Беларусі. Адзін з іх – гвардыі палкоўнік Павел Гаўрылавіч Пятроў.
Ён нарадзіўся 17 жніўня 1906 года ў сялянскай сям’і ў сібірскай вёсцы Мальцава на тэрыторыі цяперашняй Кемераўскай вобласці. Спачатку працаваў у роднай вёсцы, а затым у горадзе Новакузнецку у павятовым ваенным камісарыяце. Пятроў шмат вучыўся. Па камсамольскай пуцёўцы ён прыехаў у Новасібірск, дзе паступіў на рабфак. У тым жа 1924 годзе юнак скончыў курсы пры Томскай савецкай партыйнай школе. У 18 гадоў трапіў у армію, з якой звязаў сваё далейшае жыццё. З восені 1924 года па 1927-ы Павел Гаўрылавіч быў курсантам Омскай пяхотнай ваеннай школы. Пасля вучобы яго накіравалі ў Маскоўскую Пралетарскую дывізію на пасаду камандзіра ўзвода.Пятроў добра выконваў свае абавязкі, а яго падначаленыя паказвалі высокія вынікі ваеннай падрыхтоўкі. Праз некалькі гадоў П. Г. Пятрова прызначылі камандзірам батальёна. Пад яго кіраўніцтвам гэтае падраздзяленне заняло першае месца ў дывізіі па стральбе і страявой падрыхтоўцы.
У 1937 годзе Павел Гаўрылавіч уступіў у Камуністычную партыю. Разам з гэтым працягвалася яго ваенная кар’ера. Пятрову даручылі ўзначаліць вайсковы полк. На гэтай пасадзе Павел Гаўрылавіч праявіў сябе як выдатны арганізатар і патрабавальны кіраўнік. Па выніках праверкі летам 1939 года полк атрымаў выдатныя адзнакі па ўсіх відах баявой і палітычнай падрыхтоўкі, што дазволіла заняць першае месца ў Маскоўскай ваеннай акрузе. За поспехі ў службе ваеннае кіраўніцтва ўзнагародзіла П. Г. Пятрова ордэнам Чырвонай Зоркі.
З верасня 1939 года па жнівень 1941-га Павел Гаўрылавіч узначальваў 6-ы мотастралковы полк 1-ай Маскоўскай Пралетарскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі. Спачатку ў званні маёра, а потым падпалкоўніка. У канцы чэрвеня 1941 года П. Г. Пятроў са сваёй вайсковай часцю быў накіраваны на фронт для стрымлівання імклівага наступлення нямецка-фашысцкіх войскаў. У гэты час Чырвоная Армія цярпела няўдачы, войскі часта адступалі ці траплялі ў акружэнне. Павел Гаўрылавіч удзельнічаў у смаленскай аперацыі, абарончых баях каля Барысава, Талачына, прабіваўся з акружэння пад Оршай. У 1942 годзе П. Г. Пятроў быў моцна паранены і кантужаны. Яго мужнасць і самаахвярнасць у баях адзначаны ордэнам Чырвонага Сцяга. За гады вайны П. Г. Пятроў ваяваў у складзе войск Заходняга, Цэнтральнага, 2-га Беларускага франтоў. У 1943 годзе для павышэння прафесійнага майстэрства Павел Гаўрылавіч скончыў спецыяльныя курсы для камандзіраў Чырвонай Арміі. Некаторы час кіраваў 10-ым гвардзейскім стралковым корпусам. З 14 студзеня па 12 чэрвеня 1944 года П. Г. Пятроў узначальваў 44-ю стралковую дывізію 65-й арміі. У чэрвені 1944 года ён стаў намеснікам камандзіра 120-й гвардзейскай Чырвонасцяжнай стралковай дывізіі, якая за паспяховае авалоданне горадам Рагачовам атрымала ганаровую назву «Рагачоўская». Камандаваў дывізіяй генерал Я. Я. Фогель. Гэта злучэнне разам з іншымі вайсковымі часцямі вызваляла Дзятлаўшчыну ў ліпені 1944 г. Гвардыі палкоўнік П. Г. Пятроў выдатна праявіў сябе ў Беластоцкай наступальнай аперацыі, праведзенай у канцы ліпеня 1944 года. У час узяцця Беластока Павел Гаўрылавіч знаходзіўся ў 336-м і 339-м стралковых палках, якія, наступаючы на горад, вытрымалі сем контратак гітлераўцаў. У баі гвардыі палкоўнік П.Г. Пятроў был цяжка паранены. 5 жніўня яго даставілі ў санітарны эвакуацыйны шпіталь № 3597. Медыкі не змаглі выратаваць жыццё Паўла Гаўрылавіча, і 27 жніўня 1944 года ён памёр ад гангрэны. Перад смерцю афіцэр прасіў пахаваць яго побач са сваім камандзірам Я. Я. Фогелем. Яго просьбу выканалі. У самым канцы вайны ў красавіку 1945 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР за праяўленыя мужнасць і гераізм прысвоіў гвардыі палкоўніку Паўлу Гаўрылавічу Пятрову званне Героя Савецкага Саюза.

You may also like...