Іван Аляксеевіч Жолабаў

                                                                                  %d0%b6%d0%be%d0%bb%d0%be%d0%b1%d0%be%d0%b2

Іван Аляксеевіч Жолабаў нарадзіўся 26 ліпеня 1917 г. у в. Вялікая Гара Халмагорскага раёна Архангельскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў на камсамольскай рабоце, журналістам у архангельскіх газетах “Штурм”, “Паўночны камсамолец”, “ Праўда Поўначы”. У час фінскай вайны добраахвотна ўступіў у лыжны батальён, які быў сфарміраваны камсамолам Поўначы.

Вялікая Айчынная вайна застала І. А. Жолабава студэнтам другога курса Свярдлоўскага інстытута журналістыкі. У 1941 г. ён – добраахвотнік Чырвонай Арміі. Яго накіроўваюць у Хабараўскую школу НКУС, пасля заканчэння якой Жолабаў паступае ў распараджэнне спецаддзела Заходняга фронта. З 2 жніўня 1943 г. І. А. Жолабаў пад мянушкай “Капитан Северный” узначальвае атрад спецыяльнага прызначэння “Дружба”, які дзейнічаў на Гомельшчыне. Атрад “Дружба” аказаў вялікую дапамогу наступаючым часцям і злучэнням 1-га Беларускага фронта ў правядзенні аперацыі па вызваленню Гомеля, Рэчыцы і многіх іншых населеных пунктаў. Выканаўшы аператыўна-дыверсійныя заданні, народныя мсціўцы злучыліся з часцямі Чырвонай Арміі і ў поўным саставе вярнуліся ў Маскву, каб атрымаць новае заданне.

На гэты раз ім загадалі зрабіць высадку на парашутах каля р. Нёман, у Ліпічанскай пушчы Дзятлаўскага раёна. Аператыўнае становішча было тут вельмі складанае. Буйныя нямецкія гарнізоны стаялі ў Дзятлаве, Казлоўшчыне, Наваельні, Навагрудку і іншых населеных пунктах, а таксама ўздоўж чыгункі Ліда – Баранавічы і Ліда – Гродна.

За параўнальна кароткі час група вырастае ў буйны атрад, здольны самастойна вырашаць баявыя задачы. Падрыўнікамі атрада было пушчана пад адхон 22 варожыя эшалоны, знішчаны 25 паравозаў, 169 вагонаў з жывой сілай і тэхнікай, паранена і забіта больш за 750 салдат і афіцэраў праціўніка. У адкрытым баі разгромлены штаб нямецкай дывізіі, захоплена 16 павозак з боепрыпасамі і абсталяваннем, радыёстанцыя, 12 кулямётаў, 22 аўтаматы, больш за 100 вінтовак.

Пасля вызвалення Дзятлаўскага раёна штаб атрада “Дружба” некаторы час знаходзіўся ў дзятлаве, удзельнічаў у аднаўленні Савецкай улады ў раёне.

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны І. А. Жолабаў працуе ў органах КДБ. У маі 1951 г. ён быў пераведзены ў Алтайскае ўпраўленне. 20 снежня 1967 г. па стану здароўя Іван Аляксеевіч ідзе ў адстаўку.

Але і на заслужаным адпачынку, будучы цяжка хворым, іван Аляксеевіч многа працуе. Ёе піша мемуарныя творы: “За лініяй фронту – таксама вайна”, “На Нёмане чакаюць сваіх”, “Сцежкі разведчыкаў”, вядзе вялікую работу сярод моладзі.

Радзіма высока ацаніла баявыя і працоўныя заслугі І. А. Жолабава, узнагародзіўшы яго двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі, многімі медалямі. Яму прысвоена званне Ганаровага чэкіста СССР.

У 1983 г. Іван Аляксеевіч збіраўся прыехаць у Дзятлава, наведаць мясціны, дзе ваяваў, сустрэцца з аднапалчанамі. Але гэтаму не суджана было збыцца – смерць абарвала яго жыццё.

You may also like...