Да года малой радзімы: Іван Мікалаевіч Белы- прафесар з вёскі Гярбелевічы

Дзятлаўская зямля нарадзіла нямала вядомых людзей- паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, вучоных. Кожны з іх пакінуў пасля сябе не толькі добрую памяць у душах людзей, але і плён сваёй працы. Той працы, якой карыстаецца і будзе карыстацца яшчэ не адно пакаленне беларусаў. І менавіта таму гэтыя людзі жывуць сярод нас, хоць многія ўжо даўно адышлі ў лепшы свет. І хочацца, каб пра іх не забываліся, каб можна было знайсці часцінку чалавекага жыцця і плёну нават тады, калі не стане самых блізкіх. Не заўсёды мы паспяваем зрабіць гэта своечасова, але, калі ўдаецца знайсці сваякоў, блізкіх вядомага чалавека, адчуваешь вялікае задавальненне.

У верасні спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння Івана Мікалаевіча Белага, прафесара Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, які нарадзіўся ў вёсцы Гярбелевічы. Знайсці звесткі пра Івана Мікалаевіча аказалася не так лёгка. Спачатку  напісала ў аддзел кадраў універсітэта, але ніякаў дакладнай інфармацыі не атрымала. Патэлефанавала мне на мабільны дзяўчына і сказала, што ніякай інфармацыі пра прафесара няма, што яна, інфармацыя, можа быць у архівах, а шукаць там нешта ў яе проста няма часу. Іншых каардынатаў у музеі не было. Я аказалася ў тупіку. Тыдні два паперка з прозвішчам прафесара ляжала на маім рабочым стале, пакуль, нарэшце, у галаву не прыйшла авантурная думка- узяць тэлефонны даведнік Дзятлаўскага раёна і тэлефанаваць па чарзе ўсім абанентам па прозвішчы Белы з вёскі Гярбелевічы. Людзі гаварылі ветліва, разважалі, выказвалі свае меркаванні. І вось, на маё шчасце, трапіла да жанчыны, якая працуе ў Казлоўшчынскай гарадской бальніцы. Яна расказала, што зараз там лечыцца пажылы чалавек з Гярбелевіч па прозвішчы Белы і яна пасля абеду распытае ў яго пра прафесара. Магчыма, той нешта ведае. Праз некалькі гадзін жанчына патэлефанавала ў музей і  прадыктавала нумар тэлефона Канстанціна Аляксандравіча Шапеля, былога настаўніка рускай мовы, які сябруе з сям’ёй прафесара Белага. Тут жа набрала нумар Канстанціна Аляксандравіча. Распытала- і атрымала  мінскі тэлефон сям’і, прозвішча і імя жонкі Івана Мікалаевіча, Раісы Іванаўны, якая, па меркаваннях субяседніка, павінна жыць у іх кватэры. Але нумар аказаўся стары, па ім нельга было дазваніцца. Доўга спрабавала знайсці нешта ў інтэрнет-даведніку па Мінску, а потым атрымала тэлефон па прозвішчы жонкі на даведцы 109. І вось Раіса Іванаўна ўжо размаўляе са мной, успамінае Канстанціна Аляксандравіча. Калі шчыра, то спачатку яна ўспрыняла маю просьбу без усякага энтузіязму. Аднеквалася, што не мае здароўя і ахвоты нешта шукаць,нядаўна перанесла аперацыі на тазабедраны сустаў, што лепш звярнуцца ва ўніверсітэт на кафедру. І толькі пасля доўгіх перамоў  паабяцала перагледзець архіў мужа, нешта адабраць для музея. Канчаткова дамовіліся так: калі прыязджаю ў Мінск, тэлефаную, і мы сустракаемся. Такая сустрэча адбылася на пачатку красавіка, калі паехала ў сталіцу па сваіх справах і мела некалькі гадзін на сустрэчу.

Адчыніла дзверы кватэры высокая сівая жанчына, акуратна апранутая, з прычоскай, з манікюрам. Рухалася, апіраючыся на палачку. Прайшлі ў залу, пачалі разглядаць фотаздымкі, дакументы, навуковыя працы Івана Мікалаевіча. Як аказалася ў працэсе размовы, Раіса Іванаўна не пашкадавала для музея не толькі рэдкіх фотаздымкаў, але і некаторых каштоўных рэчаў прафесара. Яна перадала ў музей ручку з залатым пяром, якую Іван Мікалаевіч атрымаў з нагоды пяцідзесяцігоддзя.

Ад яе даведалася, што рос ён у працавітай сям’і, дзе рэй вяла маці і хацела, каб усе тры яе сыны вучыліся, што Ваня ў сям’і быў самым ціхім, пяшчотным, добра вучыўся, меў вялікую ахвоту да чытання. Расказала выпадак з дзяцінства мужа. У хлопцаў з сям’і Белых не было веласіпеда, а пакатацца вельмі хацелася. І калі да Вані прыязджалі сябры з веласіпедамі, ён даваў ім спісваць дамашняе заданне па матэматыцы, а сам у гэты час катаўся, колькі хацеў.

Калі скончыў школу, паступаў у Львоўскі геолага-разведвальны інстытут, але не хапіла балаў. Тады пайшоў у мінскі інстытут народнай гаспадаркі, з якім потым звязаў усё сваё жыццё. Тут працаваў, абараняў спачатку кандыдацкую, потым доктарскую, тут узначальваў кафедру, атрымаў званне прафесара. Накірункам яго навуковай дзейнасці быў сабекошт прадукцыі ў сельскай гаспадарцы. Па гэтай тэме напісана шмат прац і падручнікаў для студэнтаў, якімі карыстаюцца і сёння.

-Быў Іван Мікалаевіч вельмі добрым чалавекам. Жылі мы дружна, шчасліва,- расказвае Раіса Іванаўна.- Вучыліся ў адной групе, сябравалі, потым сталі мужам і жонкай. У нас две дачкі, Света і Іра, яны таксама выбралі эканамічныя прафесіі. Старэйшая, Света, ужо на пенсіі. Памёр Іван нечакана і вельмі рана, у пяцьдзясят дзевяць гадоў. Нічога ў той дзень не выдавала, што здарыцца бяда. Быў выхадны дзень. Мы пайшлі шукаць вялікую мяккую цацку для ўнучкі, гулялі па горадзе. І раптам яму стала дрэнна. Выклікалі хуткую- інфаркт. Ён і памёр у мяне на руках у бальнічнай палаце. Не шкадаваў сябе- працаваў шмат, без адпачынку.

Размова з Раісай Іванаўнай перайшла ў цёплае, сяброўскае рэчышча. Яна была ўжо згодна з тым, што памяць пра  Івана Мікалаевіча павінна захоўвацца на яго малой радзіме і землякі павінны ведаць яго імя.

Развітваліся шчыра. Спачатку пілі гарбату з піражкамі, потым пакавалі экспанаты для музея. Спытала напрыканцы, ці бывае сям’я на радзіме мужа. У адказ пачула:”Не, не ездзім”. А шкада. Шкада, што так хутка ўсё мінаецца. Дык няхай хоць на некаторы час землякі ўспомняць добрым  словам  прафесара з вёскі Гярбелевічы Івана Мікалаевіча Белага.

Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Читайте также: