Памяць пра мінулае. Уладары Дзятлава: Канстанцін Астрожскі

Канстанцін Іванавіч Астрожскі вядомы ў гісторыі найперш як военачальнік, гетман, кашталян віленскі, ваявода троцкі, які ўзначальваў паспяховыя паходы на крымскіх татар і перамог больш чым у 60 бітвах. Самая слынная з гэтых бітваў- бітва пад Оршай, якая адбылася 8 верасня 1514 года.

Паводле старажытных царкоўных кніг род Астожскіх паходзіць з князёў тураўскіх. Турава-пінскія князі пайшлі ад Святаполка Ізяславіча- праўнука Уладзіміра, князя Пінскага. Радавым месцам Астрожскіх быў Астрог, невялікі  валынскі гарадок на рацэ Віліі. Бацька Канстанціна Іванавіча, Іван Астрожскі, быў слаўны ратнымі подзвігамі, вызначаўся цвёрдасцю, адданасцю старой веры, патрыятызмам. Праславіўся ў бітве з крымскімі татарамі ў 1454 годзе пад Церабоўляй. Ажаніўся ён з Анастасіяй Глінскай, ад якой меў пяць дачок і дваіх сыноў- Міхаіла і Канстанціна. Пра дзяцінства Кастуся, які нарадзіўся ў 1460 годзе, вядома няшмат. Хлопчык страціў бацькоў у няпоўныя пяць гадоў, выхаваннем яго займаліся баяры і старэйшы брат. У 1486 годзе абодва браты трапілі да двара вялікага князя Казіміра. Багацце бацькоў, асабістыя здольнасці братоў спрыялі іх хуткаму ўзвышэнню на дзяржаўнай службе. Яны мелі сваяцтва з першымі людзьмі Княства- Радзівіламі, Сапегамі, Гальшанскімі, Глінскімі. Вайсковая служба Канстанціна Іванавіча пачалася пры Казіміру Ягайлавічу. Вялікае Княства Літоўскае тады знаходзілася ў вельмі няпростым палітычным становішчы. З поўдня на землі Княства пачалі наязджаць крымскія татары, на ўсходзе адкрытую варожасць дэманстравала  Маскоўская дзяржава над началам Вялікага князя маскоўскага Івана III. Адзін за адным ВКЛ здраджвалі свае ж князі, пераходзілі на бок Масквы. Час ад часу маскоўскія воіны нападалі на нашы гарады, палілі іх, а жыхароў забіралі ў палон. Вайна Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ грымнула адразу пасля смерці Казіміра Ягайлавіча.

Вялікім князем стаў Аляксандр. Ён не чакаў разрыву “вечнага міру”  з Масквой і не хацеў вайны. Паслы, каб змякчыць сітуацыю, папрасілі для князя Аляксандра рукі Алены, дачкі Івана III. Спадзяваліся, што шлюб зменіць адносіны дзвюх дзяржаў. ВКЛ саступіла Маскве некаторыя тэрыторыі. Сярод узнагароджаных за прымірэнне і ваенныя перамогі былі і браты Астрожскія.

У той перыяд Канстанцін Астрожкі атрымаў Дятлава ў якасці ўзнагароды за вайсковыя перамогі над татарамі ад вялікага   князя.

Знаходзіўся ён і сярод тых, хто сустракаў нявесту князя Алену каля мястэчка Маркаў, цяпер Маладзечанскі раён. Дынастычны шлюб не прынёс жаданых вынікаў: маскоўскі князь сам не нападаў на ВКЛ, але актывізаваў крымскіх татар, якія рабілі штогадовыя наезды на нашы землі. Канстанцін Астрожскі тройчы даваў адпор татарам і нават захапіў у палон хана Махмет-Гірэя. Пасля гэтага ён і атрымаў  чын галоўнага начальніка над войскамі дзяржавы- гетмана найвышэйшага. Было яму тады 37 гадоў.

Агрэсіўныя намеры маскоўскага ўладара не змагло стрымаць нават сваяцтва. Ён абвінаваціў князя Аляксандра ў праследаванні людзей праваслаўнай веры, у тым ліку і жонкі Алены. Ніякія апраўданні Аляксандра не прымаліся- Іван III распачаў вайну. Адначасова на землі Княства ў 1500 годзе напалі татары. Гэта была тактыка ахопу вялікай тэрыторыі з мэтай скаваць войскі Княства і перашкодзіць  падыходу дапамогі з Польшчы. Галоўную ролю ў арганізацыі абароны краіны браў на сябе гетман найвышэйшы  Канстанцін Астрожскі. Ён захапіў Смаленск. Сеча з рускім войскам адбылася на рацэ Ведрашы. Сілы былі няроўныя. Маскоўскае войска налічвала 40 000 вояў, а літвы было толькі чатыры з паловай тысячы. Бітва доўжылася цэлы дзень. Загінулі амаль усе, хто прыйшоў з Астрожскім, лепшыя ваяры Княства. Сярод захопленых у палон быў і сам Астрожскі. Гэта бітва стала пачаткам новых часоў у супрацьстаянні дзвюх найбуйнейшых дзяржаў Усходняй Еўропы- Маскоўскага княства і ВКЛ.

А Канстанціна Астрожскага ў кайданах прывезлі ў Маскву і дамагаліся, каб ён перайшоў на службу да Іван III. Пакуль Астрожскі быў у палоне, ВКЛ заключыла пагадненні з Польшчай, нямецкім Ордэнам і заволжскай Ардой. Гэта прымусіла маскоўскага ўладара пайсці на перагаворы, хоць яго ваяводы захапілі Оршу, выпалілі прадмесці Віцебска, ваколіцы Полацка і Мсціслава, забралі ў палон некалькі тысяч жыхароў Беларусі. Астрожскага перавезлі у Волагду, далей ад эпіцэнтра падзей.  Гэта былі пакутныя гады ўспамінаў таго няшчаснага дня на Ведрашы, дзе палеглі амаль усе таварышы. Ды і Масква дамаглася шматлікіх  тэрыторый, якія заваяваў для ВКЛ яшчэ  Вітаўт  Вялікі.

Сітуацыя змянілася ў 1505 годзе, калі памёр Іван III і яго месца заняў старэйшы сын Васіль III. У ВКЛ таксама неўзабаве змяніўся ўладар: памёр князь Аляксандр, і да ўлады прыйшоў новы вялікі князь і кароль Жыгімонт.

Канстанцін Астрожскі знаходзіўся у палоне сем гадоў, аж да 1507 года. На прапанову Васіля III служыць яму, гетман нарэшце згадзіўся, выношваючы ў душы план уцёкаў. Яго павезлі ў Маскву і патрабавалі падпісаць пісьмовую прысягу на вернасць. Такая дамова, рабская па сутнасці, была падпісана, і Канстанцін Іванавіч пачаў бараніць Маскоўскае княства ад татар і рабіў гэта даволі паспяхова.  У хуткім часе за ім перасталі так пільна сачыць, ён мог перамяшчацца самастойна, і ў жніўні 1507 года Канстанціну Іванавічу  ўдалося ўцячы на Радзіму. Пераапранутыя ў сялянскую вопратку паплечнікі Астрожскага ў верасні 1507 года дабраліся да Вільні.

Вяртанне Канстанціна Астрожскага ў княства стала значнай падзеяй. Ужо праз месяц Жыгімонт вяртае яму чын гетмана.

Атрымаўшы некалькі вайсковых перамог, ён трывала ўваходзіць у кола эліты Вялікага Княства Літоўскага, жэніцца з Таццянай Гальшанскай са знакамітага роду, наводзіць парадак у сваіх уладаннях, будуе цэрквы, у тым ліку і дзятлаўскую. Аднак  нядоўга давялося К.Астрожскаму цешыцца спакоем, займацца свецкімі і царкоўнымі справамі. У хуткім часе зноў паклікала вайсковая служба. Бітва пад Вішняўцом, дзе была разгромлена 25-тысячная армія татар, пад Смаленскам і Оршай- вось тыя вехі вайсковай славы Астрожскага, якія не забытыя да нашых дзён.

Вайна з Маскоўскай дзяржавай доўжылася каля дзесяці гадоў. У рэшце рэшт было падпісана пагадненне, Смаленск адышоў Маскве. Вайна  моцна спустошыла нашы землі, многія гарады ператварыліся ў руіны. Але жыццё паціху перамагала. Калі каралём быў абраны Жыгімонт Аўгуст, уплыў Астрожскага на палітычнае жыццё краіны аслабеў, нягледзячы на тое, што ён уваходзіў у пяцёрку наймагутнейшых феадалаў ВКЛ. На Беларусі яму належалі шматлікія землі: Смалявічы і Тарасаў у Мінскім павеце, Ахонаў у Навагрудскім, возера Свіцязь з навакольнымі вёскамі, Дзятлава, двор у Мінску, Тураў. З уласных сродкаў Канстанцін Астрожскі фундаваў на Беларусі храмы, даваў ім зямлю з сенажацямі і агародамі. Не выключана, што ў 1522 годзе князь Астрожскі спрыяў адкрыццю друкарні Францыска Скарыны ў Вільні.

Памёр К.Астрожскі ў Тураве 8 жніўня 1530 года, пахаваны ў Пячорскай лаўры, пад скляпеннямі Успенскага сабора. Ніхто не служыў ВКЛ адданей за Астрожскага, праваслаўнага верніка, які застаўся ўзорам служэння Радзіме на многія стагоддзі.

Цесная сувязь Канстанціна Іванавіча Астрожскага з нашым горадам вымагае  задумацца над пытаннем: чаму на нашай зямлі няма ніякага напамінку аб тым, што  славуты  суайчыннік пабудаваў у Дятлаве першы палац і першую царкву? Пытанне аб помніку Канстанціну Астрожскаму ў Дзятлаве першым узняў М.Несцярэўскі, скульптар і мастак з Дзятлаўшчыны. Ён жа і прапанаваў зрабіць эскіз помніка. Думаецца, знойдуцца сярод нас тыя, хто зможа рэалізаваць задуму майстра. Прыйдзе такі час, калі мы будзем, гуляючы на гарадку з дзецьмі і ўнукамі, расказваць пра Канстанціна Іванавіча з павагай і гонарам.

Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

        

 

Читайте также: