«Англічанка на Крэсах»

Так назвала сваю кнігу Ірэна Бохвіц-Радван, адна з уладальніц маёнтка Янаўшчына ў Дзятлаўскім раёне. Пра кнігу і яе аўтара ў нашым музеі даведаліся выпадкова. Неяк перад новым годам на электронку музея прыйшоў ліст ад Тадэвуша Таноны з Граньска, у якім ён пісаў, што мае вышэйназваную кнігу, і прасіў даслаць інфармацыю аб тым, што засталося ад маёнтка Янаўшчына зараз, ці маецца ў музеі якая-небудзь інфармацыя пра яго гаспадароў.

Мы адказалі на яго пісьмо, пацікавіліся кнігай. Ён паабяцаў даслаць кнігу нам. І даслаў. Кніга была на польскай мове, надрукавана дробным курсівам амаль на чатырыста лістоў. Пачалі меркаваць, каго б папрасіць прачытаць яе, ды яшчэ так прачытаць, как пазначыць асноўную інфармацыя, выдзеліць самыя цікавыя факты. Спыніліся на Ламака Анжэле (зараз яна пані Грудкоўска), нашай зямлячцы, што замужам у Польшчы і добра валодае польскай мовай, нават дае прыватныя ўрокі мовы па скайпе. Нам пашанцавала: Анжэла якраз прыехала ў Дзятлава з мужам, нехта з работнікаў музея бачыў іх машыну каля дома. Напісала Анжэле на фэйсбук, яна тут жа адказала на зварот і завітала ў музей. Згадзілася ўзяць кнігу  да наступнага прыезду дадому, прачытаць і зрабіць адзнакі да зместу: пазначыць старонкі, дзе пра што напісана.

І вось на пачатку чэрвеня кніга вярнулася ў музей, на трох лістах Анжэла пазначыла самыя цікавыя старонкі, на якія трэба звярнуць увагу і якія раскрываюць самыя важныя падзеі з жыцця сям’і  Бохвіцаў, апошніх уладароў маёнтка Янаўшчына. І хоць ваша пакорная служка не вялікі знаўца польскай мовы, аднак разабраць некалькі старонак нашмат лягчэй, чым усю кнігу.

Давайце пачнём з назвы. Чаму англічанка? Ды таму, што ў яе былі англійскія карані, да 1914 года жыла ў Расіі, дзе і пазнаёмілася з Люцыянам Бохвіцам. Калі пачалася Першая сусветная вайна, Ірэне ўдалося выехаць у Англію. Пазней, ужо пасля грамадзянскай вайны і ўсталявання польскай акупацыі ў Заходняй Беларусі, Люцыян знайшоў яе і прапанаваў стаць жонкай. Узаконілі яны свой шлюб у Варшаве ў 1924 годзе.

І яшчэ адно слова ў назве- Крэсы. Крэсы перакладаецца як “ўскраіны”. Крэсы ўсходнія ― тэрмін у польскай гістарыяграфіі, які азначае беларускія, украінскія і літоўскія землі, што часова апынуліся ў складзе польскай дзяржавы II Рэчы Паспалітай. У беларускай гістарыяграфіі гэтыя тэрыторыі вызначаюцца як Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. Слова Крэсы ў дачыненні да тэрыторыі, на якой жыла сям’я Бохвіцаў да Другой сусветнай вайны, узгадваюцца пастаянна.

Як жа сям’я апынулася на гэтых самых Крэсах?  Ірэна піша так:” Пасля шлюбу муж захацеў вярнуцца ў Янаўшчыну, у свой маёнтак. Быў ён вельмі ўпарты, сказаў, што належыць да Крэсаў, тут зямля яго продкаў, і ён з сям’ёй таксама будзе тут жыць.  Так Янаўшчына стала нашым другім домам”.

Ірэна расказвае, як  яны ехалі да месца жыхарства. Узгадвае Наваельню, дзе тады знаходзілася чыгуначная станцыя . “ Ехалі да Наваельні цягніком,- піша яна ў сваёй кнізе.- Гэта аказаўся вельмі прымітыўны і маленькі цягнік, яго моцна трэсла. Будынак станцыі быў драўляны, нявідны, але абед там з’ела смачны, пакуль некалькі гадзін чакала. На станцыі можна было пакінуць багаж і прайсціся трошкі па Наваельні. Калі прыехала ўпершыню, нават не думала, што гэты дзіўны дзікі край можа калі-небудзь стаць маім домам, а Наваельня стане той станцыяй, з якой буду выязджаць і на якую буду вяртацца”.

Першую сустрэчу з Янаўшчынай яна апісвае зімой. “Зіма- несканчоная, бліскучая бель, прыемны холад. Палі азіміны адпачываюць пад тоўстым мяккім пластом снегу. Мяцеліцы заносяць усё навокал. Лясы цалкам патанаюць у снезе да самай вясны. Сонца свеціць нядоўга, пасля обеду садзіцца за лес, у яго  промнях відаць купалы старога касцёла ў мястэчку. Прыгожа”.

Ёй, гарадской паненцы, давялося ў Янаўшчыне займацца гаспадаркай, кіраваць парабкамі, разбірацца ў доглядзе кароў і свіней. Спачатку не вельмі атрымлівалася, але вопыт, пры жаданні, заўсёды прыходзіць. Як вялася гаспадарка, якія былі цяжкасці, што вырошчвалі, куды збывалі- пра ўсё гэта піша Ірэна ў сваіх успамінах.

З кнігі пані Бохвіц можна даведацца, як жыла польска-беларуская шляхта да 1939 года, чым займалася і як адносілася да тагачаснай міжнароднай абстаноўкі. Некалькі разоў Ірэна ўпамінае Міроўшчыну, дзе жылі паны Стравінскія, расказвае пра свайго цесня, Люцьюша Бохвіца: “Цесць меў незвычайны дар- мог размаўляць з кожным чалавекам шчыра і адкрыта, жанчынам штохвілінна цалаваў ручкі, казаў кампліменты, а яны потым расхвальвалі яго да нябёсаў. І мне было з ім утульна і спакойна. І нават даенне кароў, за якім павінна была наглядаць, не выклікала непрыемных пачуццяў. І хоць ніколі ад клопатаў не было спакою, у многім дзякуючы цесцю любіла гэты мой польскі дом. Мой цесць быў старшынёй апеляцыйнага суда ў Вільні і вельмі паважаным чалавекам у той частцы Польшчы. Як суддзя быў строгі, але справядлівы, ніякі адвакат не мог яго пераканаць, калі ён быў упэўнены ў сваёй праўдзівасці. Быў  патрыётам сваёй краіны і непадкупным юрыстам”.

Давайце пройдземся па некалькіх старонках успамінаў Ірэны Бохвіц, каб вярнуцца ў той час, у месца, ад якога сёння і следу не засталося.

 

 

Імяніны і імянінны стол

Польскія імяніны- гэта вельмі важная падзея,  у гэты дзень наладжвалася сапраўднае свята. Свякроў Ірэны адзначала імяніны ў дзень Святога Казіміра разам з імянінамі свайго мужа і сына, а пазней яшчэ і ўнука Максіміліяна Люцыяна, чацвёртага ў мужчынскай галіне. Муж Ірэны казаў, што ў маладосці яго маці была скупаватая, але з цягам часу навучылася прымаць гасцей. Стол  ўгінаўся пад цяжарам талерак з нарэзанай шынкай, языкамі, кілбасамі, салёнымі селядцамі ў памідоравым соўсе, сардзінамі і шпротамі, яйкамі ў маянэзе, грыбамі, шніцалямі, запяканымі ў смятанным соўсе. На асобным століку стаялі невялікія кілішкі з віном, гарэлкай і вермутам. Па польскім звычаі, госці размяшчаліся дзе хто хацеў, абслугоўвалі іх гаспадары. Станіслаў, у белым пінжаку і рукавіцах,  паружавелы і прывабны, кроіў мяса і накладаў на талеркі, а таксама ўкрыгожваў рознымі прыправамі. Ён ведаў усіх гасцей, вёў з імі размовы, прапаноўваў тую ці іншую страву. У канцы ўсе сядалі за стол на вячэру. За сталом панаваў вясёлы настрой, гумар, госці размаўлялі. Размовы вяліся свабодна на польскай, рускай, французскай і англійскай мовах, нават  час ад часу хтосьці расказваў нямецкі анекдот.

 

“Бандыты” і мястэчка

Так называлі невялікую вёску, дзе ў часы безуладдзя, адразу пасля Першай сусветнай вайны, жылі  бандыты, што аселі ў сваёй радні. Калі наладзіўся парадак, бандыты сталі фермерамі, вырошчвалі жывёлу. Недалёка ад маёнтка знаходзілася мястэчка. Да мястэчка вяла алея, абсаджаная дрэвамі. Выязджалі ў мястэчка па справах звычайна на вазку праз цэнтральную браму. Фурманам быў Філарчук, якога Ірэна ўспамінае ў кнізе некалькі разоў. Дарога ішла каля могільніка, на кронах высокіх дрэў было шмат вароніных гнёздаў, вароны ўзляталі над могільнікам і страшэнна моцна каркалі. Сам могільнік быў пануры і занядбаны. Мястэчка ранкам было ціхім, вуліцы пустымі, і толькі стукат капытоў будзіў соннае царства. На рынку стаяла некалькі яўрэяў, іх добра было відаць здалёк дзякуючы спецыфічнаму адзенню. Яны чакалі аўтобуса. Сцены касцёла здаваліся вельмі светлымі ў промнях сонца, а ўсёвідушчае вока, намаляванае над уваходам, паглядала на ціхае мястэчка.

 

Дажынкі

Адзначалі вельмі пышна, на двары маёнтка. Выносілі сталы, ставілі на іх  паўміскі з каўбасамі, квашанымі агуркамі, белым і чорным хлебам, размяшчалі мноства бутэлек з гарэлкай і півам. Першымі на веранду прыходзілі дзяўчаты і пачыналі спяваць. Адна з іх казала пажаданне гаспадарам, зычыла шчасця і дабрабыту і падносіла вянок з кветак і каласоў. Люцыян дзякаваў, таксама жадаў усім шчасця. Дзяўчаты зноў зачыналі песню, а мужчыны чакалі. У канцы гаспадары запрашалі ўсіх да сталоў, гаспадар пачынаў частаваць усіх і казаць тосты. Калі добра падпілі і наеліся, моладзь захацела патанцаваць. Для гэтага былі запрошаны музыкі. Гаспадар першы пачаў танцаваць з найпрыгажэйшай дзяўчынай. Да іх далучыліся іншыя. Ірэна і дзеці доўга дзівіліся на танцы, а потым пайшлі адпачываць. А забава працягвалася яшчэ доўга, была вельмі вясёлай і гучнай. Прыйшлі хлопцы і дзяўчаты з суседніх вёсак. Музыкі гралі не стамляючыся, цэлую ноч, рабілі сабе толькі кароткія адпачынкі.  Гэта было ў суботу, а ў нядзелю ўсе спалі доўга. Толькі ў панядзелак работнікі вярнуліся да сваіх звычайных спраў.

 

Дзеці Ірэны і Люцыяна

Старэйшым дзіцем у сям’і быў сын Люцый. У 1932 годзе яму споўнілася сем гадоў, таму бацькі нанялі для яго гувернантку панну Жазефіну, якая павінна была заняцца яго адукацыяй і выкладаць прадметы па праграме пачатковай школы, вызначанай Міністэрствам адукацыі. Да таго часу яго вучылі чытаць на англійскай мове, каб мог гаварыць свабодна на дзвюх мовах. Для гэтага Ірэна кожны вечар чытала дзецям кнігі на англійскай мове. А яшчэ купіла для дзяцей вялікі каляровы геаграфічны атлас, які яны часта разглядалі і меркавалі, да каго з англійскай радні маглі б паехаць пагасцяваць. Яны мелі радню ў Англіі, Егіпце, Канадзе, Індыі і Афрыцы і падарожнічалі па атласе праз моры і акіяны. А часам уяўлялі, што спыняюцца ў пэўным месцы, знаёмяцца з людзьмі і прыродай. Гэтыя завочныя падарожжы вельмі падабаліся дачцэ Тэрэсе.  Аднойчы ў Янаўшчыну прыехаў брат Ірэны Крайтан з Індыі. Калі Тэрэса даведалася пра гэта, адразу крыкнула:

  • А ці можа ён прывесці мне маленькую малпачку? Так бы хацела, каб малпачка жыла ў дзіцячым пакоі.
  • Сонейка маё,- адказала Ірэна,- малпачкі жывуць там, дзе заўсёды лета. У нас жа мароз і халодны вецер, малпачка загіне.
  • Добра,- сказала дзяўчынка,- тады хачу ўласнага плюшавага мішку.

Дзеці разумелі, што англійская мова не была іх роднай мовай, але вывучалі з жаданнем, асабліва пасля таго, як ў Янаўшчыну прыехаў іх кузен Серж, які жыў у Англіі. Ён пачаў размаўляць з дзецьмі па-англійску, а яны  адказвалі яму па-польску. Ён жа польскай мовы ўвогуле не ведаў.

 

 

 

Філарчук і Сафія Андрэеўна

Гэта прозвішча не раз згадваецца ва ўспамінах Ірэны. Па ўсім відаць, ён быў фурманам у маёнтку, вазіў гаспадароў па розных патрэбах, даглядаў коней.

Ірэна піша:”Выязджалі ў мястэчка заўсёды хутка. Фурман ехаў асцярожна. Быў паслухмяны, дакладна выконваў нашы загады. Адносіўся да гаспадароў вельмі цёпла, як і мы да яго”.

Сафія Андрэеўна была служанкай у сям’і. Яна клапацілася пра парадак, своечасовую падачы ежы, пра тое, каб былі зроблены ўсе закупы, каб сям’я ні ў чым не мела патрэбы. Гаспадыня расказвае, што яны з Сафіяй гаварылі на розных мовах, але вельмі добра разумелі адна адну: Сафія Андрэеўна, хоць некаторы час і жыла ў Польшчы, не магла размаўляць па-польску, а Ірэна, якая таксама жыла ў Расіі да рэвалюцыі і крыху ведала рускую мову, ўжо забылася і не магла гаварыць па-руску, а толькі добра разумела.

 

Аўторак- дзень базарны

У базарны дзень Філарчук адвозіў пані ў мястэчка. Спыняліся каля магазіна Дварэцкага. Тут ужо стаялі фурманкі з розным таварам: былі драўляныя балеі для мыцця бялізны, дубовыя бочкі для мукі, бочкі для салення шынкі і квашання капусты, сіты, калаўроты і драўляныя лыжкі— усё, што мужчыны выраблялі зімовымі днямі, калі не было пільнай работы на палях.

Яўрэі з мястэчка выстаўлялі на продаж гліняныя гаршкі і міскі. Выраблялі гэта і абпальвалі на сваіх жа падворках. Старыя вясковыя жанчыны прадавалі яйкі і курэй, а яўрэйскія жанчыны з імі таргаваліся, каб танней купіць любімыя прадукты харчавання. Яўрэйкі гаварылі моцна, пісклявым голасам са спецыфічным акцэнтам. Яны былі расхрыстаныя, апранутыя неакуратна, нібы толькі прачнуліся. Вясковыя ж жанчыны былі апрануты ў чыстыя новыя блузкі, а на галовах былі завязаны беласнежныя белыя хусткі. Для іх дзень гандлёвы быў як дзень святочны. Яны павінны былі  ў гэты дзень устаць рана, падаіць карову, накарміць свіней і курэй. Але паспявалі і сябе прывесці ў парадак. Многія з іх ахвяравалі на продаж даматканае палатно, з якога шылі кашулі і блузы, а некаторыя гараджане куплялі яго на кухонныя абрусы. Грубую тканіну выкарыстоўвалі на мяхі для збожжа і мукі.

Да Ірэны падышоў яўрэй Лейба і запытаў, ці мае пані на продаж быка, паабяцаў, што дасць за яго добрыя грошы, як за тры каровы. Лейба добра ведаў, што Бохвіцы павінны хутка плаціць падаткі  і ім патрэбны грошы, таму меркаваў трохі выйграць на гэтым. Але Ірэна адказала яму:

-Прадаваць быка вясной неразумна. Ён пасля зімы мала важыць. Будзем прадаваць пазней.

Лейба ўсміхнуўся і пайшоў следам за кабетай, якая вяла карову праз тлумны натоўп.

Ірэна папрасіла Філарчука, каб купіў ёй некалькі збанкоў для малака, ніколі не было іх удосталь, бо заўсёды біліся. Ён выбраў збанкі, прынёс паказаць Ірэне, а калі яна выбрала, пайшоў яшчэ купіць булкі для снядання. Непадалёку таргавалі жывёлай: свіннямі, каровамі, авечкамі. Яўрэі і вяскоўцы таргаваліся голасна, эмацыянальна, тапталіся так, што снег пад іх нагамі ператвараўся ў балота. Таргаваліся, прыходзілі да згоды, разлічваліся і на развітанне паціскалі адзін аднаму руку.

Свіней скуплівалі купцы з Польшчы, якія везлі іх вагонамі ў Познань, дзе знаходзіўся каўбасны цэх. Там з тушак рабілі бекон, які ўжо пасля везлі ў Англію. Там зараблялі на ім добрыя грошы.

Ірэна некалькі разоў успамінае краму Дварэцкага і самога яўрэя-крамніка. Так яна расказвае, што яўрэй угаворваў панскіх дзяцей купляць у краме на павер, каб потым маці ці тата былі вінаватыя яму грошы. Ведаў, што тыя абавязкова расплоцяцца. Аднойчы Люцый захацеў фотаапарат, узяў яго у краме. Калі Ірэна прыйшла разлічвацца, яна выказала яўрэю сваю незадаволенасць, сказала, што яны захапілі ўвесь гандаль у мястэчку, праз іх ніводзін паляк не можа заняцца гандлем. Раней у мястэчку былі дзве польскія пякарні, а зараз іх выцеснілі яўрэі і адчынілі свае. І бохан чорнага хлеба купіць немагчыма. Пасля той размовы Дварэцкі больш не прапаноўваў Люцыю свой тавар.

 

Бурмістр Дзятлава

Ірэна піша, што першы бурмістр Дзятлава Фрэдак быў вельмі мілым і прыемным чалавекам, яго любілі ўсе памешчыкі, часта запрашалі ў госці. Ён расказваў цікавыя жыццёвыя гісторыі, часта нават перабольшваў, але гэтыя расказы ўспрымаліся досыць натуральна. Часта бываў у доме Бохвіцах, умеў знаходзіць агульную мову з іх сынам Люцыям. Але перад вайной ён выехаў. На вольнае месца бурмістра быў выбраны іншы.  Выбіралі яго ў асноўным яўрэі, якіх тады ў мястэчку была вялікая колькасць, але і  польскамоўнае насельніцтва адносілася да бурмістра добра, і ён займаў сваю пасаду даволі доўга. Ды і не было жадаючых на месца бурмістра, прапаноўвалі нават Люцыяну Бохвіцу, але той адмовіўся, бо пасада вымагала вялікіх выдаткаў сіл і часу, а яшчэ не задавальняла тым, што было шмат буракратызму і папяровых спраў.

 

Палякі і беларусы

Ірэна разважае таксама і пра адметнасць мясцовых жыхароў, аднак звязвае гэту адметнасць найперш з рэлігійнасцю. Так адзначае, што ў вёсках, дзе пераважалі палякі (каталікі), было больш парадку, людзі жылі больш цывільна, хадзілі да касцёла, прытрымліваліся традыцый. У праваслаўных вёсках, па яе меркаванні, такога парадку не было. Яна тлумачыць гэта тым, што праваслаўная рэлігія была гвалтоўна насаджана Расійскай Імперыяй для ўтрымання акраін у паслушэнстве, таму народ таксама ўспрымаў яе як сродак ачмурэння свядомасці, а не як тое, што нясе святло і дабро народу.  Каталікі ж супраціўляліся расійскай вялікадзяржаўнай ідэалогіі, захоўвалі свае традыцыі, гаварылі і пісалі па-польску, адчынялі пры касцёлах школы для беднякоў. Аўтарка ўспамінаў таксама звяртае ўвагу на тое, што члены многіх сем’яў былі рознай рэлігійнай прыналежнасці, пры шлюбе часта пераходзілі з адной канфесіі ў другую. Сярод нацыянальнасцей, што жылі на тэрыторыі тагачаснай Дзятлаўшчыны, вылучае беларусаў, палякаў і літоўцаў.

 

Каляды

Перад Калядамі сям’я часта выбіралася ў Вільню, дзе жылі мама і тата Люцыяна. Ехалі адведаць бацькоў і зрабіць такія-сякія закупы. Думалі пра тое, каб арганізаваць свята Божага Нараджэння ў маёнтку. Дзеці мелі не так шмат радасці, ужо паўгода чакалі свята,  і яго трэба было арганізаваць як належыць. Ды і дзеці суседзяў з задавальненнем прыязджалі да іх на свята, бо ім гаспадары заўсёды рыхтавалі падарункі.

Ехалі ў Вільню на цягніку. Спыніліся ў атэлі, на другі дзень з самага ранку зрабілі закупы, а пасля абеду пайшлі да бацькоў Люцыяна. У мамы мужа быў рэўматызм, яна не выходзіла з дому цэлымі тыднямі. У Вільні бацькі мелі добрую кватэру, якая выходзіла вокнамі на раку.  На адным з берагоў ракі у вельмі прыгожым месцы стаяла праваслаўная царква. Маці Люцыяна любіла сядзець каля акна і назіраць, як людзі ідуць на службу і са службы.

Ірэна таксама любіла Вільню, з усіх гарадоў, якія яна ведала, ёй найбольш падабаліся Вільня і Эдынбург. У Эдынбургу замак стаяў на самай гары, а ў Вільні- на зялёным узгорку, што таксама вельмі прываблівала. Там гулялі дзеці са сваімі апякункамі і ў добрае надвор’е было вельмі людна.

У час свята Нараджэння Хрыстова арганізавалі для ўсіх дзяцей з ваколіцы маёнтка забавы з музыкай і танцамі. А ў свята Трох Каралёў дзеці завіталі ў маёнтак. Збіраліся на кухні, распраналіся і праходзілі ў пакой. З нагоды свята і стол быў накрыты па-святочнаму: смачная выпечка і каўбаскі, міскі джэму і вазы з яблыкамі. Гарачая какава выпускала пару з кафейніка, пастаўленага на каміне, а для мам была гарбата. Апетыт у дзяцей быў добры: за колькі хвілін сталы сталі пустымі —  і дзеці ўсталі. Ірэна запаліла свечкі ў суседнім пакоі і запрасіла туды дзяцей. Дзеці нясмела пайшлі за ёй. Там кожны атрымаў падарунак. Потым пачаліся танцы. Дзеці на працягу святак збіраліся ў маёнтку амаль кожны дзень.

 

Смерць дачкі

Была зіма. Нападала шмат снегу, стаялі невялікія марозы. Дзеці пасля заняткаў з гувернанткай пані Ганнай часта выходзілі на вуліцу пазабаўляцца. Аднаго разу пасля снежных забаў Тэрэсе стала дрэнна. Выклікалі ўрача. У Тэрэсы паднялася тэмпература, моцна балела галава. Урач паглядзеў дзяўчынку, выпісаў лекі. Пад раніцу ёй стала зусім дрэнна. Ірэна пабудзіла мужа. Яна патрабавала, каб ехаў у мястэчка  па іншага доктара, па дзядзьку Івана Малкевіча. Яна давярала толькі яму. На вуліцы была мяцеліца, але коней усё роўна запрэглі і паехалі. Доктар  прыехаў хутка. Паглядзеў дзяўчынку і сказаў, што тэрмінова трэба везці ў Вільню да спецыяліста, у дзяўчынкі хутчэй за ўсё менінгіт.  Тэрэса ведала доктара, таму была вясёлай, размаўляла з ім. Доктар прасядзеў з дзяўчынкай усю ноч, а раніцай вырашылі  ехаць да Наваельні, а там цягніком да Вільні.

У Вільні паехалі спачатку да бабкі, а потым у шпіталь на Антаколі, у прадмесці горада. У суседняй палаце ляжаў хворы хлопчык, які моцна крычаў. Ён быў маленькі, без мамы. Тэрэса вельмі яго шкадавала і хацела наведаць раніцай, але не паспела. Хлопчык памёр. Пад вечар Тэрэсе таксама стала горш. Яна ўжо слаба гаварыла, толькі  ціха паклікала маму і сказала, што хоча яе пацалаваць. Больш яна нічога ўжо не сказала. Дачка памірала некалькі дзён. Увесь час побач з Ірэнай быў муж. Яны начавалі ўшпіталі, дзяжурылі па чарзе. Але выратаваць дзяўчынку ўрачам не ўдалося.

 

Канец 30-х гадоў

Калі пачалася вайна ў Еўропе і Германія напала  на еўрапейскія краіны, уладальнікі навакольных маёнткаў занепакоіліся, часцей пачалі збірацца, абмяркоўваць, што рабіць далей. У сям’і Бохвіцаў былі ўпэўнены, што мір і спакой у Еўропе можа забяспечыць толькі Англія і ў выпадку нападу немцаў паратунак можна знайсці толькі там.

Аднойчы ў маёнтку пачулі голас Гітлера. Ірэна слухала па радыё гэты істэрычны, самазадаволены голас і нібы разумела ўсё, што ён гаварыў. Ёй нават не патрэбны быў пераклад, які рабіў муж, абняўшы яе за плечы. Яна разумела адно: гэты чалавек пазбавіць іх усяго.  Здавалася, што ў тую хвіліну ён упіваецца ў яе і высмоктвае ўсю кроў. Голас у канцы прамовы закрычаў: “На Польшчу! На Польшчу!”.

У 1939 годзе пачалася мабілізацыя. Хлопцаў забіралі ў армію аператыўна, не давалі нават апамятацца. Прыносілі позвы, збіралі на  рынку, а потым аўтобусамі везлі ў Навагрудак.

Напэрэдадні верасня 1939 года пачаўся ажыятаж найперш у местачковых крамах. Спачатку скупілі ўсю соль, бо помнілі, што ў час Першай сусветнай вайны соль была ў страшэнным дэфіцыце. Яўрэі-крамнікі выкарысталі момант, каб добра зарабіць на гэтым- паднялі цану на соль. Потым людзі пачалі скупліваць усё, што трэба і не трэба ў гаспадарцы. Ірэна ўспамінае, як адна кабета накупляла шмат аднолькавых панчох, бо не было ўжо чаго купляць у крамах.

Ірэна непакоілася пра тое, куды дзеці пойдуць у школу, як  весці зараз гаспадарку, ці можна спагнаць тыя грошы, якія вінаваты ім варшаўскі малочны завод. Ахоплівала  адчуванне, што ўсё развальваецца, гіне. Крыху пазней было аб’яўлена, што школы адчыняцца з 11 верасня.

 

 

 

17 верасня 1939 года

Напэрэдадні з мястэчка вярнуўся Філарчук. Ён расказаў, што ў мястэчку неспакойна, паліцыя збегла, улады няма. Людзі чакаюць прыходу бальшавікоў, ніхто нічога не ведае. І Бохвіцы вырашылі ехаць. Кідаць гаспадарку, маёнтак было вельмі шкада, але другога выйсця не бачылі. Думалі пра сына, пра яго будучае. Што магло іх чакаць тут. Канфіскацыя маёмасці, прыніжэнне? Хутчэй за ўсё. На цягнікі і аўтобусы не стадзяваліся, рушылі коньмі. Спачатку — да Навагрудка, а потым — да Вільні. У Вільні можна спыніцца ў дзядзькі, а потым ужо вырашыць, што рабіць далей. Ды і мясцовых жыхароў асцерагаліся, не ведалі, як будуць сябе паводзіць людзі, калі не стане паліцыі і ўлады. Ірэна ведала, што крыўды на іх вяскоўцы не мелі, кожнаму ў маёнтку стараліся дапамагчы, нікому не адмаўлялі ў працы, але чалавечая душа, як кажуць, рэч непрадказальная. Калі выязджалі і развітваліся з работнікамі, то ўсё, што не змаглі ўзяць з сабой (а бралі толькі самае неабходнае), раздалі парабкам: прадукты харчавання, соль, рэчы, кармы для жывёлы, зерне. Людзі развітваліся з панамі са слязьмі на вачах. Ірэну такія адносіны  парабкаў вельмі ўзрушылі. Філарчук хацеў везці паноў да Вільні, але яго жонка так плакала, не пускала яго, асцерагалася, што ён не адважыўся ёй пярэчыць. Павёз малады фурман, нежанаты хлопец.

Па дарозе на Навагрудак сустрэліся са старастам з суседняй вёскі, які папярэдзіў, што ехаць коньмі небяспечна, побач бачылі чырвонаармейцаў. Граніцы каля Стоўбцаў ужо няма, войска рухаецца на захад. Калі ёсць грошы і каштоўныя рэчы, могуць канфіскаваць, а саміх арыштаваць. Лепш за ўсё кіравацца да Ліды, а там цягніком паспрабаваць даехаць да Вільні. Так і зрабілі. І хоць непакоіліся, як успрыміць усё сын, пазней убачылі, што для яго гэта было простай прыгодай. Ірэна супакоілася. Сын зараз быў для яе сэнсам жыцця, асабліва пасля таго, як нечакана памерла дачка.

 

Уцёкі

З горам і бядою ўдалося даехаць да Вільні. Па дарозе і потым дапамагалі людзі: заўсёды знаходзяцца добрыя і бескарыслівыя людзі, на якіх нечакана для сябе можна спадзявацца. На граніцы давялося аддаць  некаторыя дарагія рэчы, каб прапусцілі без перашкод. Так Ірэна аддала свае пярсцёнкі, што насіла шмат год на руках не здымаючы. Але што такое пярсцёнкі, калі вырашаецца лёс цэлай сям’і?  Калі перасякалі граніцу, было вельмі балюча. Успамінала словы мужа пра тое, што гэта іх край, край, дзе жылі продкі, кроўная зямля. Спадзяваліся тут жыць заўсёды, а атрымалася зусім не так. Наперадзе невядомасць. Што яна прынясе: выратаванне, збавенне ці пагібель? Хто мог зараз гэта ведаць?  Яшчэ з адным дарагім мужу прадметам давялося расстацца- з шабляй. Шабля была з надпісамі, з указаннем вайсковага  звання Люцыяна, з выгравіраваным прозвішчам. Але на граніцы шаблю забралі. Ну што ж, Бог і так  мілаваў іх сям’ю. Неўзабаве апынуліся ў Літве, дыхалі ўжо вольным паветрам.

 

Англія

Апынуўшыся ў Вільні, на некаторы час затрымаліся ў кватэры цесця, які памёр у мінулым годзе. Ірэна настойвала, каб любым спосабам дабіцца пераезду ў Англію. Спачатку трапілі ў Коўна, там можна было аформіць дакументы. Звярнуліся спачатку ў польскае консульства для атрымання пашпартаў, а потым- у англійскае, каб звязацца з сястрой Ірэны і атрымаць візы. Пазней звярнуліся да літоўскіх улад па дазвол на атрыманне работы і на выезд. Калі атрымалі англійскія візы, мусілі яшчэ дабівацца  транзітных віз праз Латвія, Эстонію, Фінляндыю, Швецыю і Нарвегію. Кожны консул асцерагаўся даваць візу, баючыся, што яны застануцца ў іх краіне і не паедуць далей. У Літве хадзілі пагалоскі, што СССР перакрые граніцы ў Літву і не дазволіць больш выязджаць. Кожны вечар Ірэна і Люцыян выходзілі на цэнтральны бульвар, каб пачуць навіны. Апошняя з іх была вельмі трывожнай: казалі, што хутка ў Літву ўступяць савецкія войскі і яна пазбавіцца незалежнасці.

Нарэшце яны атрымалі запрашэнне ў англійскае консульства. Консул уручыў ім чэк на імя Ірэны ад англійскай радні. Грошы маглі дапамагчы пераехаць у бяспечнае месца і жыць, пакуль не атрымаюць усе патрэбныя дакументы. Калі прыйшлі ў банк, каб забраць грошы па чэку, кіраўнік банка, які ведаў цесця Ірэны, запытаў, ці не жонка яна Бохвіца, на што Ірэна адказала, што яна яго нявестка. Сам суддзя Бохвіц памёр год таму, але памяць пра яго добрыя справы захавалася. Кіраўнік банка асабіста абслужыў Ірэну, палічыў гэта для сябе за вялікі гонар.

Ад’езду чакалі яшчэ даволі доўга. Потым гэтак жа доўга плылі да Агліі. І вось ён- туманны Альбіён. На граніцы іх сустрэла сястра Маргарэт з мужам, адвезла на  машыне ў свой лонданскі дом.

Як успамінае Ірэна, людзі ў Англіі аказаліся вельмі зычлівымі, яны былі акружаны ўвагай і клопатам, ім дапамагалі матэрыяльна. І эта было так абстаўлена, што карыстацца дапамогай было зусім не сорамна і не ўспрымалася як прыніжэнне. Камітэт дапамогі бежанцам перадаваў пасылкі і лісты з грашыма. Калі Ірэна чытала тыя лісты, часам напісаныя не зусім граматна, але ад шчырага сэрца, слёзы цяклі з вачэй.

Аднак нягледзячы на высакароднасць атачэння і нядрэнныя ўмовы жыцця, шчымлівы сум па радзіме час ад часу пранікаў ў сэрца і трывожыў да болю. Ірэне бачылася снежная зіма, яркае сонца, якое хавалася за лясамі Міроўшчыны. Недзе там Філарчук запрагае коней і выязджае на галоўную дарогу. Коні шыбка бягуць на дарозе, пад дугою звоняць званочкі, з-пад капытоў ляцяць пырскі снегу, халоднае паветра апякае твар. Але дзе зараз той Філарчук? Што стала з ім?

Пасля Другой сусветнай вайны жыццё ўвайшло ў сваё рэчышча. Сувязь з радзімай перарвалая, але добрая памяць і ціхі сум засталіся да апошніх дзён.

 

   Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

На фотаздымках можна бачыць дом у Янаўшчыне, маладую Ірэну (1908 год), Ірэну і Люцыяна ў час шлюбу (1924 год), дзяцей Люцыя і Тэрэсу, бацькоў Люцыяна Бохвіца, Ірэну ў Англіі (1944 год), пасведчанне, выдадзенае Ірэне разам з нагрудным крыжам ў Англіі за дабрачынныя справы па арганізацыі дапамогі бежанцам.

 

 

 

 

 

 

Читайте также: