Гісторыя малой радзімы: палацы і маёнткі Дзятлаўшчыны. Мястэчка Дварэц і род Кізгайлаў

Варыянтаў узнікнення назвы населішчаў некалькі: ад імя ўладальніка, які заснаваў яго, ці ад рэчкі, на якой яно ўзнікла. Дварэц стаіць на рэчцы Маўчадцы. А назва яго пайшла ад слова «двор”. Паселішча  ўзнікла на дарозе Слонім-Навагрудак. Тут знаходзіўся невялікі палац і невялікі двор. Гэты невялікі двор так і называлі — Дварэц.

Першае пісьмовае згадванне аб Дварцы датуецца пачаткам XV стагоддзя. Першапачаткова Дварэц быў маёнткам князя Фёдара Даўгалдовіча, затым ім валодаў Свідрыгайла, а з 1451 года ўладальнікам маёнтка стаў літоўскі канцлер Міхаіл Кезгайлавіч, пасля чаго Дварцом валодала некалькі пакаленняў роду Кезгайлаў (Кезгайлавічаў).

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай сярэдзіны XVI стагоддзя паселішча ўвайшло ў склад Наваградскага павета Наваградскага ваяводства, з XVI стагоддзя мела статус мястэчка. У 1516 годзе тут была ўтворана каталіцкая парафія, у той жа час на сродкі тагачаснага ўладальніка Мікалая Кезгайлы тут быў пабудаваны драўляны касцёл Божага Цела.

У канцы XVI стагоддзя маёнтак перайшоў да роду Завішаў. У XVII стагоддзі ў тутэйшым храме знаходзілася цудатворная ікона Божай Маці.

Аднак вернемся да роду Кезгайлаў. Першы з роду Кезгайлаў — Валімонтавіч (у хрышчэнні – Міхаіл)  быў літоўскім баярынам, сынам Валімонта Бушковіча. Нёс службу на пасадах старасты вількамірскага (1410), жамойцкага (1412-1432, 1440-1441, 1442-1448), кашталяна віленскага (1445-1448). Быў жанаты з Геленай, паходжанне якой невядома. Ад яе меў сыноў Міхаіла, Яна, Дабяслава і Пятра.

Упершыню згаданы пад 1401 годам пры заключэнні Віленска-Радамскай уніі. Быў актыўным прыхільнікам Вялікага князя літоўскага Вітаўта, пры падтрымцы якога ў 1410 годзе стаў жамойцкім старастам. Актыўна спрыяў хрысціянізацыі паганцаў-жамойтаў, у 1418 годзе задушыў сялянскае паўстанне, а ў 1419 годзе раскрыў змову мясцовага баярства супраць вялікага князя.

Пасля смерці Вітаўта ў 1430 году разам з братамі Румбольдам і Яўнуцыем падтрымаў абранне новым вялікім князем Свідрыгайлы Альгердавіча. Быў сярод тых, хто ў 1431 годзе падпісаў антыпольскі Крыстмемельскі дагавор Свідрыгайлы з Тэўтонскім ордэнам. Пасля таго, як ў 1432 годзе ў выніку перавароту да ўлады прыйшоў Жыгімонт Кейстутавіч, Валімонтавічы былі зняволены. Румбольд і Яўнуцый былі пакараныя, у той час як Кезгайлу вернулі ўсе ўладанні. Магчыма, прычынай гэтаму сталася тое, што дачка Кезгайлы была жонкай Яна Гаштольда — уплывовага саюзніка Жыгімонта. У тым жа годзе Кезгайла ўдзельнічаў у заключэнні Гарадзенскай уніі, якая вярнула ранейшую залежнасць Вялікага Княства Літоўскага ад Польшчы.

Згодна з позняй Хронікай Быхаўца, пасля забойства Жыгімонта ў 1440 годзе Кезгайла быў адным з тых, хто ажыццявіў абранне вялікім князем малодшага сына Ягайлы каралевіча Казіміра. Кезгайла быў адноўлены на пасадзе старасты жамойцкага, але, калі мясцовае насельніцтва адмаўлялася прызнаваць вялікім князем Казіміра, быў вымушаны пацвердзіць асаблівы напаўаўтаномны статус Жамойці ў складзе Вялікага Княства Літоўскага.

Кезгайлы герба «Задора» былі адным з найбагацейшых магнацкіх родаў ВКЛ, доўгі час займалі пасады старастаў жамойцкіх.  Валодалі землямі ў Дзяволтве і ў Лукомльскім, Навагрудскім, Мінскім, Ваўкавыскім паветах, горадам Ракавам. У 1451 годзе з рук вялікага князя Казіміра Міхаіл (каля 1410-1476) атрымаў у валоданне частку Лукомльскай воласці, Дварэц і Ельню ў Навагрудскім павеце, воласць Бакшты (пазнейшая Дукора і Смілавічы) ў Мінскім павеце, у 1465 годзе — Любчу на Нёмане і Ракаў на землях былога Заслаўскага княства.

У 1449 годзе старастам жамойцкім стаў  сын Кезгайлы  Ян. У 1478 годзе ён таксама заняў пасаду кашталяна віленскага. У 1451 году ад вялікага князя Казіміра Ян атрымаў Мсцібогаў ў Ваўкавыскім павеце, а пасля смерці бацькі — частку Дзевялтова, Крож і іншыя маёнткі ў Літве і Жамойці. Пасля смерці сваіх братоў, якія не мелі дзяцей, і атрымання ў спадчыну іх маёмасці Ян стаў адным з найбуйнейшых землеўладальнікаў Вялікага Княства Літоўскага. Ад яго дзяцей Станіслава і Мікалая пайшлі дзве галіны роду Кезгайлов.

Станіслаў (каля 1450-1527), які меў мянушку Рэкуць, пасля смерці бацькі стаў старастам жамойцкім, з 1499 займаў таксама пасаду кашталяна троцкага (з 1522 году — віленскага), з 1501 па 1503 год быў гетманам вялікім. Падчас падзелу бацькавых уладанняў атрымаў частка Дзяволтава, Крож і іншыя ўладанні ў Літве, Мсцібогаў, Ракаў і частку Бакштаў. Па завяшчанні сваёй цёткі Мілохны  атрымаў частку Налібакаў і вёску ў Мінскім павеце. Ад вялікага князя Аляксандра атрымаў Зэльву і сёлы ў Любшанском старостве. Ажаніўшыся на дачцэ Аляхно Судзімонтавіча Ядвізе, атрымаў Палачаны, Лужаны і Занарач у Ашмянскім павеце. Яго дачка Барбара была жонкай Яна Забярэзінскіх. Меў трох сыноў: Мікалая, Яна і Станіслава. Апошні з 1527 года быў старастам жамойцкім, а з 1528 года кашталянам трокскім. Паводле перапісу войска літоўскага 1528 г. , ён выстаўляў на вайну 371 коннага воіна са сваіх зямель і 246 конных з зямель сваёй жонкі Ганны, удавы Яна Радзівіла.

Другі сын Яна — Мікалай (1451? — 1512)  з 1509 года займаў пасаду маршалка земскага. Пасля смерці бацькі атрымаў частка Дзяволтава і Крож, Дварэц, Ельню і іншыя ўладанні. Ад цёткі Мілохны атрымаў частка Налібак. Меў сына Мікалая і дачок Барбару і Ганну. Барбара была выдадзена замуж за Андрэя Завішу, а Ганна — за Станіслава Шэмета. Мікалай (каля 1495-1529), які атрымаў зямлі бацькі, быў буйным магнатам, паводле перапісу войскі літоўскага 1528г. выстаўляў на вайну 151 коннага воіна. Сынам Мікалая быў Станіслаў (каля 1520-1554), выхоўваўся пад апекай Юрыя Радзівіла, пазней ўступіў у світу Жыгімонта Аўгуста. У розныя гады займаў пасады кухмістра, стольніка, падчашага. Пасля жаніцьбы караля і вялікага князя ў 1548 годзе пакінуў двор. З 1551 года быў старастам тыкоцінскім і магілёўскім. У 1549 г. атрымаў тытул графа Свяшчэннай Рымскай імперыі, тытулаваўся графам «на Крожах». Перайшоў у пратэстанцтва. 7-гадовы сын Станіслава Ян памёр праз паўгода пасля яго смерці, на ім і спыніўся род. Уладанні Станіслава падзялілі сваякі па жаночай лініі — Завішы і Шэметы.

Успаміны пра Дварэц пакінуў адзін з Завішаў. Ён пісаў, што ў Дварцы ў той час жыло 500 чалавек, знаходзіліся дзве царквы, адна капліца, адзін касцёл, школа, багадзельня, дзевяць крам і дзве карчмы. Аднойчы ў адзін з такіх шынкоў  зайшоў італьянскі падарожнік і здзівіўся, што мясцовая моладзь танчыць не лявоніху ці крыжачок або польку, а выконвае танец, які вельмі яму нагадваў  роднай Неапаль.

У сваім нататніку ён запісаў, што ў карчме сядзеў дудар, да яго падыходзілі па чарзе пары. Пары гэтыя давалі яму хто яйка, хто блін, хто капейку, і ён пачынаў граць для іх музыку, падобную на Тарантэлу. І яны танцавалі пад яе. Спачатку пары танчылі насупраць адзін аднаго, пасля ішлі вакол, потым зноў адзін насупраць другога, а заканчваўся танец вальсам. І яшчэ ён запісаў, што тут, у Дварцы, жывуць вельмі кемлівыя, дасціпныя людзі, якія любяць адзначаць свае святы і для гэтага нічога не шкадуюць.

У пачатку 19 стагоддзя Дварэц быў амаль цалкам шляхецкім мястэчкам. Калі ў 1831 годзе ў Беларусі пачалося шляхецкае паўстанне, мясцовая шляхта падтрымала яго. У час паўстання мястэчка было амаль цалкам спалена. А тых шляхцічаў, якія яго падтрымалі, пасля паражэння паўстання выслалі ў Сібір.  У Завішаў мястэчка забралі, таксама як і Здзенцел у Солтанаў. Пазней царскія ўлады перадалі яго шляхціцам Пратасевічам. Але за што — невядома.

Пратасевічы пачалі адбудоўваць Дварэц. Тут яны пабудавалі сабе вялікі палац, а побач з ім — мноства гаспадарчых пабудоў, заклалі парк. І паколькі той касцёл, які будаваў яшчэ Андрэй Завіша, згарэў падчас паўстання, то вырашылі пабудаваць новы касцёл, цагляны. Але ў той час царскімі ўладамі было забаронена ў гэтым краі будаваць цагляныя касцёлы.

І вось жонка тагачаснага ўладальніка Дварца Апалінарыя Пратасевіч паехала ў Пецярбург, дамаглася  таго, каб ёй далі дазвол на будаўніцтва цаглянага касцёла, паехала да Радзівілаў, у іх ўзяла грошы на будаўніцтва, дадала сваіх і ў Дварцы з’явіўся  касцёл у неабарочным стылі. Асвечаны быў у 1905 годзе ў гонар Святога Антонія Падуанскага. Сама Апалінарыя Пратасевіч да гэтага дня, на жаль, не дажыла.

Апалінарыя Пратасевіч пахавана на ўскраіне Дварца, на старажытным каталіцкіх могілках. Побач з помнікам раней знаходзіўся яшчэ і склеп, дзе былі пахаваныя дзеці Апалінарыі. Яна, на вялікі жаль, перажыла сваіх дзяцей. Муж заказаў яе помнік у Неапалі, прывёз сюды, у Дварэц, і ўсталяваў на магіле сваёй каханай жонкі.

Мясцовыя жыхары расказваюць, што гэты анёл на Каляды тройчы аблятае Дварэц. У часы савецкай улады камсамольцы вырашылі гэты міф знішчыць, развеяць. Яны прыйшлі ноччу, узялі  анёла і скінулі на зямлю. Але як прыйшлі сюды на наступны дзень, то ўбачылі, што анёл стаіць на тым самым месцы, дзе і стаяў. Яны падумалі, што гэта нехта з мясцовых прыходзіць ноччу і ўсталёўвае яго на старое месца, і вырашылі папільнаваць.

Яны ўсю ноч  прасядзелі ля помніка і пад раніцу заснулі, а калі прачнуліся, то ўбачылі, што анёл зноў стаіць на тым жа самым месцы, дзе і стаяў. З таго часу гэты помнік ніхто не кранае.

Калі Пратасевіч застаўся адзін — жонка памерла, дзеці памерлі, — ён вырашыў пакінуць гэты куток і з’ехаць за мяжу, у Польшчу. Частка сваёй зямлі ён прадаў, а палац, гаспадарчыя пабудовы  перадаў касцёлу. Кажуць, тут, у гэтым будынку, раней былі касцельныя майстэрні. Тут мужчыны рабілі для касцёла розны посуд — лаўкі, сталы. Пасля Другой сусветнай вайны, калі сюды прыйшла савецкая ўлада і быў арганізаваны калгас, калгасу спатрэбіліся гаспадарчыя пабудовы — свінарнікі, кароўнікі. Тады палац і разабралі на цэглу. Засталася толькі частка гаспадарчых пабудоў. І гэта адзінае, што засталося ад маёнтка Пратасевічаў.

Няўмольны час, ён разбурае ўсё, але яшчэ больш руйнуюць самі людзі, не задумваючыся аб тым, якую памяць пакінуць наступным пакаленням.

Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также: