Калі ласка, на выстаўку!

Паважаныя госці і жыхары Дзятлаўшчыны!
Запрашаем вас на ўрачыстае адкрыццё персанальнай мастацкай выстаўкі Мікалая Лаўрэнцьевіча Несцярэўскага “Сэнс жыцця — мастацтва”, якое адбудзецца 6 жніўня ў 10.00 у Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, вул.Міцкевіча, 7. Наведаць выстаўку можна штодня (акрамя панядзелка) з 6 па 14 жніўня з 10.00 да 18.00.
Работы Мікалая Лаўрэнцьевіча добра вядома не толькі колу аматараў выяўленчага мастацтва, але і шматлікім жыхарам рэспублікі.
Яго рукамі зроблена шмат непаўторных твораў, якія можна назваць сапраўднымі шэдэўрамі мастацтва.
М.Несцярэўскі стварыў шэраг цікавых дэкаратыўных твораў, якія упрыгожваюць грамадскія будынкі Мінска і Валгаграда, Светлагорска і Салігорска, Гродна і Дзятлава. Працаваў над афармленнем аэрапорта “Мінск-2”. Дэкаратыўныя пано і фрагменты роспісу інтэр’ера аздабляюць станцыю метро “Плошча Якуба Коласа”.
Творы таленавітага майстра ўпрыгожваюць лепшыя музеі Рэспублікі Беларусь. Адна з работ Мікалая Несцярэўскага нават падаравана прэзідэнту Рэспублікі Венесуэла Уга Чавесу.
Але самы важкі ўклад у мастацкую скарбонку майстар зрабіў для Дзятлаўшчыны. Фонды Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея налічваюць 285 работ аўтара. Амаль усе экспанаты перададзены мастаком у дар музею.
На выстаўцы будуць прадстаўлены разнастайныя пейзажы, партрэты, нацюрморты. Многія карціны звязаны з мінулым Дзятлава і яго знакамітымі жыхарамі. Акрамя таго можна ўбачыць шматлікія керамічныя кампазіцыі. Усе яны са свету цудоўнага, творчага, са свету мастацтва.
Шаноўныя дзятлаўчане і госці нашага горада, запрашаем вас наведаць выстаўку і пазнаёміцца з унікальнымі і надзвычай цікавымі работамі майстра. Спыніце свой погляд хаця б на адной працы майстра, паспрабуйце ацаніць дасканаласць яе формы, цэласнасць і завершанасць. І вы адчуеце сапраўдную радасць ад сусрэчы з прыгажосцю і майстрам.

Читайте также: