Машынка пішучая МЕРСЕДЭС

Так пазначаны экспанат пад нумарам КП 5688, які знаходзіцца ў другой зале Дзятлаўскага музея. Кніга прыёму экспанатаў музея за 1999 год дае яшчэ некалькі скупых звестак: прыняты 02.11.1999 года, акт прыёмкі №17. Экспанат цікавы, прыцягвае ўвагу наведвальнікаў. Прынёс машынку ў музей Аляксандр Уладзіміравіч Камароў, жыхар г.Дзятлава. Ён тады працаваў у Дзятлаўскім райвыканкаме. Машынка даўно стаяла ў сховішчах райвыканкама, відаць, нідзе ў дакументах не значылася, таму ён і вырашыў занесці яе ў музей. А тут машынка аказалася якраз дарэчы. Яна дапаўняе інтэр’ер куточка другой залы, які дэманструе жыццё шляхты на пачатку 20 стагоддзя.

А ці адпавядае гэты экспанат той частцы экспазіцыі, пра якую ўспаміналася вышэй? Цікава, ці не так, знайсці адказ на пытанне. І вось якая інфармацыя была знойдзена на прасторах інтэрнэта.

Першы вытворца пішучых машынак Mercedes Büromaschinen GmbH. Пачатак вытворчасці – 1907 год.

Кампанію Mercedes Büromaschinen GmbH заснаваў Густаў Мец у 1906 годзе ў Берліне. У 1907 годзе была прадстаўлена першая мадэль Mercedes 1. Яна спраектавана канструктарам Францам Шулерам, за плячыма якога была пятнаццацігадовая праца ў кампаніі Генрыха Клейера, дзе рабілі машынкі Adler.

Адразу ж пасля заснавання завода пішучых машын канцэрн Mercedes-Benz падаў на вытворцу канцылярскіх прыладаў у суд. Аўтагігант аспрэчваў права на найменне прадукцыі іспанскім жаночым імем. Цяжбы доўжыліся да 1913 года, пакуль бакі не прыйшлі да пагаднення, згодна з якім вытворца пішучых машынак ў выпадку, калі пашырыць бізнес і пачне выпускаць транспартныя сродкі, не будзе мець права выкарыстоўваць марку Mercedes для абазначэння аўтамабіляў.

Неўзабаве пасля заснавання завода пішучых машынак Густаў Мец зразумеў, што трэба пашырацца, неабходны бóльшыя вытворчыя магутнасці, таму што на невялікім прадпрыемстве ў Берліне ўдавалася выпускаць толькі тры машынкі ў дзень. У 1908 годзе кампанія пераехала ў горад Цела-Меліс (Цюрынгія), дзе адчыніўся новы, больш буйны завод. У гэтым жа годзе на рынак выйшла машынка Mercedes 2. Распрацоўкай гэтай і наступных канцылярскіх мадэляў займаўся ўжо іншае інжынер – Карл Шлюнс.

Пішучая машынка Mercedes 2 стала першай мадэллю, якая хутка разбіраецца на тры часткі: можна лёгка аддзяліць або замяніць блок з клавіятурай і літарным кошыкам, зняць карэтку, а з карэткі вал. Гэта дазваляе друкаваць на розных мовах, выкарыстоўваць карэткі рознай даўжыні, а таксама палягчае доступ да механізмаў, спрашчае чыстку машынкі, абслугоўванне і рамонт.

Праз дваццаць гадоў прадпрыемства ў Цель-Меліс спраектавала некалькі палепшаных канцылярскіх мадэляў (Mercedes 3, 4, 5, 6 Express, Favorit, Express S 6). За гэты час было выпушчана больш за 300 000 машынак.

У 1921 годзе з канвеера сышла мадэль Mercedes Elektra – першая ў свеце камерцыйна паспяховая электрамеханічная пішучая машынка.

Акрамя пішучых машынак, кампанія Mercedes Büromaschinen GmbH выпускала арыфмометр і лічыльна-пішучыя апараты. Разнастайнасць вытворчасці дазволіла фірме ацалець у перыяд сусветнага эканамічнага крызісу 1929-1933 гг., калі прадпрыемствы гінулі адно за адным. Зрэшты, фабрыка Меца працягнула існаванне не толькі дзякуючы дыверсіфікацыі бізнесу: у нямецкага прадпрыемства былі яшчэ да крызісу наладжаны партнёрскія адносіны з легендарнай амерыканскай кампаніяй Underwood Elliott Fisher Co.

У 1931 годзе праз цяжкую фінансавую сітуацыю Мецу давялося прадаць кантрольны пакет акцый амерыканцам. У гэтым жа годзе пачаўся выпуск партатыўных машынак Mercedes – фактычна аналагаў машынкі Underwood Portable.

Дэталі для першых мадэляў (33, 34) былі выраблены непасрэдна ў сценах амерыканскага завода, у Цель-Меліс ажыццяўлялася толькі зборка.

У 1933 годзе на фабрыцы Меца была выпушчана першая машынка Mercedes K 41 (і яе версія Mercedes Prima), цалкам зробленая нямецкім вытворцам.

Пасля Другой сусветнай вайны Цюрынгія была кароткачасова акупавана амерыканцамі, потым апынулася ў савецкай зоне акупацыі і пасля адышла да ГДР. Паколькі нямецкае прадпрыемства было афіліравана з кампаніяй Underwood Elliott Fisher Co., над ім было ўстаноўлена спецыяльнае кіраванне. Галоўнай прадукцыяй прадпрыемства сталі вылічальныя машыны, выпускаліся і  пішучыя машынкі як ранейшых марак – Mercedes Express S 6, Selecta, Elektra, так і новых — Mercedes S 6, S 6 A, SE 3, SE 4, SE 5.

Апошняя пішучая машынка пад маркай Mercedes — электрычная SE 5  была выпушчана ў 1961 годзе.

Адказ на пытанне вынікае сам па сабе: такая пішучая машынка магла знаходзіцца ў любым шляхецкім доме Дзятлаўшчыны, і ў экспазіцыі яна мае права знаходзіцца.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік музея

Пішучая машынка з Дзятлаўскага музея

Читайте также: