Помнік І.Ю. Філідовічу

На Дзятлаўшчыне шмат помнікаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной: брацкія і індывідуальныя магілы, абеліскі і фігурныя кампазіцыі ў памяць аб загінуўшых аднавяскоўцах і ахвярах фашызму, мемарыяльныя дошкі і знакі на месцах важнейшых падзей ваеннага часу.
У гэтым шэрагу і манумент, прысвечаны І.Ю. Філідовічу, герою з Пушчы Ліпічанскай , які ў ў гады Вялікай Айчыннай вайны паўтарыў подзвіг вядомага рускага патрыёта Івана Сусаніна.
Іосіф Юр’евіч Філідовіч у час Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным Ленінскай брыгады, якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзеншчыны. У ходзе баявых дзеянняў было шмат параненых. З’явілася неабходнасць стварэння пастаяннага шпіталю для лячэння раненых і хворых партызан. І.Ю. Філідовіч дапамог падабраць надзейнае месца сярод непраходнага балота. Аб размяшчэнні шпіталю, аб дарозе туды ведалі толькі ён, яго сын Іван і ўнук Фёдар. Яны прывозілі параненых па толькі ім знаёмай сцяжынцы. Ва ўмоўленым месцы іх чакалі санітары. Сцяжынку пільна засыпалі хвояй.
У снежні 1942 года пачалася жорсткая блакада пушчы. Фашысцкія самалёты бязлітасна бамбілі партызанскую зону. Адчуваючы небяспеку, Іосіф Юр’евіч адправіў сваіх родных да сваякоў за Нёман. На хутары разам з Філідовічам засталіся толькі яго нявестка і дванаццацігадовы ўнук Федзя.
У адзін са снежаньскіх дзён на хутары з’явіліся гітлераўцы. Яны ўварваліся ў хату, патрабуючы ад Іосіфа Юр’евіча паказаць месца размяшчэння партызанскага шпіталю. Філідовіч маўчаў. Тады карнікі прыгразілі расправай над нявесткай і ўнукам. Старому чалавеку нічога не заставалася, як пагадзіцца.
Акінуўшы развітальным позіркам хату, І.Ю. Філідовіч адправіўся разам з атрадам карнікаў у лес. Ён павёў немцаў не да кладак, што вялі да партызанскага шпіталя, а значна правей, амаль у процілеглы бок, дзе было непраходнае балота Ліпічанскай пушчы.
Слаўнага партызанскага сувязнога больш ніхто не бачыў. Гітлераўцы жорстка расправіліся з ім. Вясной 1943 года, калі растаў снег, яго цела, зрашэчанае кулямі, знайшлі партызаны. Героя пахавалі з усімі воінскімі ўшанаваннямі. Пасмяротна ён быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.
Сваёй смерцю І.Ю. Філідовіч выратаваў многа раненых партызан, медыцынскіх работнікаў і абслугоўваючы персанал шпіталя, які дзейнічаў амаль да самага прыходу часцей Савецкай Арміі ў ліпені 1944 года. Подзвіг І.Ю. Філідовіча стаў легендарным.Увекавечаны ён і ў мануменце, які быў устаноўлены 5 ліпеня 1980 года ў скверы, насупраць Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Масіўная фігура селяніна паказвае яго апошні выхад з дому. Задумлівы, рашучы і строгі выгляд твару, палка ў правай руцэ. Нізкі доўгі пастамент з чорнага граніту – як сімвал дарогі, па якой герой робіць свой першы крок да подзвігу. Такім паказаў у метале нашага земляка гродзенскі скульптар А.І. Салятыцкі.
Помнік І.Ю. Філідовічу ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

DSC02193

You may also like...