З юбілеем, мой музей!

Дятлово_закатный-магнит_1

      Для многіх музей — гэта сховішча старых рэчаў і прадметаў, дакументаў і фатаграфій – нямых, бязмоўных сведкаў далёкай даўніны. Але за кожнай фатаграфіяй, за кожным радком дакумента – людзі, тыя, якія жылі і жывуць на нашай зямлі.
      Гісторыя Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея пачалася 50 гадоў назад, калі было прынята рашэнне Гродзенскага аблвыканкама № 353 ад 29 жніўня 1966 года. Ініцыятарамі стварэння музея былі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Сяргей Цярэнцьевіч Кабяк і першы сакратар райкама КПБ Іван Вікенцьевіч Крыжаноўскі.
    Музей размясціўся ў двухпавярховым будынку агульнай плошчай 430 кв.м. Першая экспазіцыя музея адкрылася для наведвання 5 мая 1968 года.
    Цяпер экспазіцыя музея размешчана ў 8 залах, дзе прадстаўлена больш двух тысяч адзінак асноўнага і навукова-дапаможнага фондаў. Яны знаёмяць наведвальнікаў з гісторыяй Дзятлаўшчыны са старажытных часоў да 50-х гадоў мінулага стагоддзя.
      Першая зала расказвае пра гісторыю края з часоў каменнага веку да ХХ стагоддзя. Экспануюцца каменныя прылады працы і палявання першабытных людзей, паказаны рэшткі жывёл, на якіх палявалі першабытныя людзі. Сярэдневяковы перыяд прадстаўлены матэрыяламі археалагічных раскопак Дзятлава, партрэтамі яго ўладароў, дыярамай мястэчка, прадметамі розных рэлігійных канфесій, якія дзейнічалі ў Вялікім княстве Літоўскім. Айчынная вайна 1812 года паказана цікавай калекцыяй ваеннага рыштунку таго часу. Асобны стэнд прысвечаны вучоным-землякам: І.Дамейку, В.Дмахоўскаму, Т.Жаброўскаму.
     У другой зале наведвальнікі знаёмяцца з матэрыяльнай культурай жыхароў нашага края ў канцы ХІХ-пачатку ХХ ст. Паказаны прылады працы земляроба і жывёлавода, рамеснікаў: ганчара, ткача, каваля, краўца; тых хто займаўся апрацоўкай дрэва: цесляра, столяра, бондара. Асобныя стэнды расказваюць аб побыце сялян і мяшчан. Тут можна убачыць рэчы, якімі штодзённа карысталіся людзі: посуд, адзенне, мэбля, пісьмовыя прыналежнасці і г.д.
      Адна зала прысвечана нацыянальна-вызваленчаму руху 20-30-х гадоў ХХ ст. у Заходняй Беларусі. Музей валодае ўнікальнымі калекцыямі экспанатаў, якія можна ўбачыць толькі ў музеях калішняй Заходняй Беларусі. Тут прадстаўлены транспаранты, падпольныя выданні: газеты, лістоўкі, брашуры, якія выдаваліся КПЗБ (Камуністычнай партыяй Заходня Беларусі), фота, дакументы, асабістыя рэчы членаў КПЗБ і КСМЗБ (Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі). Шырока раскрыта дзейнасць Беларускай сялянска-рабочай Грамады, беларускага пасольскага клуба “Змаганне”. З Дзятлаўшчынай звязана дзейнасць С.В.Прытыцкага, В.З.Харужай, М.Танка і іншых вядомых падпольшчыкаў-рэвалюцыянераў. Багаты матэрыял раскрывае дзейнасць легальнай арганізацыі “Таварыства беларускай школы (ТБШ). Асобны стэнд прысвечаны пісьменнікам Заходняй Беларусі – удзельнікам барацьбы за вызваленне. Завяршае экспазіцыю цікавы куток школьных прыналежнасцяў таго часу.
      Экспазіцыя, прысвечаная тэме Вялікай Айчыннай вайны, размешчана ў трох залах. Тут экспануюцца фатаграфіі, дакументы, асабістыя рэчы ўдзельнікаў партызанскага руху на Дзятлаўшчыне, абарончых баёў на рацэ Шчара, землякоў, якія змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Экспануюцца матэрыялы пра разгортванне падполля і злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раёне. Шырока раскрыта тэма вызвалення Дзятлава. Фатаграфіі, дакументы і іншыя матэрыялы экспазіцыі раскрываюць перыяд аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі.
       Пастаянна працуе выстаўка мастацкай керамікі члена Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь Мікалая Лаўрэнцьевіча Несцярэўскага. Неардынарныя прыёмы і формы працы дазволілі аўтару стварыць непаўторныя мастацкія кампазіцыі. М.Л. Несцярэўскі – адзін з мастакоў, якія афармлялі станцыю метро “Плошча Якуба Коласа” у Мінску,  будынак аэрапорта “Мінск -2”.  У адной з залаў экспазіцыі праводзяцца часовыя выстаўкі.
      Асноўнымі накірункамі работы музея з’яўляюцца: усебаковае вывучэнне гісторыі раёна, пошук і збор прадметаў, арганізацыя выставак з фондаў музея і прыватных калекцый, правядзенне экскурсій, заняткаў з выкарыстаннем музейных прадметаў, увядзенне новых форм работы – правядзенне абраду “Вяселле па-Дзятлаўскі”, экскурсіі па гістарычных мясцінах горада Дзятлава, квэст-гульні “Скарбы Радзівілаў”.
      Музей – гэта ўстанова, якая на працягу 50 гадоў збірае, вывучае, захоўвае і папулярызуе помнікі гісторыі і культуры, наўбольш значныя падзеі ў гісторыі нашага краю. Музей з’яўляецца захавальнікам каштоўных нацыянальных рэсурсаў, якія праз сведчанні мінулых часоў дапамагаюць знайсці нам натхненне ў сучасным і атрымаць запаветы для будучыні.

Читайте также: