Музей збірае сяброў

Пад такой назвай 26 мая прайшло свята, прысвечанае 520-годдзю  горада. Дзятлаўчан і гасцей райцэнтра запрасілі на ноч у музеі. Тут аматары гісторыі змаглі даведацца пра паходжанне назвы нашага горада, сустрэцца з вядомымі гістарычнымі дзеячамі, наведаць музей пад адкрытым небам і горад майстроў, паслухаць песні і вершы пра Дзятлава.

Свята адкрыла тэатралізаванае прадстаўленне “Старонкі гісторыі Дзятлава”. Пра важныя падзеі з гісторыі мястэчка прысутным расказвалі Канстанцін Астрожскі і яго жонка Аляксандра, Казімір Леў Сапега, вучоны муж-ністорык, Мікалай Радзівіл. Звярнуліся расказчыкі і да трагічных старонак гісторыі – падзеяў Вялікай Айчыннай вайны. Пагаварылі і пра наш час, а заадно прапанавалі гасцям свята прадэгусціраваць сыр пад брэндам “Сырная страна”, які выпускае ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”.

На паэтычным конкурсе “Табе, Дзятлава, прысвячаецца” свае вершы чыталі Юлія Салаш, Віялета Шэлег, Данііл Івашэвіч, Ксенія Калодзіч, Юлія Ляўковіч, Лідзія Нічыпар, Георгій Шундрык, Раіса Лакіза, Вера Хрышчановіч, а Ілья Панько сачыніў і праспяваў песню. Прысутныя з дапамогай галасавання вызначылі лепшых паэтаў. Імі сталі Вера Хрышчановіч, Ілья Панько, Раіса Лакіза.

Тым часам для навучэнцаў чацвёртых класаў сярэдняй школы №1 горада Дзятлава ў музеі ладзіўся квэст “Свістаць усіх у музей”.

Іншым удзельнікам свята таксама прапанавалі ўключыцца ў інтэрактыўную праграму “Гуляем і весялімся”.

Пасля цікавых і дынамічных конкурсаў весяліць публіку прадоўжылі ўдзельнікі ансамбля “Вербіца” Лідскага музычнага каледжа. Затым дзятлаўчан і гасцей райцэнтра запрасілі на майстар-клас па старадаўніх танцах, якія любілі нашы продкі. Жадаючыя з дапамогай інструктара вывучылі рухі і станцавалі лысага, польку, гапака.

Завяршыла святочную праграму яркае,  запамінальнае фаершоу ад лідскай фаер-брыгады “Вогненыя Вораны”.

 

Читайте также: