Гісторыя жыве побач з намі

Мы з вамі, паважаныя чытачы, усе мы, — людзі XXI  cтагоддзя, таму што жывём у ім, прымаем ці не прымаем яго новыя правілы і парадкі, прыстасоўваемся, а часам і супраціўляемся таму, што яно нам прапануе. Аднак час робіць сваё. Мяняецца аблічча вёсак і гарадоў, мяняецца рытм жыцця, нашы стасункі са светам – і мяняемся мы самі. У лепшы бок ці наадварот? Зноў жа пакажа час. І ў гэтай жыццёвай мітусні  часцей за ўсё не заўважаем, што побач з намі памірае цэлы пласт былога, нашай з вамі гісторыі. Бясследна памірае. Сыдзе ў лепшы свет пакаленне дзяцей вайны — і не застанецца жывых сведкаў пасляваенных часоў, савецкіх часоў, якія мелі сваю адметную культуру, звычкі, традыцыі, атрыбуты.  Адыдзе цэлы пласт гісторыі. Прычым бясследна. І праз пару дзясяткаў гадоў не знойдзем ужо у нашых хатах і кватэрах  фотаздымкаў першамайскіх дэманстрацый 50 — 80-х гадоў, парадаў, прысвечаных святу Перамогі, выяў людзей той эпохі і многага, многага іншага, што было дорага нашым мамам і бабулям. Мы перасяляемся, перавозячы толькі самае неабходнае, пусцеюць і разбураюцца вясковыя хаты, у якіх разам з жыхарамі памірае цэлы музей рэчаў, нікому ўжо не патрэбных. І праўда нікому?

Супрацоўнікі нашага музея задумаліся над гэтым. Хіба можам мы з вамі, дарагія дзятлаўчане, дазволіць, каб такое здарылася. Каб нашы дзеці і ўнукі сталі манкуртамі, што не помняць імя свайго і роду свайго, сваёй гісторыі. А гісторыя, і сапраўды, знаходзіцца побач з намі. Таму і вырашылі прапанаваць нашым землякам рэалізаваць разам з намі праект “Рэліквія маёй сям’і”. А сутнасць яго наступная. Як вядома, кожная сям’я мае нейкія рэчы, звязаныя з падзеямі мінулага. Гэта могуць быць фотаздымкі, кнігі, у тым ліку і падручнікі, вучнёўскія сшыткі, дзённікі, старыя пішучыя машынкі, прыборы радыё- і телетэхнікі мінулага, старыя цацкі, і навагоднія таксама, паштоўкі, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дакументы, манеты і папяровыя грошы, прадметы адзення і абутку, галаўныя ўборы, рамяні і паясы, музычныя інструменты. Ды ці  мала што яшчэ з рэчаў, якія характарызуюць час і эпоху, людзей, што жылі ў гэтым часе. Усе гэтыя рэчы мы прапануем прыносіць у наш музей для арганізаціі аднайменнай выставы. Той, хто будзе першым пачэснай справе захавання спадчыны, стане ганаровым госцем прэзентацыі выставы, пра яго і сям’ю мы напішам на сайце музея і ў раённай газеце. Самыя шчодрыя стануць гасцямі мерапрыемства, якім завершыцца праект. А вашы рэчы, ад якіх вы, магчыма, ужо збіраліся пазбавіцца, стануць музейнымі экспанатамі, будуць захоўвацца ў нас доўгія гады і служыць напамінкам аб мінулым. Калі ж не будзе намеру падараваць прадмет, калі ласка. Ён толькі пакрасуецца на выставе.

А каб вам прасцей было пачаць з намі  дыялог, нагадваем нашы каадынаты: вуліца Першамайская,12, Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей. Тэлефон для сувязі 21-3-41; электронны адрас: muzejd@mail.ru

Дзякуем усім, хто адгукнецца.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

Читайте также: