Мікалай Фаўстын Радзівіл: што мы ведаем пра яго?

Напэўна, не кожны дзятлаўчанін ведае, што ў нашым касцёле захоўваецца сэрца аднаго з уладальнікаў Дзятлава — Мікалая Фаўстына Радзівіла. Некаторыя лічаць гэты факт легендай, але ў кожнай легендзе ёсць доля ісціны. Хто ж такі Мікалай Фаўстын Радзівіл і чаму яго цела захоўваецца ў Нясвіжскім замку, а сэрца ў Дзятлаве?

Князь Мікалай Фаўстын Радзівіл нарадзіўся  21 мая 1688 года ў Дзятлаве. Ён дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, мечнік вялікі літоўскі, пазней — ваявода наваградскі (1729-1746), генерал-лейтэнант (1725).

Прадстаўнік княскага роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын канцлера вялікага літоўскага Дамініка Мікалая Радзівіла (1653-1697) і яго першай жонкі князёўны Ганны Марыяны Палубінскай, буйны землеўладальнік, ён вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. Пасля смерці бацькі ў 1697 годзе апеку над ім і малодшым братам Міхалам Антоніем атрымаў старэйшы брат Ян Мікалай. У 1699 годзе са старэйшымі братамі паехаў за мяжу. Вучыўся ў Парыжы. У 1704 годзе вярнуўся на радзіму. Атрымаў у спадчыну староства Ковенскае. У перыяд Вялікай Паўночнай вайны са шведамі быў на баку Аўгуста II Польскага. Удзельнічаў у якасці пасла (дэпутата) у многіх соймах (1718, 1720, 1722, 1726). У 1721 г. падпісаў у Мінску пагадненне паміж Янам Салагубам, падскарбіем вялікім літоўскім і Міхалам Радзівілам Рыбанькам. Шмат увагі надаваў літоўскаму войску. Нейкі час выконваў абавязкі камандуючага войскамі Вялікага Княства Літоўскага.

З 1729 года — ваявода наваградскі. Пасля смерці Аўгуста II выступаў супраць абрання канфедэрацыяй вялікапольскай шляхты каралём Станіслава Ляшчынскага, яго пазіцыю падтрымаў брат жонкі — Ігнат Завіша.

Будучы прыхільнікам абрання на трон Аўгуста III, спадзяваўся на атрыманне новых ваенных пасад для сябе і сваіх сыноў.

Улічваючы тое, што шматлікія маёнткі Радзівіла і яго жонкі Барбары былі абцяжараны буйнымі абавязкамі, іх сямейства не належала да ліку найбагацейшых ў ВКЛ. Найважнейшым маёмасным набыццём пры жыцці Мікалая Фаўстына Радзівіла лічыцца горад Бердзічаў на Украіне.

У 1740 годзе ахвяраваў сродкі на пабудову новага будынка манастыра сакраментак пры касцёле св. Казіміра ў Варшаве, у які пастрыглася  яго дачка Ганна Катажына.

Пасля пажару 1743 года ім адбудаваны ў Дзятлава касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі.  Пасля смерці мужа скончыла працу яго жонка ў 1751 годзе.

Быў чалавекам адукаваным і начытаным. Аўтар некалькіх прац па гісторыі свету і народаў Еўропы, публіцыстычных твораў. Апублікаваныя былі толькі яго кароткія апісанні барацьбы з гайдамакамі і аб вынаходстве сынам Удальрыкам  машыны для ачысткі стаўка, азёр і рэк ад багавіння і пустазелля.

Радзівіл памёр у Дзятлава 2 лютага 1746 года і быў урачыста пахаваны ў радавой пахавальні ў Нясвіжы, а яго сэрца — у Дзятлаўскім касцёле Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі. Захаваўся вельмі рэдкі ўзор надмагільнага партрэта,  які змешчаны на тарцы труны. Напісаны алеем на метале каля 1746 года. Радзівіл намаляваны па пояс, у панцыры і плашчы, падбітым гарнастаем, з ордэнскім крыжом.

Згодна з інфармацыяй, прадстаўленай Нясвіжскім музеем-запаведнікам, згадка пра тое, што сэрца Мікалая Фаўстына Радзівіла знаходзіцца ў Дзятловском касцёле, знойдзена ў «Польскім слоўніку біяграфічным» Эвы Шклярскай, а таксама ў кнізе А.Т.Федарука «Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны» (Мінск, “Беларусь”, 2014 год), дзе гаворыцца пра тое, што сэрца  М.Ф.Радзівіла, а таксама яго сына Ежы было змешчана ў спецыяльны шкляны посуд і знаходзілася ў нішы касцёла, дзе меўся надпіс і партрэт М.Ф.Радзівіла.

Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также: