Жыццё яўрэйскай абшчыны на Дзятлаўшчыне: Ісраэль Меір

Ісраэль Меір нарадзіўся, як лічаць, у 1838 годзе (па яўрэйскім календары ў 5598), у  мястэчку Дзятлава (па-яўрэйску — Жэтл) у сям’і  рабіна Ар’е Зеева — выпускніка Валожынскай ёшывы (сярэдняй іўдзейскай навучальнай установы). Яго бацька большую частку свайго жыцця выкладаў у віленскім аддзяленні Валожынскай ёшывы і вучыў дзяцей заможных гараджан г. Вільні. Яго малодшы сын спачатку займаўся ў хедэры (пачатковай іўдзейскай навучальнай установе).

Настаўнікі Ісраэля Меіра, здзіўленыя ведамі пачаткоўца, бліскучай памяццю і прагай да вучобы, параілі бацьку забраць хлопчыка ў Вільню, каб ён змог там вучыцца ў найлепшых выкладчыкаў Торы (першая частка Танаха, або інакш — пяці свяшчэнных кніг), а магчыма, і ў асяроддзі вучоных. І сапраўды, дэманстрацыя ведаў і здольнасцяў 9-гадовага хлопчыка перад найбольш знакамітымі віленскімі знатакамі Торы ўразіла апошніх і прывяла да таго, што яго, па-першае, пакінулі ў Вільні, і, па-другое, дазволілі займацца ў класе з найздольнейшымі падлеткамі, значна старэйшымі за малога вучня.

Ужо ў адзінаццацігадовым узросце Ісраэля Меіра запрашалі да ўдзелу ў дыскусіях разам з найбольш падрыхтаванымі дарослымі талмудыстамі ( Талмуд — адна з дзвюх галоўных рэлігійных кніг іўдзеяў; назва пайшла ад старажытна-яўрэйскага «лаймед» — вучэнне).

У 1849 годзе бацька памёр ад халеры. Праз некалькі гадоў маці Ісраэля Меіра Дабруша   выйшла замуж  другі раз і разам з сынам пераехала ў Радунь (па-яўрэйску Радзін, сучасны Воранаўскі раён).

Тут ён у 17 гадоў стаў мужам дачкі свайго айчыма. Большую частку часу  праводзіў у Доме вучэння.

Дзяцінства і юнацтва будучага вучонага прайшло ў цяжкіх матэрыяльных умовах. I толькі праз 5 гадоў пасля ўласнага вяселля ён атрымаў у спадчыну ад цёткі 150 рублёў. На гэтыя грошы маладая сям’я адчыніла ў Радуні ўласную бакалейную краму, якая хутка набыла вялікую папулярнасць сярод мясцовых жыхароў, бо ў ёй ніколі не падманвалі пакупнікоў. Праўда, у 40-гадовым узросце гаспадар гэтай крамы палічыў неабходным зачыніць яе, таму што абсалютная большасць жыхароў як самой Радуні, так і навакольных вёсак набывалі тавары толькі ў ёй, што, безумоўна, не спрыяла гандлю ў суседніх крамах.

3 таго часу вучоны жыў за кошт продажу ўласных кніг.  Заўважыўшы, што сярод яўрэяў распаўсюдзілася зламоўе і паклёпы, ён палічыў неабходным паказаць усю іх брыдкасць і растлумачыць, што і як дазволена гаварыць згодна з Торай.  Першая кніга рабіна Ісраэля  Меір называлася «Прагнучы жыцця» Ён надрукаваў яе ананімна ў 1873 годзе.

Гэтая кніга праславіла аўтара ва ўсім яўрэйскім свеце, і  яго пачалі называць па назве кнігі — Хафец Хаім, а ўласнае імя амаль забылася. Першы вялікі поспех падштурхнуў мараліста да напісання іншых твораў, колькасць якіх склала больш чым два дзясяткі. Усе яны, на першы погляд, адрасоўваліся канкрэтнаму чытачу, але на самой справе арганічна і на прыярытэтных пачатках увайшлі ў скарбонку яўрэйскага закона і этыкі.

На схіле гадоў вучоны накіраваў свае намаганні на вывучэнне і фармалізацыю законаў аб Святым Храме, вынікам працы сталі трактаты «Зборнік законаў» і «Сход старэйшын».

Яго кнігі неаднаразова перавыдаваліся і былі перакладзены на ўсе мовы, якімі карыстаюцца яўрэі. Выйшлі з друку яго прытчы і на рускай мове: «Открою уста свои в притче”.

Другой вельмі яркай іпастассю рабіна Ісраэля Меіра стала выкладчыцкая дзейнасць. У 1869 годзе ён адчыніў у Радуні ўласную ёшыву для дарослых студэнтаў. Пазней статус гэтай навучальнай установы пачаў расцэньвацца сучаснікамі на ўзроўні акадэміі.

Ешыва неўзабаве пасля ўзнікнення атрымала назву «Йешыват Хафец Хаім». Яна дзейнічала на працягу шасцідзесяці гадоў і служыла непераўзыдзеным узорам рэлігійнай навучальнай установы яўрэйскага свету.

Усе гэтыя гады рабін Ісраэль Хаім двойчы на тыдзень размаўляў з вучнямі аб яўрэйскай этыцы. Яго прамовы ніколі не былі рытарычнымі, у агульнай размове аб Торы і аб служэнні Творцу ён заўсёды меў на ўвазе самога сябе.

Увесь гэты час Хафец Хаім працягваў пісаць кнігі і распаўсюджваць іх сярод яўрэяў Расіі. Ён прыняў актыўны ўдзел у стварэнні сістэмы яўрэйскай адукацыі ў краіне, у асноўным сярод шматлікіх бежанцаў.

Пасля падзей лютаўскай рэвалюцыі пачалі фарміравацца яўрэйскія арганізацыі новага тыпу. Рабін Хафец Хаім актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы  першага яўрэйскага Савета і выставіў сваю кандыдатуру на выбары. Атрымаўшы на іх абсалютную перамогу, адкрыў першы «Вялікі сход» і стаў на чале «Савета мудрацоў Торы».

Пасля кастрычніцкіх падзеяў 1917 года Хафец Хаім перавёў ёшыву ў Чарнігаўскую вобласць, аднак весці там паўнацэннае рэлігійнае жыццё  было практычна немагчыма. Новыя ўлады перашкаджалі вывучэнню Торы, забаранялі выкананне суботы.

3 вялікімі цяжкасцямі яму ўдалося дабіцца права на вяртанне ёшывы ў Радунь.

У пачатку 20-х гадоў XX стагоддзя большасць ёшываў Беларусі  і Польшчы перажывалі глыбокі крызіс праз недахоп грашовых сродкаў. У 1924 годзе Хафец Хаім сумесна з рабінам Вільні Хаімам Озерам аб’явіў аб стварэнні цэнтралізаванага фінансавага камітэта. Летам таго ж года ў вялікай сінагозе Вільні адбыўся сход рабінаў і кіраўнікоў ёшываў, які звярнуўся да ўсяго яўрэйскага насельніцтва з просьбай аб спрыянні дзейнасці ёшываў.

Да канца сваіх дзён Хафец Хаім заставаўся кіраўніком яўрэйскіх мудрацоў Польшчы і Беларусі, настаўнікам і апекуном многіх тысяч вучняў.

У 1934 года жыццёвы шлях Ісраэля Меіры завяршыўся.

Літаратура:

Руль,У. Вялікі яўрэйскі філосаф з Дзятлава / У.Руль // Перамога. – 2009. – 1 красавіка. – С.2.

                                                                Матэрыял падрыхтавала А.Абрамчык, навуковы супрацоўнік музея

 

Читайте также: