Чэрвень 1941 года: бой за Дзятлава

3 успамінаў Г. I. Клешч:

Наш хутар стаяў каля самай дарогі паміж Дзятлавам і в.Хадзяўляны, метраў 700 — 800 ад Дзятлава. Незадоўга перад вайною я выйшла замуж, таму добра памятаю ўсе падзеі, якія былі тут у першыя дні вайны. Спачатку было спакойна. У аўторак, 24 чэрвеня, ў бок Дзятлава праехала толькі адна фурманка з чатырма чырвонаармейцамі ў зялёных фуражках. Відаць, гэта былі пагранічнікі. У сераду, 25 чэрвеня, з боку Слоніма праехала ўжо некалькі падвод і машын з ваеннымі і цывільнымі.

Рух пачаўся ў ноч з серады на чацвер. Ішло шмат машын з жанчынамі і дзецьмі, ваенных было мала, ў асноўным параненыя. Успамінаюцца некаторыя здарэнні, якія адбываліся на дарозе. У пятніцу раніцай адна машына сапсавалася і стала. 3 кабіны вылез кантужаны камандзір. Ён мог размаўляць толькі жэстамі. Побач спынілася яшчэ адна машына: ёй нельга было праехаць. I тут адбыўся нечаканы выпадак. 3 гэтай машыны раптам закрычаў хлопчык: «Тата, тата!» Затым голас жанчыны: «Жора, любы мой!» Яна ўзяла кантужанага камандзіра ў сваю машыну, а сапсаваны аўтамабіль салдаты спіхнулі на абочыну дарогі.

Наляталі самалёты, тады машыны станавіліся, людзі хаваліся каля дарогі. I тут такі выпадак: у мітусні на дарозе засталася маленькая дзяўчынка. Яна не ведала, што рабіць. Яе падабраў чырвонаармеец. А потым да нас на хутар прыйшлі дзве жанчыны, якія шукалі гэту дзяўчынку. Я рассказала ім, як ўсё было. Яны плакалі.

У суботу, 28 чэрвеня, каля гадзіны дня з боку дзятлаўскіх могілак раздаўся першы выстрал з гарматы. Снарад упаў на дарозе, разбіў машыну. Два салдаты былі паранены. Затым прагрукаталі другія выстралы. Пасля абеду наляцелі нямецкія самалёты, скінулі бомбы. На дарозе засталося шмат забітых і нараненых.

Ноччу стралялі каля нашага хутара. На досвітку я выйшла на двор і ўбачыла, што ў агародзе салдаты ўстанаўліваюць пушку з доўгім дулам. А крыху далей чырвонаармейцы з станкавага кулямёта стралялі ў бок могілак і вёскі Каменкі.

Там засеў фашысцкі дэсант і вёў агонь па адступаючых нашых часцях. Вораг насядаў. Бой быў жорсткі. Раніцай у нядзелю нямецкі снарад трапіў у гумно і падпаліў яго, другі трапіў у дрэва, дзе стаяў кулямёт. Ён замоўк, некалькі салдат былі паранены, іншыя схаваліся ў бетонную трубу. Адзін сам прыйшоў на хутар, другога прынеслі. Я добра запомніла гэтых хлопцаў. Яны былі маладыя і прыгожыя. Адзін назваў сябе Косця з Кіева, другі – Міша з Масквы. 3 чатырох гадзін раніцы да дзвюх дня ў нядзелю немцы абстрэльвалі хутар і дарогу з мінамётаў.

 

Камандзір прапанаваў нам перабрацца ў в. Хадзяўляны, таму што хутар немцы могуць зусім знішчыць. Але і вёску немцы таксама абстрэльвалі з кулямёта, падпалілі адну хату. Мы сядзелі ў яме для бульбы. У вёсцы было шмат нашых параненых салдат.

Ноччу з 29 на 30 чэрвеня мы добра чулі крыкі «Ура!»: ішоў рукапашны бой.

У панядзелак зноў наляцелі нямецкія самалёты і сталі бамбіць Хадзяўляны. Згарэла шмат дамоў і гаспадарчых пабудоў.

У аўторак стральба сціхла. Немцы былі ўжо ў Вензаўцы. Мы вярнуліся на свой хутар. На шасэйнай дарозе ляжала шмат забітых. У хаце мы знайшлі ўжо не двух, а 8 параненых. Я зварыла ім заціркі і накарміла. Параненых немцы потым вывезлі ў дзятлаўскую бальніцу. Перад ад’ездам адзін з чырвонаармейцаў палажыў у бутэльку скручаныя ў трубку 9 адрасоў загінулых і папрасіў захаваць яе. Я так і зрабіла. Бутэлька захоўвалася паміж ложкам і печчу. А 20 верасня 1942 г. на хутар прыйшлі партызаны, яны прыкмецілі бутэльку і забралі яе з сабой. 3 якога атрада былі мсціўцы, дзе яны пакінулі адрасы, мне невядома.

Загінулых чырвонаармейцаў мы хавалі ўсёй сям’ёй, у адной магіле. Усяго 14 чалавек: 8 трупаў дасталі з трубы, 3 чырвонаармейцы былі забіты каля кулямёта, 2  — недалёка ад дарогі на лузе і аднаго прынеслі з сада. Праўда, перад тым, як пахаваць, немцы прывезлі свяшчэнніка Комара з Дзятлава. Нямецкі афіцэр пастроіў сваіх салдат каля магілы і нешта ім гаварыў».

Так заканчвае свае ўспаміны Ганна Іванаўна Клешч. Але хто яны, невядомыя героі, якія сваёй адвагаю і мужнасцю прымусілі нямецкага афіцэра пахаваць іх з усёю воінскай пашанай?

Разгадка адбылася праз 27 гадоў, у час перапахавання астанкаў воінаў ля помніка-абеліска. Калі выкапалі астанкі загінулых, сярод асабістых рэчаў і зброі знайшлі напаўсатлелую запісную кніжачку. Яе накіравалі на экспертызу, у выніку ўдалося ўстанавіць 5 адрасоў.

Доўга вялі пошук супрацоўнікі Дзятлаўскага музея народнай славы. Але гады змянілі многае.

I вось адно пісьмо, якога так чакалі супрацоўнікі музея. Адгукнулася Надзея Іванаўна Калініна з горада Солнечнагорска, што пад Масквой. Перад вайной яна, маладая дзяўчына, пазнаёмілася з лейтенантам па прозвішчы Лебедзеў. Тады ён прыязджаў у Маскву за ўзнагародай – ордэнам Чырвонай Зоркі, які атрымаў за баі на фінскай вайне. Надзя і Міхаіл гулялі па Маскве, а на развітанне ён запісаў у маленькую кніжачку яе адрас. Міхаіл Лебедзеў быў накіраваны на заходнюю граніцу камандзірам узвода 117-га гаўбічнага артылерыйскага палка 8-й стралковай дывізіі.

 

Так, старшы лейтэнант Міхаіл Аляксеевіч Лебедзеў, ураджэнец в. Лядахава Краснінскага раёна Смаленскай вобласці, стаў вядомым чалавекам для дзятлаўчан праз 27 гадоў. Прозвішчы астатніх невядомы.

Успаміны запісаў Ф. Ф. Красюк, былы дырэктар Дзятлаўскага краязнаўчага музея

Читайте также: