Навуковая канферэнцыя «ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА ДЗЯТЛАЎШЧЫНЫ» да 520-годдзя г.Дзятлава

14 верасня ў г.Дзятлава прайшла навуковая канферэнцыя «ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА ДЗЯТЛАЎШЧЫНЫ», прысвечаная 520-годдзю г.Дзятлава. Канфэрэнцыя была арганізавана Інстытутам гісторыі Акадэміі навук Беларусі, Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэтам, Дзятлаўскім дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеем. На ёй прысутнічалі вядомыя навукоўцы, знакамітыя людзі, выхадцы з дзятлаўскай зямлі, настаўнікі, жыхары горада і раёна. На пленарным паседжанні выступілі Лакіза Вадзім Леанідавіч , намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт;  Лакотка, Аляксандр Іванавіч, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар, член Саюза архітэктараў Беларусі; Голубеў Валянцін Фёдаравіч, загадчык цэнтра спецыяльных гістарычных навук і антрапалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар; Аляхновіч Рагнеда Анатольеўна, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі; Доўнар Аляксандр Барысавіч, загадчык аддзела археаграфіі і крыніцазнаўства Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук; Сергачоў Сяргей Аляксеевіч, прафесар  Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, доктар архітэктуры, прафесар; Літвін Аляксей Міхайлавіч, загадчык аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук. У дакладах былі асветлены цікавыя факты з гісторыі Дзятлава і дзятлаўскай зямлі, падняты пытанні, якія раней мала закраналіся ў навуковай літаратуры і публікацыях. Дзякуючы пошукавай працы навукоўцаў  і архівістаў, акрэслілася кола праблем, над якімі неабходна працаваць у бліжэйшы час, каб захаваць і памножыць гістарычную і культурную  спадчыну Дзятлаўшчыны.

На паседжанні граматамі  Інстытута гісторыі  НАН Беларусі былі ўзнагароджаны дзятлаўскія краязнаўцы, вучні школ Дзятлаўскага раёна, сярод якіх  Фёдар Фёдаравіч Красюк, Міхаіл Іванавіч Лук’янчык, Людміла Мікалаеўна Лапата, Алена Рыгораўна Абрамчык, Алена Вікенцьеўна Радомская і многія іншыя (усяго 22 чалавекі).

У другой палове дня працавалі навуковыя секцыі: «Дзятлаўшчына ў Сярэднія вякі і Новы час» (СШ№1 г.Дзятлава), «Дзятлаўшчына ў Найноўшы чаc» (Гімназія № 1 г. Дзятлава).

Напрыканцы ўдзельнікам канферэнцыя была прапанавана экскурсія па горадзе з наведваннем Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Вынікам працы форуму стане выданне кнігі матэрыялаў канферэнцыі, якая з’явіцца ў пачатку наступнага года.

 

 

 

Читайте также: