Выстава «Мастакі роднай зямлі»

  Выстава «Мастакі роднай зямлі» прысвечана Году малой радзімы, Дзятлаўшчыне і яе таленавітым людзям, мастакам, якія ствараюць на сваіх палотнах непаўторныя пейзажы роднай зямлі, яе палі і лугі, дрэвы і кветкі, яе прыгожых і добрых людзей.
На выставе прадстаўлены работы прафесійных мастакоў: Івана і Юрыя Козелаў, якія асноўнай тэмай сваіх карцін выбіраюць запаведныя мясціны Дзятлаўшчыны — касцёл, царква, вуліцы горада, пейзажы ваколіц Дзятлава і вёскі Гнаінскія, дзе жыве іх мама. Алеся Квяткоўскага, для якога Дзятлаўшчына стала другой радзімай. Ён тут часта бывае ў розныя месяцы года, любіць пераносіць на свае палотны прыроду ў ваколіцах вёскі Гузні. Віктара Жыляніна, выкладчыка Гезгалаўскага аддзялення Дзятлаўскай школы мастацтваў, мастака, які стварае цудоўныя акварэлі, малюе пастэллю, алеем. Жанны Лукашэні, таксама выкладчыка Дзятлаўскай школы мастацтваў, жанчыны незвычайна таленавітай і захопленай. Яна працуе ў розных тэхніках: модульнае арыгамі, вышыўка, роспіс камянёў. Мастачка актыўна выкарыстоўвае напырск, манатыпію, флоратыпію, гратаж, кляксаграфію. Любіць філіграннасць, скрупулёзную прамалёўку дробных дэталяў. Латушка Анжэлы — мастачкі, якая працуе ў традыцыйным рэалістычным стылі, а таксама выконвае работы рознай ступені складанасці з натуральнай скуры, неаднаразовага ўдзельніка «Славянскага базару» у Віцебску.
Ёсць на нашай выставе і працы непрафесійных мастакоў. Гэта карціны Анатоля Кардаша з Наваельні. Юрыст па адукацыі, ён пачаў пісаць амаль у сорак гадоў. Піша алеем у стылі «беларускі імпрэсіянізм». На палотнах-куткі роднай зямлі, дзіўна прыгожыя месцы на беразе ракі Ятранкі побач з Наваельняй.
Прадстаўлены таксама працы былой настаўніцы гісторыі гімназіі №1 г. Дзятлава Нагавонскай Жанны Славаміраўны, якая вывучала тэхнікі выяўленчага мастацтва самастойна, па кнігах і малюе з такой захопленасцю, што яе палатны паўтараюць работы лепшых майстроў беларускага і сусветнага жывапісу.
Асаблівай увагі заслугоўваюць карціны Аркадзя Сокала, настаўнікі Дварэцкай школы. Ён піша толькі алеем і толькі на палатне. Піша тое, што любіць, што захапляе. Апошнім часам Аркадзь Мяфодзьевіч з задавальненнем займаецца разьбой па дрэве.
Спадзяемся, што працы нашых землякоў прывабяць наведвальнікаў цудоўнай палітрай фарбаў і разнастайнасцю тэхнік.

Выстава пачынае працаваць з 1 лютага 2019 года.

Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік музея

Читайте также: