Мемарыяльная дошка П.К.Камчатнаму

 18 жніўня 2017 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі, прысвечанай былому дырэктару Парэчскага спіртзавода Паўлу Кузьмічу Камчатнаму.  На мерапрыемстве прысутнічаў сын П.К.Камчатнага Анатоль Паўлавіч, прадстаўнікі мясцовай улады, работнікі спіртзавода і мясцовыя жыхары.

       

На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна дзейнічае Парэчскі спіртзавод, які быў заснаваны ў 1908 годзе мясцовым памешчыкам Янам Фларыянам Стравінскім. У наш час гэта адно з буйнейшых і самых паспяховых прадпрыемстваў раёна. Парэчскі спіртзавод прайшоў складаны шлях станаўлення. Прадпрыемства працавала і развівалася ў час знаходжання беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі, польскай дзяржавы.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР Парэчскі завод быў нацыяналізаваны і на некаторы час спыніў сваю дзейнасць. Ваенныя дзеянні падчас Вялікай Айчыннай вайны нанеслі прадпрыемству вялікі ўрон. З канца ліпеня 1944 года пасля вызвалення Дзятлаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалося яго аднаўленне. Паводле архіўных звестак, з 28 жніўня 1944 года ён атрымаў назву “Парэчскі спіртзавод Баранавіцкага дзяржаўнага трэста спіртавой прамысловасці”. Дырэктарам спіртзавода быў назначаны Павел Кузьміч Камчатны.

Павел Кузьміч Камчатны нарадзіўся ў 1914 годзе. Працоўную дзейнасць пачаў з 1932 года. У 1938 годзе закончыў Адэскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум спірта-гарэлачнай прамысловасці. Прымаў удзел у Вялікай Айчыннай вайне, узнагароджаны трыма баявымі медалямі. З 1944 года па 1953 гады працаваў дырэктарам Парэчскага спіртзавода Баранавіцкага спірттрэста. З 1948 года – член КПСС. У 1953 годзе П.К. Камчатны як лепшы дырэктар быў пераведзены Міністэрствам харчовай прамысловасці БССР на больш магутны Дземехаўскі спіртзавод Гомельскага спіртатрэста.

Дзякуючы вялікім намаганням новага дырэктара і самаадданнай працы працоўнага калектыва ўжо 7 лістапада 1944 года ўзнавілася работа завода па вытворчасці спірту-сырцу. Прадпрыемства мела вялікае значэнне для краіны, таму для хутчэйшага аднаўлення вытворчасці і бесперабойнай працы на заводзе была ўсталявана строгая працоўная дысцыпліна.

За датэрміновае аднаўленне завода і добрыя паказчыкі ў рабоце П.К.Камчатны неаднаразова атрымоўваў грашовыя прэміі і падзякі. У 1948 годзе ён узнагароджаны значком “Выдатнік сацспаборніцтва”.

У 2015 годзе Парэчскі спіртзавод быў рэарганізаваны ў вытворчы ўчастак і стаў ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”.

Павел Кузьміч Камчатны ўнёс значны ўклад у аднаўленне і развіццё харчовай прамысловасці Беларусі. Памяць пра такога чалавека павінна жыць і станоўча спрыяць патрыятычнаму выхаванню сучаснага маладога пакалення.

 

Читайте также: