Сям’я з Батайска завітала ў музей

Да года малой радзімы

Беларусь хацелася наведаць даўно

Такія словы не раз чула ад Уладзіміра Сяргеевіча Загаціна, жыхара горада Батайска Растоўскай вобласці. Што ж так цягнула гэтага чалавека сюды, на Дзятлаўшчыну, ён жа ніколі тут не быў, нарадзіўся і вырас на поўдні Расіі, дзе жыве і зараз.

Каб адказаць на гэта пытанне, трэба  пачаць здалёк, яшчэ з 90-х гадоў. Тады стваралася кніга “Памяць”  Дзятлаўскага раёна, і мяне, маладога карэспандэнта раённай газеты, райком партыі паслаў у камандзіроўку спачатку ў Кіеў, потым у Маскву. Там жылі дзеці знакамітага авіятара, аднаго з першых лётчыкаў СССР, генерала-лейтэнанта авіяцыі, які ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, вызваляў Растоў-на-Доне, быў першым камендантам пасляваеннага Кіева, нашага земляка з вёскі Дварэц Сцяпана Георгіевіча Караля. Вынікам паездкі павінна была стаць інфармацыя пра С.Г.Караля для кнігі “Памяць”.

Сустрэча сталася не толькі цікавай- тады ўпершыню пабыла ў Кіеве і Маскве, жыла ў дзяцей знакамітага чалавека, шмат цікавага пачула ад іх пра бацьку-, але знамянальнай, падаравала мне сяброў на ўсё жыццё, і колькасць гэтых сяброў, як ні дзіўна, расце. Па выніках паездкі была напісана неабходная інфармацыя для кнігі і вялікі нарыс для газеты “Перамога”, які друкаваўся аж у пяці нумарах. Сям’я перадала для Дзятлаўскага краязнаўчага музея шмат матэрыялаў, цікавых фотаздымкаў.

Прайшоў час, я працавала ўжо ў гімназіі №1. Аднойчы адміністрацыі гімназіі прыйшло запрашэнне з Масквы паўдзельнічаць у конкурсе да гадавіны Перамогі. Конкурс аб’яўляў часапіс “Сенатар”, у ім удзельнічалі настаўнікі, работнікі культуры, журналісты. Часопіс абяцаў лепшыя працы надрукаваць. Гімназія, як правіла, заўсёды ва ўсім удзельнічала. Вырашылі- паспрабуем. Успомніла пра свой нарыс, збегала ў рэдакцыю, узяла падшыўку і пераклала матэрыял на рускую мову. Адрэдагавала і паслала. На ўдачу, канешне.

Нарыс быў надрукаваны, мне прыслалі падзяку. А праз некаторы час прыйшоў ліст ад жанчыны са Слонімскаа раёна. Яна пісала, што, магчыма, Сцяпан Георгіевіч з’яўляецца яе дзядзькам. Адказала ёй, дала каардэнаты Рэнаты Сцяпанаўны і Радаміра Сцяпанавіча, праз некаторы час даведалася, што яна знайшла іх, пазнаёмілася. Яны сапраўды аказаліся раднёй.

А гадоў сем таму мне патэлефанаваў на мабільны Уладзімір Загацін з Батайска. Ён прачытаў артыкул пра генерала Караля ўжо ў Інтэрнэце і шукаў мяне ў сацыяльных сетках, пытаўся ва ўсіх жыхароў Дзятлава, каго знаходзіў, мой нумар тэлефона. Яму адказала Н.П.Клімец. Так мы пазнаёміліся. Аказалася, што ў Батайску разам з Уладзімірам жыве яго мама (зараз яе ўжо няма), родная пляменніца Сцяпана Георгіевіча, дачка брата. Мы пагаварылі, і я паслала на электронку нарыс і фотаздымкі, якія ў мяне былі, а таксама адрасы дзяцей С.Г.Караля. Так мы сталі перапісвацца, спачатку праз электронку, а потым у фейсбуку.

Уладзімір мае трох братоў, якія жывуць у розных частках Расіі, ён малодшы з іх, працуе прадуктовым агентам на поўдні, робіць закупы прадукціі у фермерскіх гаспадарках і рыхтуе іх на экспарт. Жанаты два разы. Ад першага шлюбу мае сына і дачку, ад другога- сына, Данілу, якому толькі дванаццаць гадоў. Сям’я збіралася прыехаць у Беларусь даўно, але, як гэта заўсёды бывае, нешта ўсё перашкаджала. І вось 28 красавіка вечарам заходжу на фейсбук і чытаю: “Заўтра выязджаем да вас. Будзем спачатку ў Мінску, потым у Гродна, а пасля на Дзятлаўшчыну”. Параіла ім адразу купіць беларускую сімку, каб быць на сувязі, пажадала шчаслівай дарогі і пачала  рыхтавацца да прыёму замежных гасцей. І, я к гэта з намі, беларусамі, бывае, захацелася прадставіць родны горад і нашых людзей найлепшым чынам. Аднак рабіць гэтага не давялося: пакуль мы сустрэліся, у маіх віртуальных знаёмых было столькі ўражанняў і станоўчых эмоцый ад Беларусі, што заставалася толькі слухаць.

Завіталі госці да мяне ў суботу, у той жа дзень мы паехалі ў Дварэц. Знайсці хату ці магілы, дзе пахаваны бацькі Сцяпана Георгіевіча, нам не ўдалося. Так магло стацца, што на магілах не стаялі помнікі з надпісамі, ды мы і не ведалі, католікі яны былі ці праваслаўныя, на якіх могілках шукаць месца іх апошняга прытулку. Але не гэта галоўнае. А, відаць, тое, што сказаў Уладзімір свайму сыну Данілу:”Вось сынок, мы пабылі на зямлі, дзе жылі твае продкі. Помні пра гэта. Тут твае карані, у табе цячэ беларуская кроў”.

Сам Уладзімір знешне вельмі падобны да беларуса: шляхетны вытанчаны твар, наша, беларуская, худзізна, далікантасць паставы, светлыя валасы.  Жонка ўжо зусім іншае: цёмнавалосая, вёртная, сапраўдная жанчына з поўня.

У той жа дзень паехалі ў Мірскі замак, трапілі на рыцарскія прадстаўленні, ад якіх застануцца ў гасцей непаўторныя ўражанні і цікавыя фотаздымкі. Пераначавалі, а ў панядзелак прыйшлі ў Дзятлаўскі музей, каб паглядзець экспазіцыю, прысвечаную Сцяпану Георгіевічу Каралю. Потым госці паехалі ў Белавежскую пушчу і ў Брэст.

Думаецца, доўга яшчэ будуць яны пераварваць усё тое, што ўбачылі і пачулі, дзяліцца ўражаннямі з роднымі і знаёмымі. А што ўразіла ў гэтых людзях мяне? Напэўна, у першую чаргу тое, як яны адносяцца да свайго мінулага, гатовы пераадолець вялікую адлегласць дзеля таго, каб дакрануцца да вытокаў, да зямлі продкаў. А яшчэ словы Уладзіміра, якія ён сказаў адной дзятлаўчанцы:” У вас такая цудоўная краіна, цаніце гэта і беражыце сваю зямлю”.

  Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

 

 

 

 

 

 

Читайте также: