Рэпрэсіі на Дзятлаўшчыне і «Армія Андарса»

  Генерал Уладзіслаў Андарс у англійскай форме

 

   «Армія Андарса» РСФСР 1942 год

У спісах рэпрэсіраваных Дзятлаўскага раёна, падрыхтаваных для кнігі “Памяць”  упраўленнем унутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама ў 1996 годзе, значыцца 211 чалавек. Гэта цэлыя сем’і, сярод якіх сустракаюцца і немаўляты. Людзей рэпрэсіравалі за тое, што яны працавалі ў панскай сям’і служанкамі, былі  залічаны савецкай уладай у “кулакі”, да 1939 займалі пасады пры польскай уладзе ў лясніцтве, былі асаднікамі, а таксама вялікая колькасць сем’яў былых ваеннаслужачых “Арміі Андарса”. Пытанне рэпрэсій на Дзятлаўшчыне маладаследаванае, захацелася даведацца, хто з гэтых людзей жывы, пагутарыць з імі, запісаць успаміны пра перажытае. Такіх сведкаў знайшлося няшмат-большасць ужо ў лепшым свеце, аднак сякія-такія зачэпкі ўсё ж удалося знайсці.

І першае, пра што хочацца расказаць, — гэта пра вайсковыя фарміраванні пад назвай “Армія Андарса”. Грамадскасці Беларусі гэта тэма стала шырокадаступнай у 2016 годзе, калі ў музеі Вялікай Айчыннай вайны з’явілася экспазіцыя, што складалася з матэрыялаў, прадастаўленых пасольствам Рэспублікі Польшча ў Мінску, фондаў музея Вялікай Айчыннай, а таксама асабістай калекцыі беларускага гісторыка Ігара Мельнікава. Экспазіцыя раскрывала малавядомыя старонкі Другой сусветнай вайны і расказвала пра лёсы салдат -«андарсаўцаў», ураджэнцаў Заходняй Беларусі, якія, трапіўшы ў савецкі палон у 1939 годзе, прайшоўшы лагеры і спецпасяленні, апынуліся ў польскім вайсковым фарміраванні ў складзе брытанскай арміі і ўдзельнічалі ў баях за вызваленне Італіі. «Армія Андарса» —умоўная назва фарміраванняў узброеных сіл  Польскай Рэспублікі, створаных у 1941 годзе на тэрыторыі СССР згодна з дамоўленасцю паміж савецкім і польскім  урадам у выгнанні, з польскіх грамадзян, якія знаходзіліся на тэрыторыі СССР, у тым ліку бежанцаў, інтэрніраваных вайскоўцаў польскай арміі і амнісціраваных зняволеных. Па афіцыйных звестках армія налічвала 75 491 вайскоўцаў, была створана і ўтрымлівалася за кошт матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў СССР і часткова за кошт сродкаў краін антыгітлераўскай кааліцыі Вялікабрытаніі і ЗША (абмундзіраванне і рыштунак). Аднак, насуперак першапачатковай дамоўленасці паміж урадам Савецкага Саюза і Польскай Рэспублікі аб сяброўстве і ўзаемнай дапамозе, у адпаведнасці з якой створаная армія павінна была “весці вайну з нямецкімі разбойнікамі разам з савецкімі войскамі”, а таксама згодна з загадам прэм’ер-міністра Польшчы В.Сікорскага, які прапаноўваў арміі застацца  ў СССР і ваяваць разам з Савецкай Арміяй, на розных падставах  вясной-летам 1942 года “армія Андарса” была вывезена з СССР  у Іран, дзе ў ліпені 1943 года была перафарміравана ў 2-гі польскі корпус у складзе брытанскай арміі, які толькі ў студзені 1944 года ў складзе 8-й брытанскай арміі быў адпраўлены на італьянскі фронт Другой сусветнай вайны.

Пятага ліпеня 1945 года Вялікабрытанія і Злучаныя Штаты, якія былі да гэтага часу саюзнікамі Польскага ўрада ў выгнанні, перасталі прызнаваць гэты ўрад. У гэты час 2-гі польскі корпус дасягнуў максімальнай колькасці за ўвесь перыяд свайго існававання. У маі 1946 года міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Эрнэст Бэвін выдаў загад  аб роспуску польскіх падраздзяленняў брытанскай арміі. Апошнія падраздзяленні арміі Андарса былі расфармірованы ў 1947 годзе. Большасць былых вайскоўцаў засталася ў эміграцыі, аднак некаторыя былыя ваеннаслужачыя “арміі Андарса”, у асноўным украінцы і беларусы, ураджэнцы Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі, вярнуліся ў СССР. У 1951 годзе 4520 “андарсаўцаў” і членаў іх сем’яў былі адпраўлены на спецпасяленне ў Іркуцкую вобласць да жніўня 1958 года.

У 1971 годзе Вярхоўны суд БССР прызнаў неабгрунтаванасць дэпартацыі былых “андарсаўцаў”.

Сярод дзятлаўчан за прыналежнасць да “арміі Андарса” былі высланы сем’і Баброўскага Уладзіміра Міхайлавіча з вёскі Уланаўшчына з жонкай Аленай, дзецьмі Васілём, Сямёнам і Іванам; Кардаша Васіля Іванавіча з вёскі Аханяны з жонкай Ганнай, дзецьмі Зінаідай, Раманам і Іванам; Ляўкевіча Васіля Фёдаравіча з жонкай Верай, дзецьмі Аленай і Уладзімірам; Максімчыка Сцяпана Восіпавіча з вёскі Паўсаты з жонкай Зінаідай і дзецьмі Іванам, Марыяй,Анастасіяй, Ганнай; Мартынчыка Восіпа Мартынавіча з жонкай Верай і дачкой Зінаідай; Станкевіча Іосіфа Станіслававіча з жонкай Надзеяй і дзецьмі Леанідам і Ядвігай; Татарчыка Рыгора Федаравіча з вёскі Гярбелевічы з жонкай Марыяй і дзецьмі Франяй і Цэсіяй; Хрышчановіча Міхаіла Ільіча з вёскі Гезгалы з жонкай Аленай і сынам Уладзімірам; Яраша Канстанціна Антонавіча з вёскі Вішава з сястрой Анастасіяй, дзецьмі Соф’яй, Яўгенам і Мікалаем; Лішыка Міхаіла Пятровіча з вёскі Драбавічы(сям’і не меў).

Дзятлаўскі раённы краязнаўчы музей займаецца пошукам звестак пра гэтых людзей і запісам успамінаў. Калі чытачы газеты могуць што-небудзь паведаміць, просьба патэлефанаваць у музей на нумар 21-3-41.

   Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

 

 

Читайте также: