Выстаўка “Запалкавы рай”

Выстаўка пад такой назвай пачне працаваць у нашым музеі з 15 сакавіка 2019 года. На ёй прадстаўлены запалкі з калекцыі Сяргея Мікалаевіча Чыгрына, сябра нашага музея, які часта наведвае Дзятлаўшчыну, прысвяціў нашай малой радзіме не адзін артыкул, а таксама некалькі кніг.

Сяргей Мікалаевіч скончыў тэатральнае аддзяленне Магілёўскага культасветвучылішча і філалагічны факультэт БДУ. Працуе загадчыкам аддзела культуры і спадчыны «Газеты Слонімскай» і загадчыкам літаратурнай часткі Слонімскага беларускага драматычнага тэатра. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Жыве ў Слоніме.

Дэбютаваў вершам «Свеціць сонейка» у часопісу «Бярозка» (1975). Аўтар зборнікаў паэзіі «Шчырая Шчара» (1993), «Горад без цябе» (1999), «Лірыка» (2007), «Камень Міндоўга» (2009), кнігі гісторыка-краязнаўчых артыкулаў «Янка Купала і Слонімшчына» (1993), «Родам са Слонімшчыны» (2003), «Пакліканыя на родны парог» (2005), «Чамяры і чамяроўцы» (2006), «У пошуках слонімскіх скарбаў» (2007), «Беларуская Беласточчына» (2008), «Тэатр у Слоніме» (2008), «З беластоцкай зямлі» (2008), «Мастак Антон Карніцкі» (2009), «Жыў роднай песняй» (2010), «Па слядах Купалы і Коласа» (2012), «Такі іх лёс» (2012) і многія іншыя.

Апублікаваў сотні артыкулаў з даследаваннямі жыццёвага і творчага шляху Язэпа Стаброўскага, Тодара Лебяды, Сяргея Хмары, Яна Пятроўскага, Гальяша Леўчыка, Міколы Шкялёнка і іншых дзечаў беларускай літаратуры, гісторыі і культуры. А таксама шэраг артыкулаў, звязаных з гісторыяй Слонімшчыны, беларускай эміграцыяй, літаратурнай Беласточчынай. Аўтар краязнаўчай кнігі «Янка Купала і Слонімшчына» (Слонім, 1993). Уклаў і выдаў літаратурную спадчыну С. Грынкевіча, Ф. Грышкевіча, У. Казлоўшчыка (Беласток, «Вяртанне да сваіх», 1999), гістарычныя нарысы Міколы Шкялёнка (Беласток, «Беларусь і суседзі», 2003), Сяргея Хмары «Рабінавы хмель» (2008), Леаніда Трубача «Паміж песняй і болем» і іншыя.

На беларускую мову пераклаў вершы французскіх паэтаў — Поля Элюара, Луізы Мішэль, Эжэна Пацье, Поля Верлена і ўкраінскіх паэтаў — Рыгора Елішэвіча, Валерыя Бойчанкі, Любові Пшанічнай і іншых. Пераклаў таксама п’есы А. Хайта, К. Манье, Э. Успенскага, К. Гальдоні, А. Астроўскага, С. Міхалкова, С. Пракоф’евай, Н. Абрамцавай, Г. Лабакіна, К. Папова, М. Каляды і іншых драматургаў. Многія спектаклі па п’есах гэтых драматургаў пастаўлены на сцэне Слонімскага беларускага драмтэатра і іншых тэатраў Беларусі. Напісаў таксама п’есу для дзяцей «Белая Мышка» (пастаўлена ў 2005). Аўтар шматлікіх паштовак, буклетаў, плакатаў, прысвечаных гісторыі Беларусі.

Аб часе адкрыцці выстаўкі мы паведамім пазней.

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian