Першы партызанскі камандзін

Падчас Халакосту яўрэі не толькі масава гінулі, але і актыўна змагаліся за сваю беларускую радзіму, за права на жыццё. На жаль, пры савецкай уладзе ў пасляваенны час было забаронена згадваць пра ўдзел беларускіх яўрэяў у супраціўленні. Так было на працягу многіх гадоў. Але нарэшце мы можам выправіць гэту памылку. Бяда ў тым, што многіх сведкаў  подзвігаў яўрэйскіх герояў ўжо  даўно няма на гэтым свеце. Аднак пра подзвігі і барацьбу забыць немагчыма. Таму паступова і ўсплываюць факты пра герояў той жудаснай вайны, людзей таленавітых і адважных, якія былі яўрэямі па нацыянальнасці.

Хацелася б напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў  узгадаць пра аднаго з найбольш яркіх партызанскіх камандзіраў  Дзятлаўшчыны — доктара Ёскеля (Йехезкеля) Атласа. Не варта шукаць яго прозвішча  ў даведніку па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ці  ў іншай  літаратуры, якая распавядае пра партызанскі рух на Беларусі, бо гэта імя там проста адсутнічае, а ўсе баявыя справы створанага  Атласам партызанскага атрада па пэўных прычынах былі прыпісаны іншаму, не менш вядомаму партызанскаму камандзіру.

Здарылася так, што Ёскель Атлас прыехаў з Варшавы пагасцяваць да родных ў пасёлак Казлоўшчына (цяпер г.п. Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна) практычна напярэдадні вайны, а менавіта, летам 1941 года.  Было яму 30 гадоў, меў атрыманую ў Францыі і Італіі ступень доктара медыцыны.  Вайна для палякаў пачалася ў 1939 годзе, і многія польскія яўрэі ратаваліся ад Халакосту на тэрыторыі СССР.  Рызыкнула на такое  і  сям’я  Атласаў, спадзеючыся, што Гітлер не нападзе на Савецкі Саюз. Але надзеі не спраўдзіліся.

У Казлоўшчынскім гета, створаным фашыстамі  24 лістапада 1941, загінулі яго бацькі і сямнаццацігадовая сястра Селіна.  Па словах мясцовых відавочцаў, у гэты дзень згодна з загадам фашыстаў у Казлоўшчыну было сабрана каля 40-50 мясцовых жыхароў.  Усім выдалі рыдлёўкі і кірхі і выгналі за тры кіламетры ад пасёлка, дзе загадалі капаць велізарныя ямы. Фашысты вельмі спяшаліся і таму не дазвалялі нават ні на хвіліну спыніцца. Так у максімальна кароткі тэрмін былі выкапаны 4 ямы па 20 метраў у даўжыню і 3 метры ў шырыню, глыбінёй да двух метраў; яшчэ дзве ямы былі па дзесяць метраў у даўжыню. Праз некаторы час  да месца расстрэлу з Казлоўшчыны прывезлі ў грузавых аўтамабілях больш за 300 яўрэяў. Там і адбылася першая жудасная акцыя.

Ёскель ўцёк з гета і арганізаваў групу з такіх жа, як і ён, маладых людзей. Група хавалася ў лясах Ліпічанскай пушчы, дзе неўзабаве сустрэла байцоў Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне. Чырвонаармейцы былі ўзброеныя, але многія мелі раненні і калецтва, атрыманыя ў баях. Доктар Атлас заняўся іх лячэннем і ўсіх паставіў на ногі. Пасля гэтага атрад, які ўжо налічваў каля 120 чалавек, пачаў баявыя дзеянні.

Групай доктара Атласа быў спланаваны напад на Дзярэчынскі гарнізон фашыстаў (Зэльвенскі раён). Мэта  аперацыі — вызваленне мясцовага яўрэйскага насельніцтва, якое знаходзілася ў Дзярэчынскім гета. У выніку ўсе, хто пажадаў са зброяй у руках змагацца супраць захопнікаў, накіраваліся разам з доктарам з гета ў лес .

24 ліпеня 1942 г.  фашысты цалкам ліквідавалі гета ў Дзярэчыне. Усяго было па-зверску забіта і закатавана каля 3000 яўрэяў.    10 жніўня  Ёскель Атлас паўтарыў атаку на Дзярэчынскі гарнізон, якой акупанты ніяк не чакалі, і практычна знішчыў яго, пры гэтым не страціўшы ў баі забітымі і параненымі ніводнага з партызан свайго атрада. У маладога ўрача ўсё атрымалася так, як ён задумаў. Яму заўсёды шанцавала, і  байцы атрада былі ўпэўнены, што  камандзір усё жыццё вывучаў ваенную тактыку.

Затым  доктар Атлас і яго партызаны ў складзе дыверсійнай групы ўзарвалі цягнік з боепрыпасамі на чыгуначнай лініі  Гродна-Ліда, а таксама спалілі стратэгічна важны для акупантаў драўляны мост праз раку Нёман. Ноччу  5 верасня групай доктара быў атакаваны фашысцкі гарнізон у пасёлку Казлоўшчына, у выніку атакі было знішчана каля 30 гітлераўцаў.

На базе атрада Ёскеля Атласа таксама існаваў і сямейны партызанскі лагер, у якім жылі яўрэі, што ўцяклі  з бліжэйшых гарадоў і пасёлкаў. Дзякуючы доктару, яны атрымалі часовы прытулак і ежу.

6 жніўня 1942 г доктар паспрабаваў вызваліць яўрэяў Дзятлаўскага гета, і яму гэта ўдалося.  Баявы склад атрада папоўніўся яўрэйскай моладдзю. 15 верасня 1942 г. Атлас са сваімі байцамі захапіў нямецкі самалёт, які здзейсніў вымушаную пасадку.

Восенню 1942 партызанскія групы і атрады, што дзейнічалі ў раёне Ліпічанскай пушчы, пачалі фармiравацца ў больш буйныя злучэнні пад кіраўніцтвам кадравых ваенных. Атрад доктара Атласа злучыўся з Ленінскай партызанскай брыгадай; ёй кіраваў былы танкавы камандзір Барыс Булат, які ўцёк з палону. Булат быў цяжка паранены, Атласу  давялося ампутаваць яму руку, правёўшы найскладанейшую па тых часах аперацыю так, што камандзір змог трымаць у руках аўтамат. Пра цуды баявога доктара ішла пагалоска па ўсім ліпічанскім краі.

Партызанскія камандзіры хацелі захаваць  урача і спрабавалі адхіліць Атласа ад камандавання атрадам, але гэта аказалася беспаспяховым, бо Ёскель рваўся ў бой,  і яго тактычныя напады на варожыя воінскія злучэнні заўсёды былі паспяховымі. Пакуль кіраўніцтва брыгады вырашала яго лёс, Ёскель правёў некалькі дыверсій на чыгунцы, разграміў гарнізон у Рудзе Яворскай. У баі каля гэтай вёскі немцы страцілі 127 салдат і афіцэраў, яшчэ 75 гітлераўцаў здаліся ў партызанскі  палон.

Пасля гэтага бою было захоплена столькі трафейнай зброі, што ёй можна было забяспечыць цэлы атрад. Партызанскае кіраўніцтва было ўражана, бо раней такіх выніковых баёў  не ўдавалася правесці  нават сіламі ўсёй партызанскай брыгады. Ваенны талент гэтага чалавека быў бясспрэчны. І доктара пакінулі камандзірам баявой групы. На жаль, таленту маладога доктара не наканавана было цалкам раскрыцца: 5 снежня (па некаторых крыніцах — 2 кастрычніка) 1942 года ў час баю каля вёскі Вялікая Воля Ёскель Атлас быў цяжка паранены,  і выратаваць таленавітага ўрача ўжо не мог ніхто. Доктара Атласа  пахавалі ў лясным гушчары Ліпічанскай пушчы каля вёскі Малая Воля.

У 2008 годзе было прынята рашэнне аб перапахаванні рэшткаў доктара Атласа. І да меркаванага месца яго магілы ў Ліпічанскай пушчы накіравалася група ў складзе пасланца Хабад і Галоўнага рабіна Гродна Іцхака Кофмана, а таксама прадстаўнікоў УС РБ . Транспарт да мяркуемай магілы пад’ехаць не змог, таму дэлегацыя была вымушана прайсці значную адлегласць пешшу па лясным гушчары.

Дабраўшыся да месца, людзі папрасілі прабачэння ў памерлага, як прынята па яўрэйскай традыцыі, і пачалі складаныя работы па эксгумацыі, якая доўжылася шмат гадзін. І вось надышоў хвалюючы момант, калі ў  магіле  побач з целам былі выяўлены абоймы з патронамі і апарат для вымярэння ціску — рэчы, якія даказваюць, што тут знаходзіцца цела партызана і  ўрача доктара Атласа.

Цела было пакладзена ў труну, і група накіравалася ў зваротны шлях праз лясны гушчар. Труну на машыне перавезлі ў горад Дзятлава. На яўрэйскіх могілках сабралася шмат людзей — ваенных, прадстаўнікоў мясцовай улады і ветэранаў Другой сусветнай вайны. Доктар Атлас быў перазахаваны па ўсіх правілах вайсковага пахавання, у гонар яго мужнасці і баявога таленту прагучалі стрэлы салюту.

Труну апусцілі ў магілу, пасля чаго памаліліся аб душы Йехезкеля сына Леі  Атласа. Рабін Іцхак Кофман ад сябе і ўсёй рэлігійнай супольнасці  падзякаваў прысутным за разуменне: партызан доктар Атласа быў пахаваны па яўрэйскай традыцыі.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также: