Адгалоскі дзяцінства вярэдзяць сэрца

На пачатку мая ў музеі адбылася нечаканая сустрэча. Іду пасля абеда на работу і бачу: на ганку стаіць пажылы чалавек, чытае вывеску. Павіталася, спытала:

-Вы да нас, у музей?

-Ды вось не ведаю,-адказвае.- Тут, на месцы музея, некалі, у 50-я гады, школа была, а зараз ад яе і следу не засталося.

-Заходзьце,-запрашаю,-пагаворым, пазнаёмімся.

Новым маім знаёмцам аказаўся Іван Аляксандравіч Рэўка, жыхар горада Мінска, які нарадзіўся ў вёсцы Байкі Слонімскага раёна ў 1949 годзе, а потым аказаўся ў дзятлаўскім дзіцячым доме. Здарылася ж гэта так. У 1951 годзе сям’я пераехала ў Слонім, у Рэўкаў былі два сыны і дачка, старэйшы з якіх Іван. Бацька паехаў на заробкі ў Расію, а маці захварэла і памерла. Бацька вярнуўся, але трох дашкольнікаў даглядаць не змог, аддаў у дзіцячыя дамы- Івана ў Дзятлава, а меншых- у Навагрудак. Сам жа ажаніўся другі раз, ад другога шлюбу меў яшчэ аднаго сына.

Іван выхоўваўся ў дзіцячым доме, які размяшчаўся каля царквы. Ён добра помніць тыя домікі з прыбудовамі, у якіх яны жылі. Помніць дырэктара, добрага і чулага чалавека, помніць, як працавалі на дапаможнай гаспадарцы ў былым маёнтку Жыбартоўшчына, якая належала дзіцячаму дому. А яшчэ помніць, што на месцы сучаснага райвыканкама быў другі дзіцячы дом, які размяшчаўся ў палацавым будынку.

У дзіцячым доме Іван Рэўка пражыў чатыры гады, з 1956 па 1960 гады. Потым яго перавялі ў Поразава Свіслацкага раёна, таксама ў дзіцячы дом, дзе жылі старэйшыя дзеці. Там ён скончыў восем класаў. Аднойчы нават пабываў у Дзятлаве, прыязджаў гуляць у футбол з мясцовымі дзетдомаўцамі. Больш да дня нашай сустрэчы ў Дзятлаве ён не быў.

Іван Аляксандравіч скончыў архітэктурнае аддзяленне політэхнічнага інстытута ў Мінску, працаваў спачатку архітэктарам, а потым выкладчыкам у архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме, які размяшчаўся на вуліцы З.Бядулі ў Мінску. І ўсё жыццё займаўся жывапісам — маляваў пейзажы і пейзажныя кампазіцыі. Захапляецца гэтым і зараз. Выкладчыцкую дзейнасць скончыў, збіраецца купіць невялікі домік каля Жыровіч, дзе яму вельмі падабаецца, і тварыць. А пакуль гэта толькі ў бліжэйшых планах, вырашыў пахадзіць па сцежках свайго дзяцінства.

-Што Вас прывяло ў Дзятлава?- пытаю ў яго.

-Даўно хацелася наведаць Дзятлава, паглядзець, што тут змянілася, а што не. Бачу, што амаль усё змянілася. Нічога не засталося ад таго мястэчка, якое я помню.

Іван Аляксандравіч яшчэ доўга сядзеў з намі, расказваў, успамінаў. Гэта быў першы наведвальнік за доўгія гады з выхаванцаў былых дзіцячых дамоў. Вось было б цудоўна, каб знайшоўся энтузіяст, які паспрабаваў бы знайсці і сабраць на сустрэчу ўсіх дзетдомаўцаў, хто яшчэ жыве на гэтым свеце. Сустрэча была б цікавай!

Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

 

Читайте также: