Шчасце, падараванае лёсам

Часам можна пачуць: шчаслівы лёс дастаўся чалавеку. Ад чаго ж ён залежыць, гэты шчаслівы лёс? Адзін скажа, што ад удачы: нарадзіўся чалавек “у кашулі”, вось і шанцуе ўсё жыццё, і рабіць нічога для гэтага не трэба. А іншы, хто сам прайшоў праз жыццёвыя церні і выпрабаванні, упэўнены: шмат залежыць і ад самога чалавека, ад яго працаздольнасці, імкнення да мэты, волі.

“Бачыць святло ў канцы тунэля”, — такім дэвізам карысталася ў жыцці наша зямлячка, прафесар, доктар філалагічных навук Марыя Іосіфаўна Канюшкевіч, якую наведала напрыканцы кастрычніка ў Гродна. Аднойчы цёплым суботнім вераснёўскім днём Марыя Іосіфаўна і Міхаіл Сяргеевіч завіталі на некалькі хвілін у музей. Былі ў Дзятлаве праездам. Тады і дамовіліся пра сустрэчу ў іх дома. Час не вызначалі, абмяняліся тэлефонамі, электронкамі. Марыя Іосіфаўна папрасіла падумаць і прапанаваць студэнтам яе факультэта  некалькі тэм для напісання курсавых, звязаных з Дзятлаўшчынай, а яшчэ скінуць  на электронку спіс таго, што хацеў бы адрымаць музей ад іх сям’і ў якасці экспанатаў. Падчас той кароткай размовы даведалася, што пара святкуе ў лістападзе свае юбілеі: Міхаілу Сяргеевічу Канюшкевічу, хірургу, які шмат гадоў узначальваў хірургічнае аддзяленне Абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, спаўняецца восемдзясят, а Марыі Іосіфаўне- семдзясят пяць.

Сустрэча нарэшце адбылася. Сяджу ў гасцёўні, размаўляю з Міхаілам Сяргеевічам, а яго жонка гатуе для нас сняданак.  Гаспадар расказаў, што абое яны нарадзіліся ў Дзятлаўскім раёне: ён- у вёсцы Хвінявічы, а Маша- у Погірах. У 1957 годзе скончыў СШ №1 г.Дзятлава, паступіў у Віцебскі медыцынскі інстытут на лячэбны факультэт. Вучыўся амаль на выдатна, будучая прафесія вельмі падабалася, таму стараўся засвоіць усё, што давалі выкладчыкі і медыцынская практыка. Калі быў на шостым курсе, пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Яна, дзевятнаццацігадовая студэнтка педінстытута, прыйшла з сяброўкамі ў Хвінявічы на танцы. Патанцавалі, абмяняліся адрасамі. І сустракаліся да вяселля толькі разы тры. Некалькі разоў размаўлялі па тэлефоне, перапісваліся. Перад размеркаваннем Міша зразумеў, што, каб атрымаць першае рабочае месца ў Беларусі, трэба быць жанатым. І ён прапанаваў Машы руку і сэрца. Адразу згадзіцца яна не магла, бо нядаўна памерла мама. Але напэрэдадні размеркавання, у сакавіку, сталі мужам і жонкай.

У 1963 годзе Міхаіла Сяргеевіча накіравалі ў Наваельнянскі санаторый, туды ж прыехаў у той год і выпускнік Мінскага медінстытута Яўген Мацвееў з жонкай.  Разам працавалі, сябравалі. У доме Канюшкевічаў  сярод любімых кніг  размясціліся ўсе сем зборнікаў лірыкі Яўгена Мацвеева, Марыя Іосіфаўна пісала да іх прадмовы.

Шлях Міхаіла Сяргеевіча як хірурга не быў простым: давялося працаваць і ў Германіі, дзе быў ваенным хірургам, і ў Лідзе, і ў Гродна. Прычым у Гродна перабраліся дзеля жонкі, якой прапанавалі працу выкладчыка на філфаку. І здарылася гэта якраз тады, калі ў Лідзе вось-вось павінны былі атрымаць кватэру. Зноў усё з нуля, але  разуменне патрэб адзін аднаго, павага, каханне, якое пранеслі праз усё жыццё, давалі сілы і рашучасці ісці далей. У Гродна хірург ад бога Міхаіл Сяргеевіч Канюшкевіч вельмі хутка стаў вядомым сярод калег, узначаліў хірургічнае аддзяленне Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, дзе адслужыў верай і праўдай 26 гадоў. Тысячы аперацый, тысячы выратаваных жыццяў. Але на гэтым працоўная дзейнасць хірурга не прыпынілася: калі перастаў аперыраваць, яшчэ шмат гадоў працаваў на прыёме ў раённай паліклініцы, амаль да васьмідзесяці гадоў. Агульная колькасць працоўнага стажу- пяцьдзясят шэсць гадоў. Толькі нядаўна, напачатку кастрычніка, вырашыў канчаткова пайсці на адпачынак па стане здароўя.

Пасля сняданку да размовы далучылася Марыя Іосіфаўна, як сапраўдны філолаг, гаварыла шмат, успамінала розныя выпадкі са свайго жыцця, паказвала фотаздымкі і ўзнагароды, каменціравала. Самай дарагой узнагародай лічыць дзяржаўную ўзнагароду Беларусі, якую ўручаў Прэзідэнт нашай рэспублікі А.Р.Лукашэнка,- медаль Францыска Скарыны, што атрымала ў 2004 годзе. Лёс Марыі Іосіфаўны ў навуцы склаўся ўдала. На яе думку, жыццё давала авансы, якія трэба было адпрацоўваць, і добрых людзей. З удзячнасцю ўспамінае свайго выкладчыка, кіраўніка кандыдацкай дысертацыі на філфаку БДУ П.П.Шубу, лічыць сябе не толькі яго вучаніцай, але і прадаўжальніцай справы развіцця русістыкі на беларускай глебе.

Марыя Іосіфаўна як вучоны займаецца параўнальнай лінгвістыкай, гэта значыць, праводзіць параўнальны аналіз сінтаксісу беларускай і рускай моў. Самая значная праца- “Беларускія прыназоўнікі і іх аналагі” ў трох тамах. Таксама з’яўляецца аўтарам і сааўтарам шматлікіх навучальных дапаможнікаў для школ і вышэйшых навучальных устаноў. Працуе і зараз, выкладае на філфаку, піша шмат навуковых артыкулаў. Іх у яе больш за трыста. За час сваёй працы ва ўніверсітэце аб’ездзіла ўсе краіны блізкага замежжа, была ўдзельніцай шматлікіх навуковых канферэнцый у краінах Еўропы. Але самым значным набыткам Канюшкевічаў з’яўляецца іх сямья: сын, дачка, пяцёра ўнукаў і праўнук. Яны ганарацца імі, падтрымліваюць, разумеюць, прабачаюць іх памылкі і хібы ў пошуках сябе, бо разумеюць, што шлях да самога сябе часам бывае доўгім і няпростым.

Есць у сям’і і агульнае хобі- летнік, дзе яны праводзяць вольны час. Марыя Іосіфаўна захапляецца кветкамі,  у кватэры таксама падваконнікі застаўлены маленькімі вазончыкамі, у якіх цвітуць кветкі розных гатункаў. А на сняданак гаспадыня прапанавала салату са свежай радыскі з травамі, вельмі смачную і карысную.

Несучы ёмісты пакунак з экспанатамі да тралейбуснага прыпынку, трошкі зайздросціла гэтай цудоўнай пары. Якое гэта шчасце- пражыць разам столькі гадоў, прайсці праз усе цяжкасці і зберагчы каханне і павагу, стаць прыкладам для дзяцей і ўнукаў. Няхай і надалей шчасціць ім, хай лёс дае доўгае і плённае жыццё.

Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

 

Читайте также: