У музеі- госці з ЗША

Трэцяга мая ў Дзятлава завітала сям’я Яленскіх з ЗША. Прыехалі яны на радзіму сваіх продкаў  шукаць карні, якія згубіліся яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны.

Гасцей было трое, усе ўжо немаладыя, за шэсцьдзясят. Дзве сястры- Джэйн і Абі, і муж Джэйн, джэнтльмэн гадоў пад восемдзясят. Яны па водгуках пра наведванне Беларусі гасцей мінулых гадоў знайшлі Тамару Вяршыцкую, былога дырэктара Навагрудскага краязнаўчага музея. А Тамара патэлефанавала мне і папрасіла дапамагі ў пошуках месцаў на Дзятлаўшчыне, з якімі была звязана сям’я Яленскіх.

Прыехалі пасля палудня. Да гэтага часу яны ўжо паспелі пабыць у вёсках Барышына і Зарой Дзятлаўскага паёна. У адной з гэтых вёсак іх продак трымаў карчму. Потым мы паехалі на яўрэйскія могілкі ў Казлоўшчыне. Ад тых могілак застаўся толькі фрагмент, каля дзясятка камянёў. Доўга хадзілі, спрабавалі пачытаць надпісы на іўрыце, якія на некаторых камянях добра захаваліся. Іх цікавіла, ці хто даглядае могільнік. Канешне, абкошваюць. І гэта было відаць па знешнім выглядзе. Але якая арганізацыя гэта робіць, настаўніца гісторыі Казлоўшчынскай школы Вольга  Юр’еўна, што была з намі, адказаць не змагла. Потым паехалі на абеліск, які знаходзіцца ў лесе па дарозе на Слонім. Там пахавана 2800 чалавек, жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці, расстраляных у 1942 годзе. Помнік таксама ў працэсе рэстаўрацыі. Падфарбавана агароджа, пашпакляваны сам абеліск. Яго хутчэй за ўсё ўжо пафарбавалі да 9 мая. Мы патлумачылі гасцям, што да 9 Мая па ўсёй Беларусі праходзіць добраўпарадкаванне помнікаў.

І хоць Яленскія зусім не гавораць на рускай мове, нашым зносінам дапамагала перакладчыца Каця і Тамара Вяршыцкая, якая дасканала валодае англійскай мовай, што-нішто пра іх род удалося распытаць. Яленскія жылі ў некалькіх населеных пунктах Гродзеншчыны- Моўчадзі, Барышыне, Зарой, Казлоўшчыне. Некаторыя члены сям’і выехалі за мяжу да Кастрычніцкай рэвалюцыі, а некаторыя ў трыццатыя гады, усе з цягам часу апынуліся ў ЗША. У эмігрантскіх дакументах значылся, што родам яны з Расіі. І толькі выпадак дапамог даведацца, дзе ўсе ж такі іх радзіма. Калі сям’я пачала шукаць свае карані, каб наведацца на зямлю продкаў, распытвалі  людзей, якія ўжо былі тут. Называлі гарады, якія помнілі ў іх сям’і-Мінск, Пінск. Тады нехта ім сказаў, што гэта не Расія, а Беларусь. Так яны тут і апынуліся. Прыехалі з копіямі сямейных дакументаў, з артыкулам на англійскай мове з мясцовага часопіса, дзе была апісана гісторыя іх сям’і.

Яленскія наведалі яўрэйскія могілкі ў Дзятлаве, прачыталі малітву на магіле доктара Ёскеля Атласа, аднаго з арганізатараў партызанскага руху на Дзятлаўшчыне, яўрэя, што пераехаў з Польшчы ў Казлоўшчыну ў 1939 годзе, пасля таго, як Польшчу захапілі нацысты. А потым доўга хадзілі на плошчы ў Дзятлаве, разглядалі рэшткі яўрэйскіх домікаў. Напрыканцы адбылася экскурсія ў Дзятлаўскі краязнаўчы музей, у залы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне.

Прыемна было сустрэцца з людзьмі, якія пераляцелі акіян, каб дакрануцца да гісторыі свайго роду.

Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

Читайте также: