Крэсла з палаца Радзівілаў

Гісторыя палаца звязана з сям’ёй пісьменніка, паэта, гісторыка, дзяржаўнага дзеяча ВКЛ, князя Свяшчэннай Рымскай імперыі Ульрыка Крыштафа Радзівіла. Менавіта яго бацька, Мікалай Фаўстын Радзівіл, пачаў будаўніцтва палаца ў Дзятлаве на месцы спаленага ў 1708 годзе шведамі драўлянага замка. Будаўніцтва палаца завяршылася ў 1751 годзе.

Першапачаткова Дзятлаўскі палацавы ансамбль прадстаўляў сабой комплекс, у які ўваходзілі таксама малыя архітэктурныя формы (павільёны, масткі, скульптуры), размешчаныя ў пейзажным парку каля ракі Дзятлаўкі. З гадамі вонкавае аблічча палаца Радзівілаў моцна спрасцілася. Сёння ён мае плоскі дах, а тым часам на малюнку Напалеона Орды, датаваным 1860 — 1870 гадамі, палац упрыгожаны дзвюма бакавымі трох’яруснымі вежкамі з шатровымі завяршэннямі і высокім вальмавым дахам. Фасады будынка і дагэтуль захавалі дэкаратыўныя элементы позняга барока.

Зараз двухпавярховы цагляны будынак былога палаца Радзівілаў (а пазней — Солтанаў) знаходзіцца на кансервацыі, магчыма, у хуткім часе будзе выстаўлены на продаж. Да гэтага 70 гадоў — з 1938 і да 2010 года — у ім размяшчалася гарадская стаматалогія.

У экспазіцыі нашага музея маецца крэсла, якое на пачатку 20 стагоддзя стаяла ў адной з залаў палаца. Якім чынам крэсла трапіла ў музей? У кнізе Міхася Петрыкевіча «Народжаны вечнасць тварыць» знаходзім гісторыю экспаната. «У дні Вялікай Айчыннай вайны загадчык гаспадаркі мясцовай бальніцы Аляксандр Хадарэвіч хаваў у спружынах крэсла гранаты, партызанскія газеты і лістоўкі. Напээдадні вызвалення фашысты замучылі патрыёта. Але сын Аляксандра Хадарэвіча запомніў усё. Расказаў ён Петрыкевічу і пра крэсла. Дзясяткі дзён пайшлі на пошукі. Крэсла знайшлося аж у Наваельні. Абабітае новай тканінай, але — аўтэнтычнае».

Доўгі час, па словах галоўнага захавальніка Якаўчык Ірыны Станіславаўны, яно  стаяла ў экспазіцыі, у зале, дзе прадстаўлены партызанскі рух Дзятлаўшчыны.  І толькі ў 2015 годзе крэсла  было ўнесена ў асноўны фонд музея і перанесена ў первую залу, якая расказвае пра гісторыю Дзятлава.

Экспанат вельмі цікавы. Крэсла барочна-ракайнага стылю, глыбокае, з круглым сядзеннем, закругленай высокай спінкай у фігурнай рыфлёнай раме, кароткімі фігурнымі ножкамі. Зроблена ў Расійская Імперыя на пачатку  19 стагоддзя.

Шкада, што так мала дайшло да нас рэчаў, якімі карысталіся калісьці знакамітыя нашы землякі—Радзівілы.

А.Абрамчык, навуковы супрацоўнік музея

 

Читайте также: