Акадэмік з вёскі Кузьмічы

Да года малой радзімы

Акадэмік з вёскі Кузьмічы

Праўду кажуць: чым больш адукаваны і інтэлігентны чалавек, тым прасцей з ім весці дыялог. Гэтыя мудрыя словы нібыта сказаны пра нашага земляка, акадэміка АН РБ Аляксандра Іванавіча Лакотку. Мінулы год навукі даў нашаму музею штуршок для пошуку землякоў- людзей навукі. Пра Аляксандра Іванавіча ўжо былі матэрыялы, сабраныя некалькі гадоў таму, ёсць у музейным сховішчы і кнігі вучонага. Аднак захацелася сустрэцца з ім асабіста, пагутарыць, а заадно і папоўніць музейны фонд.

Знаёмства з акадэмікам пачалося з Інтэрнэта, з пошуку матэрыялаў пра яго. Высветлілася, што нядаўна Аляксандр Іванавіч святкаваў сваё 60-годдзе. І матэрыялаў з нагоды юбілею было шмат. Ёсць на старонках сайтаў артыкулы і кнігі вучонага, фотаздымкі, знайшліся і кантакты. Напісалі электронны ліст. На наступны дзень патэлефанавала загадчыца аддзела кадраў і паведаміла, што Аляксандр Іванавіч даручыў ёй падрыхтаваць усе неабходнае для музея. А ў пачатку кастрычніка пашчасціла сустрэцца з самім акадэмікам у яго рабочым кабінеце. І хоць чалавек ён заняты, але гутарыла з ім цэлую гадзіну, нават і не заўважыла, калі тая гадзіна прабегла. Уражанне ад дыялога з земляком было выключнае: незвычайная тактоўнасць, абаяльнасць, прастата зносін, шчырасць. Ішла потым па вуліцы Сурганава з такім дзіўным пачуццём, нібы ў  душу ўлілі бочку мёду і стала дзіўна хораша і соладка. Хто ж ён такі, Аляксандр Іванавіч Лакотка, і якім чынам звязаны з нашай Дзятлаўшчынай?

Нарадзіўся Саша Лакотка ў вёсцы Кузьмічы Дзятлаўскага раёна 21 студзеня  1955 года. Бацькі працавалі тут настаўнікамі пасля размеркавання. Маці хлопчыка руская, са Смаленшчыны, вучылася ў Маскве. Але тады быў Савецкі Саюз і трапіць на працу можна было куды заўгодна. Выкладала нямецкую мову і гісторыю. Бацька- беларус з Міншчыны, працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры. У Кузьмічах маладая сям’я доўга не затрымалася, неўзабаве пераехала ў мястэчка Дварэц таксама Дзятлаўскага раёна. Пра Дварэц у памяці Аляксандра Іванавіча захавалася шмат цёплых успамінаў. Помніць ён, што Дварэц уражваў старымі будынкамі, дамамі-лаўкамі, у якіх шмат што прадавалася, царквой і касцёлам, а таксама вадзяным млынам, каля якога любілі гуляць дзеці. Помніць той завулак, у якім сям’я здымала кватэру, рэчку Моўчадзь, да якой ад хаты можна было спусціцца па схіле, выкладзеным дзёранам. І бабку Сабіну. У яе жылі на кватэры. Бабка пела беларускія і польскія народныя песні, расказвала казкі, была вельмі рэлігіёзнай і прывучала  маладых настаўнікаў да святкавання Калядаў і Вялікадня. Захавалася ў памяці і веліч лясоў, у якіх грыбоў- хоць касой касі, а часам і соннага зайца можна было напаткаць. І –ой!- крыкнуць што ёсць моцы на ўвесь лес, а потым звонка смяяцца, бачачы, як ён куляй імчыць між дрэў. Ці не там, у Дварцы і яго ваколіцах, зарадзілася прага да спасціжэння народнай спадчыны, любоў да землякоў і жаданне служыць свайму народу?

Бацькі пераязджалі яшчэ некалькі разоў. Спачатку на радзіму маці, а потым у Слуцкі раён, у вёску Навабелічы, у новую школу. Шыкоўную, двухпавярховую, з багатай бібліятэкай. Тут Саша атрымаў сярэднюю адукацыю.

Пасля школы паступіў у Беларускі нацыянальны  тэхнічны ўніверсітэт, які скончыў у 1977 годзе. Працаваў архітэктарам у навукова-даследчым і праектным інстытуце, кіраўніком архітэктурна-рэстаўрацыйнай майстэрні Беларускага рэстаўрацыйна-праектнага інстытута, у 1989-1995гг. намеснікам дырэктара на навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і быту. З 1995г. быў загадчыкам аддзела архітэктуры і намеснікам дырэктара на навуковай рабоце Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2004 года дырэктар гэтага інстытута. З’яўляецца таксама віцэ-прэзідэнтам секцыі архітэктуры і дызайна Міжнароднай арганізацыі па народнай творчасці ЮНЕСКА, членам еўрапейскага Савета па культуры, рэспубліканскага навукова-метадычнага Савета па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Аляксандр Іванавіч Лакотка — акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2004), доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар, член Саюза архітэктараў Беларусі.

Дыяпазон  інтарэсаў  таленавітага вучонага вельмі шырокі. Акадэмік мае навуковыя працы ў галіне тэорыі і гісторыі архітэктуры, аховы і рэстаўрацыі архітэктурнай спадчыны, даследаваў агульныя і рэлігійныя асаблівасці беларускага народнага дойлідства, нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Стварыў навуковую канцэпцыю гістарычнага феномену беларускай архітэктуры як выніку сінтэзу будаўнічага мастацтва Усходу і Захаду Еўропы. Аляксандр Іванавіч адшукаў вялікую колькасць помнікаў народнага дойлідства, што дало штуршок для стварэння з яго ўдзелам адзінага ў рэспубліцы музея пад адкрытым небам у Строчыцах. Як паведаміў сам суразмоўца, працаваў над гэтым праектам каля дзесяці гадоў. А потым яго справу працягнула Святлана Аляксандраўна, жонка і паплечніца вось ужо трыццаць пяць гадоў. Ён аўтар праектаў рэстаўрацыі шэрагу аб’ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, навуковай канцэпцыі захавання прадмесных гарадоў, а таксама мястэчак і гістарычных вёсак. Распрацаваў  таксама тэорыю і метадалогію ўкаранення нацыянальных асаблівасцей у сучасную архітэктуру Беларусі, канцэпцыю ролі архітэктуры ў ідэалогіі беларускай дзяржавы. З’яўляецца навуковым рэдактарам і аўтарам раздзелаў шматтомнага выдання  “Архітэктура Беларусі”, навуковым рэдактарам шматтомніка “Гарады і вёскі Беларусі”.

Асабіста мяне ўразіла кніга “Саборы помняць усё”, у якой акадэмік Лакотка выступае не толькі як вучоны, але і як патрыёт сваёй краіны, чалавек з адкрытай душой, які піша не для аднаго пакалення. Тытанічная праца Аляксандра Іванавіча ўражвае. Адкуль час і сілы для такой працы пры неймавернай занятасці кіраўніка трох аб’яднаных інстытутаў?

  • Пішу кнігі ў час адпачынку, — дзеліцца акадэмік.- Спачатку доўга збіраю матэрыял, часам выкарыстоўваю тое, што захоўваў некалькі дзясяткаў гадоў, яшчэ з таго часу, калі шмат падарожнічаў па Беларусі, пабываў амаль у кожным яе куточку. Потым адасабляюся і пішу. Калі трэба адпачыць, пераключыцца, пачынаю маляваць. Гэта маё хобі.

Сапраўды, у кабінеце вісяць графічныя работы Аляксандра Іванавіча- выявы архітэктурных помнікаў, роднай вёскі. Ён падарыў некалькі работ і нашаму музею.

У Аляксандра Іванавіча цудоўная сям’я аднадумцаў: жонка Святлана Аляксандраўна, сыны Аляксей і Яўген таксама архітэктары. Ёсць і любімыя ўнукі- Андрэй і Стэфанія. Самыя цеплыя і шчырыя словы пра ўнучку. І таленавітая, і вясёлая, і малюе, і танцуе, і мовы замежныя вучыць.

У сярэдзіне лютага Аляксандр Іванавіч, Святлана Аляксандраўна і малодшы сын Яўген прыехалі ў Дзятлаўскі краязнаўчы музей. Была арганізавана сустрэча з настаўнікамі, вучнямі гімназіі №1, кіраўнікамі школьных музеяў, краяведамі-аматарамі. Сустрэча атрымалася цёплая і змястоўная. Вучоны з сям’ёй пабываў каля палаца Радзівілаў, каб асабіста паглядзець, у якім стане знаходзіцца закансерваваная гісторыка-культурная каштоўнасць, бо некалькі месяцаў таму падпісаў  ліст падтрымкі да праектна-каштарыснай дакументацыі, распрацаванай Гроднаграмадзянпраектам на вядзенне рэстаўрацыйных работ у палацы. Праект зараз знаходзіцца ў Міністэрстве культуры і прэтэндуе на атрыманне гранда Прэзідэнта Беларусі. Не абмінула сям’я і вёсак Кузьмічы і Дварэц, дзе пачынаўся жыццёвы шлях Аляксандра Іванавіча.

Так на Дзятлаўшчыне злучыліся ў адну значную падзею Год навукі і Год малой радзімы.

Вось такі ён- акадэмік А.І.Лакотка, наш зямляк, які вельмі любіць родны край, часта бывае на Свіцязі, рыбак, калі ёсць такая магчымасць, грыбнік. Які ён кіраўнік, можна меркаваць не толькі па маштабах зробленага, але і па тым, як адносяцца да яго падначаленыя-з нейкім бляскам у вачах і трапятаннем, як да самай дарагой сваёй каштоўнасці. І мне перадаўся гэты іх настрой. А яшчэ  карцела задаць пытанне, ці ёсць у яго жыцці мэта, ідэя, якой Аляксандр Іванаіч служыць. І атрымала наступны адказ:

  • Хачу як мага больш зрабіць для захавання нацыянальных традыцый у сучаснай архітэктуры і мастацтве.

Проста і шчыра. І няхай Бог даё нашаму земляку здароўе і сілы дзеля здзяйснення задуманага.

 

Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

 

Читайте также: