Сям’я Дварэцкіх з Ізраіля

Дванаццатага мая Дзятлава наведала сям’я Дварэцкіх з Ізраіля, якія ў складзе чатырох чалавек прыляцелі ў Беларусь, каб пабыць на радзіме сваіх продкаў. Адзін з гасцей, дзіцячы ўрач, прыляцеў спачатку з Аргенціны ў Ізраіль, каб разам са сваёй раднёй   дакрануцца да мацэл сваіх блізкіх і сабраць каменьчыкі на яўрэйскіх могілках у Дзятлаве.

Як стала вядома з размовы, госці аказаліся  ўнукамі роднай сястры  Альтара Дварэцкага, вядомага ўсім яўрэям, якія выжылі ў Дзятлаве ў гады Халакосту. Сястра выехала з сям’ёй за мяжу ў 1926 годзе, а малодшы брат застаўся ў Дзятлаве.

Хто ж такі Альтар Дварэцкі? Каб адказаць на гэта пытанне, трэба вярнуцца ў гады акупацыі Дзятлава.

Перад  вайной у Дзятлаве  жыло 2376 яўрэяў — амаль 60% мясцовага насельніцтва. У 1939-1941 гадах у горад прыбыло мноства яўрэйскіх уцекачоў з заходняй і цэнтральнай Польшчы, захопленай Германіяй. Да чэрвеня 1941 года  яўрэйскае насельніцтва Дзятлава ўзрасло  больш чым да 4500 чалавек.

Мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй 3 гады — з  30 чэрвеня 1941 года да 9 ліпеня 1944 года. Адразу пасля акупацыі ваенны камендант Дзятлава загадаў  яўрэям пад пагрозай смерцi прышываць спераду і ззаду жоўтыя нашыўкі на адзенні, без іх яўрэі не мелі права з’яўляцца на вуліцах.

Немцы вельмі сур’ёзна ставіліся да магчымасці яўрэйскага супраціўлення і таму ў першую чаргу забівалі яўрэяў-мужчын ва ўзросце ад 15 да 50. Па гэтай прычыне 23 ліпеня 1941 году каля 120 з найбольш паважаных яўрэяў са спісу, складзенага айнзацгрупай, сабралі на плошчы. Сярод арыштаваных былі Альтар  Дварэцкі, рабін  і Янкель Каплан. За хабар, дадзены паліцаям, удалося вызваліць Дварэцкага і рабіна. Астатніх забралі нібыта на прымусовыя работы, але праз два дні высветлілася, што іх забілі ў лесе каля казармы ў г. Наваградку.

У канцы жніўня 1941 года быў сфарміраваны юдэнрат- яўрэйскае самакіраванне ў гета. Яўрэйскае гета- гэта месца прымусовага перасялення яўрэяў горада Дзятлава падчас акупацыі. У склад юдэнрата ўвайшлі Альтар Дварэцкі, Гірша Віньямовіч, Іегуда Лускі, Мошэ-Мендэль Лейзяровіч, Элі Наваленскі, Давід Сендзяроўскі, Файвель Эпштэйн, Шауль Каплінскі, равін Іцхак Рэйсера  і Берл Рабінові. Шмуэль Кусцін быў прызначаны старшынёй юдэнрата, а Дварэцкі — яго намеснікам. Неўзабаве 37-гадовы Дварэцкі (ён атрымаў адукацыю адваката ў Берліне і Варшаве) замяніў Кусціна ў якасці кіраўніка юдэнрата.

28 лістапада 1941 года яўрэяў Дзятлава прымусілі здаць усе каштоўныя рэчы. Лібэ Геркоўскага абвінавацілі ва ўтойванні золата і застрэлілі на вачах у людзей. 15 снежня 1941 году каля 400 яўрэяў-мужчын адправілі ў працоўны лагер мястэчка Дварэц  на будаўніцтва аэрадрома пад кантролем нацысцкай арганізацыі Тодта.

22 лютага 1942 года нацысты сагналі ўсіх дзятлаўскіх яўрэяў (4500 чалавек) у гета, якое было арганізавана ў раёне сінагогі. Гета было закрытага тыпу, цалкам ізалявана ад знешняга свету, абгароджана драўляным плотам з калючым дротам і кругласутачна ахоўвалася, двое мясцовых паліцаяў заўсёды дзяжурылі каля брамы.

Любыя кантакты з неяўрэйскім насельніцтвам, нават размовы, забараняліся пад страхам смерці, перадача ежы ў гета каралася расстрэлам абодвух бакоў. Тым не менш  мясцовыя  жыхары  знаходзілі магчымасць прыносіць у гета ежу, прадаючы яе за золата, адзенне і іншыя рэчы. Яўрэяў, выводзячы з гета ў калонах на прымусовыя работы, старанна ахоўвалі.

У дамы немцы засялілі па 5-6 сем’яў, многія  сем’і былі падзелены. У кожным пакоі былі вымушаны туліцца па 8 і больш чалавек. Мэбля з дамоў у гета была вынесена, каб змясціць усюды двух’ярусныя ложкі.

Восенню 1941 года, яшчэ да стварэння гета, Альтар Дварэцкі арганізаваў падпольную групу супраціўлення колькасцю каля 60 чалавек. Ён усталяваў сувязі з яўрэямі ў бліжэйшых вёсках, а таксама з групай аператыўнікаў Чырвонай Арміі, якія арганізоўвалі партызанскія атрады ў нашым раёне. Дварэцкі падзяліў групу на 20 ячэек, кожная з якіх складалася з 3-х чалавек. Некаторую  колькасць зброі яны змаглі набыць  яшчэ за месяц да стварэння гета. Каля дзесяці сябраў падпольнай арганізацыі здолелі ўвайсці ў склад яўрэйскай паліцыі гета, каб валодаць аператыўнай інфармацыяў і пры неабходнасці папярэдзіць астатніх.

Група на чале з Дварэцкім ставіла наступныя мэты: збіраць грошы, каб купіць зброю і прынесці яго ў гета; падрыхтаваць запас зброі для нападу на ваенную камендатуру ў тым выпадку, калі немцы пачнуць ліквідоўваць гета.

20 красавіка 1942 года Дварэцкі і 6 яго паплечнікаў былі вымушаны  бегчы ў лес, таму што немцы даведаліся аб іх арганізацыі; сам Альтар Дварэцкі неўзабаве пасля гэтага быў забіты ў засадзе.

Гета ў Дзятлаве было знішчана  ў  выніку двух масавых расстрэлаў вязняў — у красавіку і жніўні 1942 года. У многіх дакументах і сведчаннях ліквідацыя Дзятлаўскага гета вядомая пад назвай «Разня ў Дзятлаве».

На гэтым скончылася гісторыя не толькі Дзятлаўскага гета, але і яўрэйскай абшчыны Дзятлава. Усяго за час акупацыі гітлераўцы замучылі і забілі ў Дзятлаве 5800 яўрэяў. Некалькі соцень яўрэяў змаглі выратавацца і  дажылі да вызвалення ў сямейным партызанскім лагеры. Сёння вядомы няпоўныя спісы забітых яўрэяў Дзятлава. З 3500 забітых прозвішчы 1601 чалавека да цяперашняга часу ўстанавіць не ўдалося.

Сям’я Дварэцкіх наведала Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, музей гімназіі № 1 г.Дзятлава, гістарычны цэнтр горада, дзе праходзіў “Зецельскі фэст”, яўрэйскі могільнік, магілы масавых расстрэлаў яўрэйскага насельніцтва Дзятлава.

Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

Читайте также: