Асалода душы

                                                                    f39d2a967d2f5d6455a32de6b4f4c5f6

Пад такой назвай у Дзятлаўскім музеі праходзіць выстаўка аўтарскіх вырабаў вядомай беларускай актрысы Стэфаніі Станюты. Працы Стэфаніі Станюты будуць дэманстравацца ў Дзятлаўскім раённым музеі да канца сакавіка. На выстаўцы можна ўбачыць лясную скульптуру і незвычайныя упрыгожванні, выкананыя уласнаручна прымай Купалаўскага тэатра з розных прыродных матэрыялаў: кукурузы, жалудоў, рабіны і нават брызгліны. У яе было было захапленне: дзе б Стэфанія Станюта ні была, яна збірала жалуды, ягады рабіны, шыпшынніка, насенне экзатычнай садавіны, дадавала да іх фасоль, кукурузу, іншыя матэрыялы і майстравала з усяго гэтага ўпрыгожванні, якімі шчодра адорвала сваіх сяброў і знаёмых. Частка гэтых прац захавалася ў Мінскім клубе самабытных майстроў «Прырода і фантазія», членам якога была актрыса.

Нарадзілася Стэфанія Міхайлаўна 30 красавіка 1905 года ў Мінску. Зусім юнай яна прыйшла ў Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, якое пазней стала Першым беларускім дзяржаўным тэатрам. Потым вучылася ў Маскве, у Беларускай драматычнай студыі. У 1926 годзе разам з аднакурснікамі прыехала ў Віцебск, дзе на базе іх выпуску быў створаны Другі беларускі драматычны тэатр. А з 1932 года і да апошніх дзён жыццё яе было злучана з Нацыянальным тэатрам імя Янкі Купалы, тым, дзе пачынала яна школьніцай.

У Станюты было шмат цікавых роляў, алесапраўдная слава прыйшла да яе позна, калі яна выконвала ролі пажылых жанчын і бабуль. За межамі рэспублікі яна стала папулярнай толькі пасля фільма Ларысы Шапіцька і Элема Клімава «Развітанне», дзе выканала ролю старой Дар’і.

Яна ўмела быць аднолькава арганічнай у ролях змораных сялянак і элегантнейшых свецкіх жанчын. І нават маленькі эпізод рабіла праўдзівым сцэнічным шэдэўрам.

Стэфанія Міхайлаўна была ўдастоена самых высокіх званняў: народная артыстка Беларусі, народная артыстка Савецкага Саюза, Акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра. І першы прыз «Крыштальная Паўлінка» быў прысуджаны менавіта ёй. Яе звалі жывой легендай, талісманам купалаўскага тэатра.

Памерла Стэфанія Станюта ў 2000-ым годзе, пражыўшы 95 гадоў, пахаваная ў Мінску на Ўсходніх могілках. У яе гонар у Мінску на доме па праспекце Незалежнасці, дзе жыла актрыса, устаноўлена мемарыяльная дошка. А “Белпошта” да 100-годдзя Стэфаніі Станюты выпусціла марку.

На выстаўцы можна даведацца пра яе шырокі і разнастайны свет захапленняў, пазнаёміцца з яе творчасцю як умелага народнага майстра. Калі тэатральныя выявы вялікай актрысы падказвала жыццё, то эскізы ўпрыгожванняў — сама прырода.

Читайте также: