Выстаўка Анатоля Кардаша

Да Года малой радзімы

“Родныя мясціны на палотнах”- так называецца выстаўка работ мастака з г.п.Наваельня Анатоля Кардаша.

Часта кажуць, што першае ўражанне ад чалавека бывае падманным. Магчыма, бывае, але не ў выпадку з нашым земляком, мастаком Анатолем Кардашом, які завітаў нядаўна ў музей. Завітаў, каб прапанаваць свае карціны для арганізацыі выставы. Пра Анатоля Аляксандравіча даведаліся крыху раней дзякуючы артыкулу, надрукаванаму ў раённай газеце “Перамога”. Вучаніца Наваельнянскай школы пісала, што ў іх музеі працавала выстава земляка, ён падарыў музею карціну. У артыкуле  была і невялікая інфармацыя  пра самога Анатоля. Адклалі газету, каб пры першым зручным выпадку знайсці каардынаты і звязацца. Пра Анатоля ніякай інфармацыі ў нашым музеі не было, ніхто з работнікаў раней нічога пра мастака не чуў. І раптам чалавек прыходзіць сам.

Дамовіліся  хутка, і праз пару дзён  мастак  прывёз свае работы. Работ было 34. Запісалі назву кожнай карціны і вырашылі пасля абеда  расставіць і прыблізна прыкінуць, як размясціць у зале на другім паверсе, дзе звычайна праходзяць выставы. А калі расставілі на падлозе ўздоўж сцен, былі  ўражаны яркасцю фарбаў, каларытнасцю палотнаў, тым незвычайным цяплом, якое нібы выпраменьвалі работы. Частка была прысвечана Дзятлаву, частка Наваельні і яе ваколіцам, многія карціны перадавалі ўспаміны пра розныя мясціны Беларусі, дзе бываў мастак і якімі ўразіўся. Але асабліва прываблівала прырода. Яна была яркай і экспрэсіўнай, можна сказаць, казачнай. Прырода ў руху. У імгненні. Вось яно, ігненне, лаві яго, запамінай, бо хутка ўсё знікне, зменіцца, прападзе. І толькі эмацыйная памяць захавае гэты цуд, намаляваны самой прыродай.

Мы стаялі і любаваліся, не хацелася выходзіць з залы, развітвацца з цяплом чалавечай душы і чалавечага таленту.

Калі на наступны дзень карціны развесілі, патэлефанавалі мастаку і папрасілі прыехаць. Магчыма, яго нешта не задаволіць у тым, як мы размясцілі работы. У кожнага чалавека сваё бачанне і тэмы, і фарбаў, і прасторы залы. А яшчэ трэба было напісаць экскурс да выставы, а для гэтага неабходна пагутарыць, распытаць пра кожнае палатно, пра так званую творчую майстэрню Анатоля.

Дыялог атрымаўся доўгім і прыемным, хутчэй за ўсё таму, што перад намі быў чалавек пазітыўны і высокадухоўны, які нясе дабро людзям і ўсяму жывому, які не проста жыве на зямлі і піша карціны, а аддае людзям часцінку сваёй душы.

Анатоль Кардаш нарадзіўся ў Наваельні 11 жніўня 1956 года. У дзяцінстве, як і ўсе хлопчыкі, любіў спорт, гуляў у футбол, валейбол, хакей,  хадзіў у музычную школу, іграў на акардэоне, трубе, кларнеце, нават на саксафоне. Яго настаўнікам музыкі быў кіраўнік наваельнянскага духавога аркестра Тулейка Уладзімір Іосіфавіч.  Хлопец шмат ездзіў разам з аркестрам па розных мясцінах Беларусі. А калі падрос, больш прывабіў спорт, таму музычную школу пакінуў. Вучыцца, як прызнаецца Анатоль, не хацеў,  адразу пасля школы пайшоў працаваць на хлебазавод, які адчыніўся ў Наваельні. Пазней паступіў у ваеннае вучылішча, але захварэў, лёг у бальніцу. Потым трапіў у армію, сам папрасіўся служыць на флот. У “вучэбцы” атрымаў медыцынскую адукацыю, тры гады плаваў на караблі фельчарам. Карабель, на якім служыў Анатоль, рамантаваў падводныя лодкі, таму пашчасціла ўбачыць і Індыйскі, і Атлантычны акіяны. У час падарожжаў выпадкова ў рукі трапіў фотаапарат, пачаў фатаграфаваць, рабіць фотаздымкі. На іх былі незабыўныя мясціны Егіпта, Парыжа, многіх гарадоў Еўропы. І прырода, бязмежныя марскія і акіянскія прасторы.

Калі закончыўся тэрмін службы, вырашыў вучыцца далей. Першай думка- медыцынскі. Але была ўжо восень, паступіць можна было толькі на падрыхтоўчае аддзяленне. Вырашыў пайсці на юрфак, падаў дакументы ў Варонежскі ўніверсітэт на юрыдычны факультэт. У Варонежы жыла радня. Прыватны дом знаходзіўся ў прыгожым месцы, у цэнтры горада. Дваюрадная сястра вучылася ў мастацкім вучылішчы, таму ў доме часта бывалі мастакі. Сястра пісала добрыя карціны, яны ўражвалі жывасцю фарбаў, свежасцю думкі.  Сам Анатоль працягваў займацца фатаграфіяй, а яшчэ паспрабаваў выразаць фігуркі з дрэва. Пра маляванне тады яшчэ не задумваўся.

Пасля ўніверсітэта тры гады працаваў следчым у Арле, там ажаніўся, нарадзілася старэйшая дачка. Пазней працаваў у Салігорску, Мінску. Праца юрыста была звязана з чыгункай.

Як пачаў маляваць? Анатоль Аляксандравіч добра помніць дату стварэння сваёй першай карціны. У 1989 годзе знаёмыя запрасілі яго адпачыць у Карпатах. Горы, незвычайныя фарбы, снег, мноства непаўторных уражанняў. Калі вярнуўся дадому, з першай жа зарплаты  купіў фарбы  і паспрабаваў маляваць па фотаздымку і на памяці. Карціна была прысвечана вясне на Маўчадцы. Па рацэ плылі крыгі. Натхненне і настрой дазволілі  вельмі рэалістычна і каларытна паказаць абуджэнне прыроды.  Было гэта 20 сакавіка 1989 года. З таго дня і пачалося захапленне. За ўвесь час было створана больш за 300 работ. Многія з іх знаходзяцца ў прыватных калекцыях сяброў і знаёмых з Прыбалтыкі, Беларусі, Расіі, Італіі, ЗША, Украіны.

 

Калі працаваў на беларускай чыгунцы галоўным прававым інспектарам прафсаюза чыгуначнікаў, работы віселі на сценах офіса, многія з іх засталіся там і зараз.

Анатолю Аляксандравічу пашчасціла сябраваць з Нінэль Шчаснай, бываць на яе знакамітых вечарах. Словы падтрымкі знакамітай мастачкі сталі ў свой час тым агеньчыкам у творчасці, што не гасне і сёння. Нінэль сказала Анатолю, што вучыцца маляваць прафесійна яму не трэба, яго работы выяўляюць стан душы мастака, з’яўляюцца арыгінальнымі і індывідуальнымі. І трэба проста маляваць, як  дыктуюць  уражанне і душа.

Калі спытала ў мастака пра тэхніку стварэння работ, ён раскрыў сакрэты сваёй творчай майстэрні. Спачатку  трэба ўразіцца, злавіць момант, адчуць фарбы, асвятленне. І запомніць. Або сфатаграфаваць. Часам бывае, што робіць накіды алоўкам, але гэта рэдка. Галоўнае — эмоцыя, уражанне. Таму і стыль, у якім працуе Анатоль Кардаш, называецца беларускі імпрэсіянізм. Калі падрыхтуе палатно, накід алоўкам не робіць- адразу піша маслам. Любіць яркія фарбы. І яркіх, шчырых людзей. Калі чалавек нясе негатыў, ные, жаліцца на жыццё, з ім стараецца не спрачацца і не працягваць размову. Прынцып жыцця Анатоля Аляксандравіча такі: кожны павінен пачаць з сябе. Што я зрабіў для таго, каб жыццё стала лепшым, больш светлым, адкрытым, нарэшце заможным. Многае ў руках чалавека. А людзям трэба несці толькі дабро. Мужчына ж, у першую чаргу, павінен трымаць слова.

Самай вялікай удзячнасцю для мастака былі словы, якія напісаў хлопчык у водгуку на яго выставу: “Дзядзя, Вы малюеце, як немаўля, якое ніколі не вучылася маляваць”.

27 чэрвеня ў нашым музеі адбылася прэзентацыя выставы Анатоля Аляксандравіча.  На ёй прысутнічалі члены паэтычнага аб’яднання “Пралеска”, прадстаўнікі грамадскасці, вучні гімназіі. Святло і дабрыня карцін  перадаліся прысутным. У зале панавала атмасфера ўзаемаразумення і нейкай прастаты. Вучні падыходзілі да мастака, задавалі пытанні, раглядалі работы. Іх цікавіла ўсё: што натхняе творцу, як доўга пісалася тая ці іншая работа, ці можна набыць  карціну, якая спадабалася, і за колькі?

Прысутныя доўга не хацелі разыходзіцца. Хадзілі ўздоўж сцен, прыглядаліся да работ, выбіралі  зручны ракурс і азіралі ўсе карціны адразу. Сапраўды, творы Анатоля Кардаша не адпускаюць. На іх хочацца глядзець і глядзець, бо незвычайная пазітыўная энергія нібы  надае сілы жыць і любіць увесь свет.

 

Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

Читайте также: