Рэдкая знаходка 16 стагоддзя

Экспанат музея раскажа пра гісторыю нашых продкаў

Панямонне… Адзін з прыгажэйшых рэгіёнаў Беларусі. Тэрыторыя Дзятлаўскага раёна, па якой працякае Нёман са шматлікімі прытокамі, таксама ўваходзіць у гэту  геаграфічную зону. Археалагічнае вывучэнне нашай тэрыторыі пачалося яшчэ ў XIX стагоддзі.

У сваім развіцці старажытнае насельніцтва Дзятлаўшчыны прайшло некалькі этапаў. Гэта каменны, бронзавы і жалезны вякі. З XV стагоддзя большасць населеных пунктаў сучаснага Дзятлаўскага раёна была размешчана  на берагах рэк, пра што неаднаразова ўпамінаецца ў старажытных пісьмовых крыніцах. Каменны і жалезны вякі, эпоха сярэднявечча Панямоння добра асветлены ў працах такіх вучоных, як М.Чарняўскі, А.Мядзведзеў, П.Русаў. А вось  перыяд бронзавага веку адкрыў для нас зямляк, кандыдат гістарычных навук Лакіза Вадзім Леанідавіч. Ён на працягу многіх гадоў даследаваў тэрыторыі Дзятлаўшчыны паблізу рэк Шчара, Моўчадзь і Нёман. Сваю сенсацыйную знаходку ён зрабіў у далёкім 1995 годзе, калі праводзіў раскопкі каля вёскі  Пархуты Дзятлаўскага раёна. Падчас  экспедыцыі мясцовыя жыхары паказалі месцазнаходжанне чоўна, які быў выдзеўбаны з цэльнай калоды дрэва. Човен выпадкова знайшлі рыбакі гадоў за дзесяць да падзеі ў вадзе пад правым берагам  Шчары паміж  вёскай Пархуты і вёскай Гарадкі ва ўрочышчы Голыя паблізу месца, дзе рака прамыла новае рэчышча. Човен быў напалову занесены напластаваннямі пяску. Насавая частка яго даўжынёй 4,6 м цалкам знаходзілася над вадой. Былі зроблены замеры, якія далі ўяўленне пра яго будову. Шырыня чоўна 0,7 м мае акруглы нос і паралельныя тонкія барты, а таксама акруглае дно. У насавой частцы чоўна ёсць перагародка-звязка паміж бартамі шырынёй 0,1 м. Мяркуемая даўжыня – 7-9 м. Човен захаваўся дзякуючы таму, што выдзеўбаны з дубовага ствала. Датуецца  XVI стагоддзем.

Сваю знаходку Вадзім Леанідавіч Лакіза, тады яшчэ аспірант, перадаў нашаму музею. Зараз экспанат знгаходзіцца ў першай зале, якая называецца “Старажытная і сярэдневяковая гісторыя краю”. Шчыра запрашаем землякоў дакрануцца да глыбінь гісторыі Дзятлаўшчыны.

Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея