Шымук Віктар (Вікенцій Мікалаевіч)

ШымукШымук Віктар (2.04.1933-1.09.1998)

Нарадзіўся  ў в. Змяёўцы Дзятлаўскага раёна ў сялянскай сям’і.

Пасля заканчэння 8 класаў Вікенцій Шымук пачаў працаваць адказным сакратаром Дзятлаўскай раённай газеты “За новую вёску”. Адначасова вучыўся ў вячэрняй сярэдняй школе. У 1951г. паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ імя У.І.Леніна. Вучобу сумяшчаў з працай у газеце “Калгасная праўда”. Пасля заканчэння універсітэта застаўся працаваць у газеце. Працаваў таксама ў газеце “Звязда”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. З 1977 года – намеснік галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных перадач Беларускага радыё. В.М.Шымук – член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1964г.

Шымук Віктар вядомы чытачу як шчыры лірык, чалавек дасціпны, не абыякавы да праблем жыцця, прынцыповы, які з уласцівым яму гумарам выкрывае недахопы нашай рэчаіснасці, аўтар шматлікіх кніг. Сярод іх паэмы “Каля Броннай гары” (1960), зборнікі вершаў “Мы вясне дапамагалі” (1962), “Світанне” (1972) і інш. Шмат нарысаў Віктара Шымука прысвечана героям грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайны.

На многія вершы паэта напісаны песні. Віктар Шымук займаўся перакладамі, пісаў крытычныя матэрыялы аб творчасці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Увагу яго прыцягвала пытанне адраджэння беларускай нацыяльнай культуры, мовы нашага народа.

Читайте также: