Паўстанцы з Нагародавіч

Напэўна, большасці нашых землякоў вядома імя Вікенція Дмахоўскага, мастака 19 стагоддзя з вёскі Нагародавічы Дзятлаўскага раёна. Ён некаторы час жыў там у сваім фальварку, пісаў карціны, самай папулярнай з якіх можна назваць “Двор у Нагародавічах”. Карціна яскрава дэманструе тагачаснае жыццё шляхты: каля фальварка—вялізны двор, які зарос муравай  і дробнымі белымі  рамонкамі, пад пільным прыглядам нянек гуляюць дзеці, пасуцца куры і вольна плаваюць на гладзі рачулкі гусі, сушыцца на вяроўках вымытае адзенне і бялізна. Удалечыні, у карэтніку, расчынены дзверы. Праз іх відаць аглоблі брычкі. У цяні непадалёк—звычайны сялянскі воз. А на заднім плане – аднапавярховы драўляны прыземісты будынак фальварка пад высокім дахам. Перад будынкам – прыгожыя пышныя ліпы і  пірамідальныя таполі, што цягнуць свае рукі ў неба. За домам відаць  сад.

Як лічыць даследчык-краязнавец з Ліды Леанід Лаўрэш, сучаснікі не ацанілі алейнай кампазіцыі Дмахоўскага, але спецыялісты годна ацэняць пазней, калі яго карціна «На радзіме (Двор у Нагародавічах)» з прыватнага збору графа Ігнацыя Корвін–Мілеўскага патрапіць на рэтраспектыўную львоўскую выставу 1894 г.

Гісторыя жыцця Вікенція Дмахоўскага дастаткова тыповая для шляхціца Гродзенскай губерніі пачатку 19 стагоддзя. Аднак ёсць у ёй шэраг фактаў, што заслугоўваюць асаблівай увагі. Адзін з іх— у Нагародавічах бываў Адам Міцкевіч. Дадзены факт зафіксаваны ў польскіх крыніцах, у прыватнасці ў кнізе Е.Хлапіцкага “Замалёўкі з падарожнай сумкі”, якая выйшла ў 1869 годзе.

Такое, натуральна, магло быць. Дзятлаўшчына і Навагрудчына знаходзяцца побач, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і шляхціцы першай паловы 19 стагоддзя ведалі адзін аднаго, многія перасякаліся ў час вучобы, гасцявалі разам у сяброў, сваякоў, тым больш што ў той час нарастала незадаволенасць перадавой шляхецкай моладзі ўладай царскай Расіі, што таксама давала падставу для сустрэч і размоў. А яшчэ вядома, што пачатковую адукацыю Вікенцій Дмахоўскі атрымаў у піярскім вучылішчы ў Шчучыне (а па некаторых звестках вучыўся у Наваградку) і ў 1826 г. паступіў у Віленскі ўніверсітэт на філалагічны факультэт. Для шляхты лічылася прэстыжным атрымаць адукацыю юрыста, філосафа або літаратара. Знаёмства з Міцкевічам магло адбыцца якраз у гэты адрэзак часу. Але як бы там ні было, прыемна ўсведамляць, што па нашай зямлі некамі хадзіў вялікі аўтар “Пана Тадэвуша”.

Другі, не менш цікавы факт: Дмахоўскі быў удзельнікам паўстання 1830-1831 гадоў. Паўстанне разгарнулася на расійскай частцы былой Рэчы Паспалітай за яе аднаўленне ў межах 1772 года (польская гісторыяграфія называе яго Лістападаўскім паўстаннем). Безумоўна, лепшыя прадстаўнікі зецельскай шляхты, такія як Адам Солтан, уладальнік мястэчка Здзецела, Вікенцій Дмахоўскі, далучыліся да паўстання, тым больш што непадалёк, у Навагрудскім павеце, дзейнічаў атрад  Я. Кашыца і М. Мяржэўскага, які налічваў 1 тыс. чалавек. У чым дакладна заключаўся ўдзел нашага земляка ў паўстанні, зараз сказаць складана. Магчыма, забяспечваў паўстанцаў зброяй і харчаваннем. Пакуль што не знойдзены крыніцы, якія далі б адказ на гэта пытанне, аднак вядома, што пасля паразы паўстання пачаліся рэпрэсіі. Сваіх маёнткаў пазбавіліся Агінскія, Солтаны, Плятэры, Радзівілы, Сапегі, Чартарыйскія. Не канфіскавалі маёмасць толькі ў тых, хто сам з’явіўся на працягу месяца пасля публікацыі ўказа і пакаяўся або даказаў, што яго прымусілі далучыцца да паўстання. Да следства за ўдзел у паўстанні ў беларуска-літоўскіх губернях было прыцягнута 2878 чалавек.

Вікенцій Дмахоўскі, зыходзячы з аналізу фактаў, сваёй маёмасці не пазбавіўся, яго ўлады аднеслі да “ўсіх іншых”,  але па нейкіх прычынах усе ж вымушаны быў эміграваць ва Усходнюю Прусію, і там яго ратавала ўменне маляваць, якое дало надзейны кавалак хлеба.

У 1837 г. цар аб’явіў амністыю былым паўстанцам. Дмахоўскі вярнуўся ў Вільню і прафесійна заняўся мастацтвам. У гэтыя часы  з’явілася карціна на гістарычную тэму – «Крыжакі пры аблозе цвердзі Пуня». Ён часта наведваўся свой маёнтак Нагародавічы і маляваў краявіды Наваградчыны, у тым ліку і Міцкевічавы Туганавічы. Сам жа Міцкевіч у гэты час жыў у Еўропе.

І нарэшце, апошні факт: быў у родзе Дмахоўскіх яшчэ адзін паўстанец— Уладзіслаў Дмахоўскі, сын вядомага мастака, таксама  мастак і ілюстратар. Інфармацыя пра яго жыццё і дзейнасць змешчана ў польскамоўнай крыніцы, кнізе Ёзафа Бялінскага “Віленскі ўніверсітэт” 1899 – 1900 годоў выдання.

Уладзіслаў Дмахоўскі (1838–1913) пачаў вучобу ў Вільні, а з 1857 г. вучыўся ў Парыжы. У 1862 г. ён вярнуўся на радзіму і ўдзельнічаў у паўстанні пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, якое разгарнулася на частцы зямель колішняй Рэчы Паспалітай у 1863-1864 гадах. Мэты яго былі тыя ж самыя, што і папярэдняга паўстання— узнаўленне граніц Рэчы Паспалітай ў межах 1772 года, востра стаяла таксама і аграрнае пытанне. На Гарадзеншчыне ваенныя дзеянні былі больш актыўнымі, чым у іншых мясцінах, вызначаліся ўдзелам сялян, што тлумачыцца ўмелай прапагандай рэвалюцыйных дэмакратаў пад кіраўніцтвам Каліноўскага, а таксама значна большым працэнтам католікаў.

За ўдзел у паўстанні Уладзіслаў Дмахоўскі быў  арыштаваны і заключаны ў турму. Колькі  часу цягнулася зняволенне, невядома, але крыніцы паведамляюць, што ў 1866 г. ён ужо жыў у Варшаве, працаваў ілюстратарам часопісаў, а таксама выкладаў малюнак у Варшаўскім Інстытуце глухіх, і з 1873 г. – у гімназіі ў Чэнстахове. У 1884 г. ён атрымаў спадчынны маёнтак Нагародавічы і з тых часоў маляваў ўсё менш і менш, а галоўным чынам займаўся гаспадаркай.

Прыведзеныя факты даюць мажлівасць зразумець, што ў 19 стагоддзі Дзятлаўшчына была краем таленавітых людзей, шчырых патрыётаў, якія актыўна змагаліся за свае грамадзянскія правы і свабоду.

     Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

 

«Двор у Нагародавічах»

«Сядзіба ў Туганавічах»

Читайте также: