Паштоўка з аўтографам Ю.Гагарына

Такая паштоўка нядаўна апынулася ў фондах нашага музея. І гэта стала магчымым дзякуючы Савань Яўгеніі Рыгораўне, былой настаўніцы СШ№1, выдатніку адукацыі, якая сёлета адзначыла сваё 80-годдзе.

Супрацоўнікі рыхтавалі выставу да Года малой радзімы пад назвай “Славутыя людзі малой радзімы”, на якой хацелі паказаць праз асобы ўсе сферы жыцця грамадства— навуку, вытворчасць, сельскую гаспадарку, медыцыну, педагогіку, прыгожае пісьменства. Прадстаўніком педагогікі выбралі Яўгенію Рыгораўну. Звязаліся з ёй, патлумачылі сітуацыю. Яна з задавальненне згадзілася сустрэцца і падзяліцца сваім архівам. І вось ваша пакорная служка ўжо дома ў вядомай усім у Дзятлаве настаўніцы. Доўгая размова, знаёмства з фотаздымкамі, узнагародамі, дарагімі сэрцу рэчамі. Як аказалася, Яўгенія Рыгораўна была дэлегатам ад Гродзенскай вобласці на XV з’ездзе УЛКСМ у Маскве. Гэта быў 1966 год. І падчас з’езда для дэлегатаў была наладжана сустрэча з Юрыем Гагарыным. Да сустрэчы некаторыя маладыя людзі паспелі набыць набор паштовак з выявамі першых касманаўтаў. Напрыканцы сустрэчы Юрый Аляксеевіч даваў аўтографы. Адзін з іх прывезла ў Дзятлава Яўгенія Рыгораўна.

Яўгенія Рыгораўна перадала матэрыялы, фотаздымкі, узнагароды, памятныя рэчы нашаму музею. Вялікі дзякуй ёй за гэта.

Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея.

Читайте также: