Зараджэнне і развіццё яўрэйскай абшчыны ў Дзятлаве

Дзятлава у дакументах часоў Вялікага Княства Літоўскага называлася “Здзецел” (Здзяцел, Здетел, Зенцела). На мове ідзіш няма гука “дз”, таму яўрэі называлі мястэчка “Зецел”. У дзённіках Бернарда Пінскі, жыхара Канады, у якіх аўтар запісваў успаміны свайго старога бацькі Рубіна Пінскі, які нарадзіўся ў Дзятлаве, мястэчка называецца Гжэтл. Хрысціянскае насельніцтва ваколіц называла населены пункт “Дзенцёл”, “Зецела”. У XIX стагоддзі чыноўнікі Расійскай імперыі перайменавалі мястэчка ў “Дзятлава”, а ў перыяд ўваходжання Заходняй Беларусі  ў  склад Польшчы ў якасці афіцыйнай выкарыстоўвалася назва «Zdzięcioł».

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны 70% насельніцтва мястэчка былі яўрэі. Менавіта яўрэі, як асноўная частка насельніцтва, заклалі архітэктурныя, эканамічныя, культурныя тэндэнцыі развіцця нашага гарадка.

Нацыянальны склад беларускіх мястэчкаў быў разнастайны. Тут жылі беларусы, палякі,яўрэі, татары, цыгане, літоўцы і прадстаўнікі  іншых народаў. З другой паловы XVI стагоддзя ўсё большую ролю ў эканамічным жыцці гэтых населеных пунктаў пачалі адыгрываць яўрэі. Гісторыя яўрэйскай абшчыны Дзятлава пачынаецца менавіта з канца XVI стагоддзя. У інвентарных кнігах дзятлаўскага маёнтка за 1580 год сярод гаспадароў  на рыначнай плошчы мястэчка ўжо названы Місан Жыд- гандляр яўрэйскай нацыянальнасці У Дзятлаве , згодна з інвентарнымі кнігамі 1699 года, было 126 дамоў, з іх 25 належалі яўрэям, што складала прыкладна 20%. Да пачатку 1870-х гадоў яўрэйскае насельніцтва мястэчка значна павялічылася і склала 78,7% насельніцтва (каля 1240 чалавек).

У канцы XVIII стагоддзя беларускія губерні былі ўключаны ў рысу яўрэйскай аселасці. У гэты час яўрэйскае насельніцтва пераважала ў мястэчку, яго прадстаўнікі займалі вядучыя месцы ў гандлі і рамёствах.

У Дзятлаве хаты мясцовых жыхароў былі падобныя на вясковыя, але мелі свае адметнасці. Акрамя вокнаў, у бок гарадской  вуліцы выходзілі дзверы. Гэта давала магчымасць гандлярам і рамеснікам падтрымліваць аператыўную сувязь з кліентамі-аднаму паказаць свой тавар, другому- свае вырабы. У будынках гістарычнага цэнтра Дзятлава, якія адносяцца да пачатку XX стагоддзя, можна і зараз заўважыць закладзеныя цэглай дзвярныя праёмы. Такую рэканструкцыю правялі ўжо пасля сумна вядомых падзей Вялікай Айчыннай вайны, калі яўрэйскага  насельніцтва ў горадзе практычна не засталося, а дамы яўрэяў дасталіся новым гаспадарам, якія не займаліся гандлем.

Яўрэйскія купцы і рамеснікі былі мала звязаны з сельскай гаспадаркай, таму ў іх на дварах не было хлявоў, гумнаў і свірнаў. У многіх местачковых дамах пры ўваходзе ад вуліцы быў ганак з двухскатным дахам на чатырох слупках.

Заможная частка мяшчан пакрывала дахі сваіх дамоў гонтай, а больш бедныя саломай. Кожны рамеснік ці гандляр стараўся павесіць перад сваёй майстэрняй  ці магазінам вывеску. Па ёй было лёгка зразумець, хто з іх што вырабляе ці прадае. Эканамічнай асновай штэтла (штэтл-гарадок на ідзіш) былі гандаль і рамёствы. Па дадзеных перапісу 1921 года ў Заходняй Беларусі яўрэйскае насельніцтва было занята ў наступных сферах дзейнасці: у сельскай гаспадарцы-0,9%; у рамёствах і прамысловасці-23,5%; у гандлі і страхаванні-52,6%; на транспарце-10,2%; у грамадскай службе і свабодных прафесіях-12,4%; у хатняй гаспадарцы і прыватнай службе-16,7%; у іншых сферах дзейнасці-15,7%.

Уласнікамі шматлікіх крамаў, пастаялых двароў, рамесных майстэрняў і прамысловых прадпрыемстваў Дзятлава з’яўляліся пераважна яўрэі. У мястэчку развівалася дробная прамысловасць. У 1830-я гады з’яўляюцца першыя дробныя прамысловыя прадпрыемствы: 3 скураныя майстэрні, 3 млыны. У канцы 1860-х гадоў у Дзятлаве ўжо працавалі 2 скураныя, 3 цагляныя, 6 шкіпінарных прадпрыемстваў, 15 бровараў. Як і ў многіх іншых мястэчках, у Дзятлаве рэгулярна праводзіліся гандлёвыя кірмашы: гандаль кожны тыдзень у аўторак, кірмаш- два разы на год: 23 красавіка ў дзень Святога Георгія і 30 мая ў дзень Святой Тройцы. На продаж везлі хлеб, хатнія вырабы, палатно, посуд. У дзятлаўскіх яўрэяў існавалі сур’ёзныя эканамічныя ўзаемасувязі з вядомымі еўрапейскімі вытворцамі. Фані Коган, ураджэнка Дзятлава, якая жыве зараз у Ізраілі, успамінае, што яе бацька быў прадстаўніком фірмы «Zinger» і гандляваў швейнымі машынкамі.

У 1900 годзе ў Дзятлаве яўрэйскаму насельніцтву належалі наступныя прамысловыя і гандлёвыя прадпрыемствы: медаварні, аптэка, бакалейныя крамы, крамы, у якіх гандлявалі жалезам, скурай, мануфактурнымі таварамі, хлебам, яйкамі. Апроч таго, мястэчка славілася вырабам паркету, вядомага пад імем “Дзятлаўскага”, яго ўзоры знаходзяцца ў Дзятлаўскім краязнаўчым музеі. І яшчэ адзін цікавы факт пра дзятлаўскі паркет: ім выслана адна з залаў Эрмітажа. Пра гэта пісаў вядомы навуковец Аркадзь Смоліч у сваёй кнізе “Геаграфія Беларусі”: “Тутэйшыя рамеснікі вырабляюць найлепшы паркет”. Акрамя таго ён адзначаў, што Дзятлава актыўна развівалася:”На поўнач ад Слоніма, у гарыстай мясцовасці ляжыць прамысловае мястэчка Дзятлава. Мястэчка ўвогуле гандлёвае і багатае. Насельніцтва- каля 5 тысяч чалавек».

Нягледзячы на ўсё вышэйсказанае, яўрэйскае насельніцтва не было багатым у асноўнай сваёй масе. Гэты факт пацвярджае тое, што ў 1862 годзе прадстаўнікі мясцовай яўрэйскай абшчыны падрыхтавалі хадайніцтва да віленскага генерал-губернатара з просьбай аб перадачы ім у арэнду фермы дзятлаўскага казённага маёнтка, які быў створаны  на землях, канфіскаваных у былога валадара мястэчка Адама Солтана. Просьбіты  апісвалі бядотнае становішча мясцовага яўрэйскага насельніцтва, якое  «з цяжкасцю набывае сабе харч». Імкненне яўрэйскай абшчыны Дзятлава займацца сельскай гаспадаркай не знайшло станоўчага водгуку ў чыноўнікаў Расійскай імперыі, і іх просьба не была задаволена.

Таксама яўрэйскае насельніцтва Дзятлава актыўна займалася аказаннем розных паслуг: каля рэчкі Памарайка, дзе зараз знаходзіцца будынак “Аграпрамбанка”, яшчэ да 1960-гадоў стаяла лазня, якая належала яўрэям. У ёй было памяшканне для мыцця, апарня, а таксама ванны пакой. Да нашага часу будынак не захаваўся. У другой палове XIX-пачатку XX стагоддзя эканоміка мястэчка працягвала паспяхова развівацца. Найбольш буйныя яўрэйскія прадпрымальнікі Дзятлава траплялі на старонкі адрас-календара “Уся Расія: Руская кніга прамысловасці, сельскай гаспадаркі і адміністрацыі”. Яўрэі былі гаспадарамі шматлікіх рэстаранаў, чарачных, чайных, фотамайстэрняў, цырульняў па ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі.

У Дзятлаве Мордух Каўфман, Арцішэўскі, Рабіновіч і іншыя валодалі заезнымі дварамі, невялікімі гатэлямі. Яны стараліся прывабіць кліентаў еўрапейскімі новаўвядзеннямі, напрыклад, більярдам. А лепшая булачная ў мястэчку належала Мордуху Ціткавіцкаму. Перад Другой сусветнай вайной у Дзятлаве  было тры лакамабілі, якія падавалі святло ў дамы жыхароў. У адным доме  дазвалялася павесіць адну лямпачку. Электрычнасць падавалася да 24 гадзін.

Мяшчанскае самакіраванне ў мястэчках рысы яўрэйскай аседласці мела істотную асаблівасць: яно было прадстаўлена пераважна яўрэямі, нягледзячы на тое што, на думку расійскіх улад, органы самакіравання павінны былі складацца на 2/3 з хрысціян. Адпавядаць гэтай норме не было магчымасці, таму што мяшчан хрысціянскага веравызнання ў мястэчках практычн не было.

Напрыклад, у 1884 годзе ў Дзятлаве да мяшчанскага саслоўя належала 1 383 чалавекі, і ўсе яны былі іудзеямі. Акрамя таго, існавалі грамадскія яўрэйскія арганізацыі, найбольш актыўнай з якіх быў Маладзёвы савет.

Яўрэйская абшчына і самакіраванне ігралі важную ролю ў грамадскім жыцці мястэчка. Менавіта дзякуючы ўдзелу багатых яе прадстаўнікоў ажыццяўляўся збор пасагу для дзяўчат з бедных сем’яў.

У “польскі перыяд” развіцця Дзятлава назіраецца адносная свабода арганізацый і асацыяцый. Былі створаны фонды “Лінас Джасціс”, “Народны банк”, “Камітэт дапамогі сіротам”. Удзельнікамі многіх з  іх  з’ўляліся маладыя людзі з яўрэйскіх сем’яў.

Архіўныя дакументы даюць дэталёвую карціну нараджальнасці і смяротнасці мясцовых жыхароў, а таксама захоўваюць інфармацыю пра колькасць шлюбаў і разводаў. У 1840 годзе ў мястэчку было зафіксавана 3 разводы па ўказанай у дакументах прычыне “Не любіліся”, нягдедзячы на тое што яўрэйскія традыцыі патрабуюць непарушнасці шлюбу. Іудаізм дазваляе разводы, прычынамі якіх з’яўляецца абраза бацькоў супрацьлеглага боку, брыдкаслоўе ў адносінах паміж мужам і жонкай. Дастаткова простай была і цырымонія разводу: муж уручаў жонцы гет- дакумент, у якім гаварылася, што яна свабодная і можа ўступіць у новы шлюб.

Рэлігійная структура насельніцтва Дзятлава вызначыла наяўнасць тут культурных устаноў трох канфесій: царквы, касцёла і сінагогі. У 1867 годзе ў мястэчку была драўляная сінагога і чатыры малітьўныя дамы. Пазней быў пабудаваны цагляны будынак сінагогі, які захаваўся да нашых дзён. Зараз у ім размяшчаецца дзятлаўскае падраздзяленне МНС. Пра мінулае будынка сведчыць размяшчэнне вокнаў на бакавых фасадах: адзін рад вялікіх вокнаў змяняецца двума радамі вокнаў меншага памеру. У гэтай частцы будынка за перагародкай другога паверха размяшчалася жаночая  палова сінагогі-бабінец. Жыхар Дзятлава І.І.Белавус успамінаў:” У 1938 годзе я праводзіў перапіс насельніцтва ў Дзятлаве. Усяго тут было жыхароў 5763 чалавекі, з іх толькі 1620 хрысціян, католікаў і праваслаўных, астатнія- яўрэі”. Ён жа ўспамінаў выпадак, які адбыўся ў адной з сінагог. Насупраць былога будынка райкама партыі жыла сям’я Кавалеўскіх. Жылі бедна. Іх сын наймаўся пастухом. Ён ведаў, што згодна з рэлігійным календаром яўрэяў існуе “страшная ноч”, у час якой яны шчыра маліліся, таму што баяліся, каб не з’явіўся нячысцік. Хлопец злавіў варону і,калі ішла служба, кінуў яго ў сінагогу. Там было цёмна, гарэлі толькі свечкі. Варона трапяталася, водбліскі ад свечак бегалі на сценах.Усе спужаліся  кінуліся да дзвярэй. Атрымалася цісканіна, пацярпела некалькі чалавек. Так гэта трагічная гісторыя і скончылася. Хлопец пра яе на працягу многіх гадоў нікому не расказваў. Каб пра гэта даведаліся, то яго моцна пакаралі б.

Рэлігійнае выхаванне ў яўрэйскіх сем’ях было абавязковым. У Дзятлаве існавалі проста вернікі-яўрэі і артадаксальныя. Напрыклад, Фані Коган успамінае, што сям’я з боку маці была вельмі рэлігійнай, а з боку бацькі- не вельмі, але ў сінагогу кожную суботу абавязкова хадзілі ўсе мужчыны( і бацька Фані таксама).

Дзятлаўшчына дала свету некалькі вядомых яўрэяў-прапаведнікаў. Адзін з іх Якаў Кранц (1741, Дзятлава, Беларусь-1804, Замосце, Польшча)-прапаведнік, вядомы як Магід з Дубна. Рабе Якаў доўгі час быў вандроўным прапаведнікам, падарожнісаў па гарадах Літвы, Польшчы, Беларусі і Германіі і выступаў у сінагогах перад мясцовымі  яўрэйскімі абшчынамі, у выніку чаго стаў цудоўным аратарам і выпрацаваў свій стыль тлумачэння святога пісання- прытчу. Яшчэ ў юначым узросце Рабе Якаў пазнаёміўся з легендарным мудрацом, Вленскім Гаонам, які высока цаніў веды юнака, у выніку гэтага паміж імі ўзнікла сяброўства. Паданні сведчаць, што па просьбе блізкіх Віленскага Гаона рабе Кранц спрабаваў пераканаць мудраца сачыць за сваім здароўем:”Калі чалавек не выходзіць з дому і,седзячы пад замком, днем і ноччу вывучае Тору, а затым становіцца вялікім мудрацом, — гэта не фокус. Любы, што будзе так рабіць, можа стаць Гаонам! Але калі чалавек чсам спыняе свае заняткі, выходзіць на шпацыр, любуецца прыгажосцю гэтага свету, размаўляе з людзьмі і, тым не менш, застаецца Гаонам- вось гэта фокус!” (Сарей амеа 2:3; Гаон с. 234).

Пасяліўшыся пасля шматлікіх вандраванняў у Дубне, Кранц стаў гарадскім магідам (магтд-прапаведнік, часцей за ўсё вандроўны). Зборнік пратчаў Рабе Кранца быў выдадзены пад назвай “Мішлей Якаў” (“Прытчы Якава”, 1887г.).“Неяк раз пайшоў  магід з Дубна збіраць цдаку (ахвяру) для бедных. Прыйшоў ён да аднаго багатага, а той захацеў адчапіцца ад яго невялікай ахвярай. Тады магід намякнуў яму, што нядобра багатаму так рабіць і што іншыя, бяднейшыя за яго, далі значна больш. Тады багацей сказаў яму:”Можа быць, і так, але я завяшчаў вялікую суму бедным”. На гэта магід адказаў:”Сяляне вырошчваюць курэй і свіней. Курыца нясе па маленькаму яечку ў дзень, а свіння дае шмат сала і мяса. Нягледзячы на гэта ўсе любяць курэй, нават дазваляюць ім скакаць і пералятаць у пакоях, а свінні адводзяць месца далей ад дома. Што такое ёсць у свінні, што ад яе стараюцца быць падалей, нягледзячы на ўсю выгаду, якую яна прыносіць? Паслухай, што я скажу табе: курыца дае тое, што ў яе ёсць, хоць гэта і невялікае багацце, адразу і кожны дзень, а свіння,наадварот, дае шмат, але толькі пасля смерці”.

Яшчэ адна выдатная асоба- Ізраіль Меір Ха-Кохен (1838, Дятлава-Радунь,1933), вядомы як Хафец Хаіл-талмудыст, адзін з вядучых аўтарытэтаў артадаксальнага яўрэйскага новага часу, заснавальнік і глава знакамітай іешывы ў Радуні, аўтар кніг пра грахоўнасць злаязыкасці, пра сутнасць дабрачыннасці. “Ці бачылі вы, пытаўся ён у сваіх чытачоў, каб набожны яўрэй адклаў трубленне ў шофер або ўзнясенне “чатырох відаў раслін” на наступны дзень? Наадварот, кожны стараецца выканаць гэтыя запаветы ў той жа дзень, раніцай, і радуецца таму, што ўдалося ажыццявіць загад Тварца ў дакладнай адпаведнасці з Галахай. Але калі справа даходзіць да своечасовай выплаты работніку, людзі выказваюць нейкую дзіўную халатнасць і грэбуюць гэтым,- а гэта ж таксама запавет Торы, як сказана:”Не затрымлівай выплаты наёмнаму работніку да раніцы”, і яшчэ дадаецца:”У той жа дзень аддай яму плату”.

Гэта вытрымка падкрэслівае той факт, што сярод яўрэяў Дзятлаўшчыны былі дастаткова вядомыя людзі,багасловы, філосафы, якія валодалі высокім узроўнем адукаванасці і ў сваіх павучаннях падкрэслівалі неабходнасць захавання традыцыйных нормаў і правіл паводзін у яўрэйскім асяродку.

Яшчэ адзін вядомы дзятлаўскі яўрэй- равін Залман Сароцкін, сядзеў на равіната на працягу 17 гадоў з 1912 да 1929 года. Пасля ад’езду ў Ізраіль стаў старшынёй Савета мудрацоў Торы ў Ерусаліме. У 1951 годзе ён выдаў кнігу “Ушы Торы”, за якую атрымаў узнагароду «HRB Кок».

У яўрэйскай абшчыне вялікае значэнне ўдзялялася адукацыі. Вельмі цікавыя ўспаміны пра 1920-30-ыя гады на Дзятлаўшчыне пакінула Ліза Каплінская. Яна пісала: “Насельніцтва ў горадзе было шэсць тысяч душ, сярод іх чатыры з паловай тысячы былі яўрэямі, астатнія былі беларусы, трохі палякаў. З культурных устаноў у Дзятлаве існавалі яўрэйская школа (каля 100 дзяцей і 6 настаўнікаў) з выкладаннем на ідыш; іўрыцкая школа (250 дзяцей і 7 настаўнікаў); рэлігійная школа для бедных дзяцей Талмуд-Тора, заснаваная ў 1909 годзе (100 дзяцей і 4 настаўнікі). Яўрэйскія дзеці маглі хадзіць таксама ў дзяржаўную польскую школу-сямігодку” Калі майму бацьку было шэсць гадоў, яго аддалі ў адну з чатырох школ Гжэтла, якая называлася “Талмуд Тора”, яўрэйскую рэлігійную школу, у ёй вывучалася і польская мова. Афіцыйныя асобы, такія як паліцыя, суддзі, адміністрацыя горада, не гаварылі па-яўрэйску. Таму яўрэйскаму насельніцтву неабходна было валодаць польскай і мясцовай мовамі. У Талмуд-Торы ўрокі рэлігіі праводзіліся на іўрыце,старажытнай яўрэйскай мове семіцкай групы моў, а нерэлігійныя прадметы вывучаліся на польскай мове. Існавала школа культуры- арганізацыя для выхавання бедных яўрэйскіх дзяўчынак і падрыхтоўкі іх да вядзення хатняй гаспадаркі. Яе заснавальнікам з’яўляўся  Соал Каплінскі- прадстаўнік бізнесу і старшыня сіонскага руху ў Дзятлаве. Абшчына арганізоўвала адпачынак дзяцей у лагерах пад кіраўніцтвам выхавацеляў.

Яўрэйская моладзь працягвала сваю адукацыю ў сярэдніх школах Гродна, Ліды і Вільні. Пашчасціла даведацца пра вядомага дзіцячага паэта Абрама Абніцкага. Яго вершы былі знаёмыя ўсім дзецям, якія вучыліся ў школе.

У мястэчку перыядычна дэманстравалася сучаснае кіно. Яўрэйскі драматычны гурток рэгулярна паказваў спектаклі. Існавала і вялікая яўрэйская бібліятэка. У Дзятлаве жыло шмат пісараў (сафераў), якія пісалі свяшчэнныя кнігі, малітвы. Адзін са старажылаў Дзятлава расказваў, што грамадскае жыццё ў мястэчку было вельмі актыўным. Мясцовыя жыхары ахвотна хадзілі на канцэрты аркестра, у якім ігралі яўрэйскія музыканты, наведвалі прадстаўленні вандроўнага цырка, дзе выступалі  такія незвычайныя жывёлы, як тыгры і ільвы, хадзілі на танцы і арганізоўвалі футбольныя матчы.

Пра высокі ўзровень развіцця медыцынскага абслугоўвання сведчыць  наяўнасць стаматалагічнага кабінета, у якім Ханія Роскін займаўся лячэннем і пратэзаваннем зубоў.

Дзятлава доўгі час уяўляла сабой прыклад “штэтла”-з’явы, без якой немагчыма ўявіць сабе жыццё яўрэяў Усходняй Еўропы. Гэты тэрмін характарызуе тып паселішчаў разам з горадам ці вёскай, якія захавалі традыцыі цэнтра яўрэйскай гісторыі і культуры і афіцыйна праіснавалі да 1939 года.

 

Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Алена Радомская, настаўніца гісторыі гімназіі №1 г.Дзятлава

 

Читайте также: