18 красавіка – Сусветны дзень помнікаў і гістарычных мясцін

Гісторыка-культурныя каштоўнасці – наша гісторыя і будучыня. Помнікі гісторыі і культуры займаюць значнае месца ў культурнай спадчыне любога народа, адлюстроўваюць сукупнасць найбольш адметных вынікаў і сведчанняў гістарычнага, культурнага і духоўнага развіцця народа Беларусі.  Прававы статус помнікаў у нашай краіне вызначае “Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры”. Згодна з накірункамі, вызначанымі кодэксам у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, раённым выканаўчым камітэтам і  аддзелам ідэалогіі, культуры і па справах моладзі сістэматычна ажыццяўляецца шэраг мерапрыемстваў па ўліку, захаванню, утрыманню і аднаўленню аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.

На тэрыторыі раёна знаходзіцца 40 гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сярод іх: 14 аб’ектаў архітэктуры, 20 – археалогіі, 5 – гісторыі, 1 – прыроды. Самымі старажытнымі з’яўляюцца помнікі археалогіі.

На тэрыторыі раёна размешчаны 3 помнікі “2” катэгорыі, якія маюць нацыянальную значнасць. Гэта – Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі 17-18 стст. у г.Дзятлава, будынак былога палаца Радзівілаў 1751г. у г.Дзятлава і капліца 1908г. у в.Лапушна.

Менавіта помнікі з’яўляюцца тымі сведкамі, якія апавядаюць пра лёс краіны і яе народа, ілюструюць яго творчыя здольнасці і эстэтычны светапогляд. І ў гэтых адносінах гісторыка-культурная спадчына Дзятлаўшчыны дае добрую падставу для вывучэння і пазнання гісторыі і культуры Беларусі.

Сёння хочацца расказаць пра Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і яго фундатараў – род Сапегаў, у

прыватнасці,  пра  Льва Сапегу.

Леў Сапега (4 красавіка 1557 – 7 ліпеня 1633) – палітычны, грамадскі і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, дыпламат і мысляр. У розны час займаў пасады каралеўскага сакратара, пiсара вялікага літоўскага, падканцлера, а потым і канцлера ВКЛ, віленскага ваяводы і вялікага гетмана літоўскага.

Леў Сапега паходзіў са старажытнага праваслаўнага беларускага роду, карані якога былі на Смаленшчыне. Будучы вялікі канцлер нашай дзяржавы нарадзіўся 4 красавіка 1557 г. у вёсцы Астроўна (цяпер у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці). Шасцігадовага хлопчыка бацькі завезлі ў Нясвіж, дзе ягоным апекуном стаў князь Мікалай Радзівіл Чорны. Тым часам Нясвіж быў адным з культурных цэнтраў Княства. Высокім узроўнем адукацыі славілася адчыненая Радзівіламі школа. Якраз тады ў нясвіжскай друкарні філосаф і асветнік Сымон Будны выдаў свае беларускія кнігі. Мікалай Радзівіл Чорны вызнаваў кальвінізм, але пры ягоным двары панавала талеранцыя, што назаўсёды заклала ў душу і розум Сапегі непрыняцце рэлігійнага фанатызму.

Схільнасць да навук, выдатныя здольнасці і вольнае валоданне некалькімі мовамі спрыялі таму, што князь Радзівіл паслаў трынаццацігадовага Льва разам са сваімі сынамі вучыцца ў Ляйпцыгскі ўніверсітэт. Там Сапега вывучаў гісторыю, філасофію і права. Са сцен альма-матэр ён выйшаў ужо добра і ўсебакова падрыхтаваным да палітычнай дзейнасці. Адукаванасцю і бліскучым веданнем лацінскай мовы Сапега ўразіў вялікага князя і караля Стэфана Баторыя. Прыслухаўшыся да парады сваіх апекуноў Радзівілаў, малады палітык застаўся пры двары, каб бараніць інтарэсы Вялікага Княства, якое пасля Люблінскай вуніі 1569 г. вымушана было пайсці на небяспечнае збліжэнне з Польшчай.

У няпоўныя дваццаць тры гады ён ужо займаў пасаду сакратара Княства. Адданы патрыёт, Сапега вёў паспяховую палітыку, накіраваную супраць імкнення Кароны да поўнай гегемоніі над Вялікім Княствам. Умацаванню становішча Сапегі паспрыяў ягоны ўдзел у Лівонскай вайне. Сфармаваўшы за свой кошт гусарскі полк, ён звярнуў на сябе ўвагу паспяховымі дзеяннямі ў бітвах пры Завалаччы, Вялікіх Луках, пры аблозе Пскова.

Пасля вайны Леў Сапега ўзначаліў пасольства ў Маскву і падпісаў мірную дамову, паводле якой цар мусіў вярнуць Полаччыну і Інфлянты. Гэта была вялікая дыпламатычная ўдача. На радзіме кіраўнік пасольства быў прызначаны падканцлерам, а потым і канцлерам – другім чалавекам у дзяржаве, які выконваў функцыі міністра ўнутраных і замежных спраў. У 1600 зноў ездзіў з пасольствам у Маскву, дзе з расейскім царом Барысам Гадуновым было падпісана чарговае мірнае пагадненне на 20 гадоў.

Леў Сапега кіраваў падрыхтоўкаю III Статута нашай дзяржавы. Прыняцце ў 1588 г. гэтага самага прагрэсіўнага на той час у Еўропе збору феадальнага права было бліскучай палітычнай перамогаю Сапегі. Статут аніяк не спрыяў зліццю Вялікага Княства з Каронай, бо меў артыкулы пра самастойнасць Княства ў складзе Рэчы Паспалітай і забараняў палякам займаць тут пасады і набываць зямлю. Новы збор законаў быў выдадзены пад асабістым наглядам Сапегі, з яго прадмовамі і ягоным коштам.

Канцлер, хоць і вызнаваў каталіцтва, быў прыхільнікам уніі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, якая, на ягоную думку, заклікана была ўмацаваць дзяржаву. У сваіх лістах да полацкага ўніяцкага арцыбіскупа (архіепіскапа) Язафата Кунцэвіча Сапега не раз перасцерагаў уладыку ад гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да праціўнікаў вуніяцтва.

Пад канец жыцця Леў Сапега некалькі гадоў быў вялікім гетманам. I тут ён паказаў сябе не толькі таленавітым военачальнікам, але і чалавекам, які інтарэсы Айчыны ставіць вышэй за ўсе іншыя. Калі на Княства напалі шведы, вялікі гетман і ягоны сын Ян аддалі на барацьбу з ворагам усё сваё багацце.

Значныя заслугі Сапега мае і як мецэнат, што дапамагаў мастакам і пісьменнікам. Рупнасцю Сапегі былі спарадкаваныя і перапісаныя некалькі сотняў тамоў Літоўскай Метрыкі – архіва дзяржавы, які з’яўляецца неацэннай гістарычнай крыніцай. Перад смерцю, якая прыйшла ў 1633 г., наш выдатны суайчыннік шчодра адарыў зафундаваныя родам Сапегаў храмы і быў пахаваны ў адным з іх – віленскім касцёле Святога Міхала.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі  пабудаваны ў 1624—46 гг. па фундацыі ўладальніка мястэчка Льва Сапегі на былой Рынкавай плошчы, на месцы драўлянага храма. Пасля вялікага пажару 1743 г., які знішчыў мястэчка і касцёл (згарэў галоўны алтар, унутранае начынне, архіў, труны з нябожчыкамі ў крыпце), у 1751 г. галоўны фасад і інтэр’ер перабудаваны архітэктарам А. Асікевічам па фундацыі М.Ф. Радзівіла. Пасля пажару 1882 г. заменены дах. У 1900 г. касцёл быў абнесены высокай мураванай сцяной з 4-слуповай брамай і вуглавымі 4-граннымі вежамі пад барочнымі чарапічнымі дахамі «з заломам». Уздоўж правай сцяны агароджы цягнуліся гандлёвыя рады.

Помнік архітэктуры віленскага барока. 2-вежавы 1-нефавы храм з магутнай паўкруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Зрокава аблегчаныя 4-ярусныя вежы з фігурнымі купаламі і шчыт паміж імі робяць кампазіцыю галоўнага фасада вышыннай, дынамічнай, а сілуэт маляўнічым. Пілястры і хвалістыя карнізы дзеляць яго на 3 часткі, у цэнтральнай з якіх вылучаецца пластычны партал галоўнага ўвахода з выявамі анёлаў і херувімаў. Партал выкананы ў рэнесансава-барочным стылі ў 1646 г., верагодна, кракаўскім скульптарам Кастэлі. У бакавых частках фасада зроблены арачныя нішы-экседры, у якіх пастаўлены скульптуры святых апосталаў Пятра і Паўла, Езуса і Маці Божай. Бакавыя сцены і апсіда ўмацаваны пілонамі, плоскасці паміж якімі прарэзаны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі. Над скругленым дахам апсіды на пастаменце ўзвышаецца крыж. Пазнейшая таніроўка архітэктурнага дэкору парушыла першапачатковую белакаменную цэласнасць храма.

У інтэр’еры сцены расчлянёны шырокімі пілястрамі і апяразаны магутным карнізам. Алтарная частка аддзелена ад залы высокім арачным прасветам. Цыліндрычнае з распалубкамі скляпенне нефа пераходзіць над апсідай у крыжовае. Хоры, на якія вядуць 2 вінтавыя лесвіцы, адгароджаны парапетам складанай канфігурацыі; на іх устаноўлены арган, упрыгожаны накладной пазалочанай разьбой. У час перабудовы касцёла ў сярэдзіне 18 ст. інтэр’ер набыў ракайльную мастацка-стылёвую трактоўку. Яго афармленне заснавана на скульптурна-арнаментальнай лепцы, якая сканцэнтравана на 7 алтарах. Галоўны з іх, які цалкам запаўняе глыбокую апсіду, 2-ярусны 3-часткавы, дынамічнай архітэктурна-дэкаратыўнай кампазіцыі: складаны рытм карынфскіх калон і пілястраў, інтэнсіўна раскрапаваныя антаблементы, завяршальная гарэльефная кампазіцыя «Глорыя». Асноўны мастацка-скульптурны акцэнт створаны ў сярэдняй частцы: гарэльефнае пано «Тройца» з 6 драўляных скульптур святых у экспрэсіўнай трактоўцы. Карнізны пояс упрыгожваюць дэкаратыўныя вазы на звівах валют, накладныя картушы, ракайлі. На консе апсіды ляпная гарэльефная кампазіцыя «Усёбачнае вока». Два меншыя вуглавыя алтары нагадваюць галоўны і таксама пакрыты стукавай дэкаратыўнай ляпнінай. У стылі ракако вырашаны амбон, кансольна навешаны на паўночна-заходнюю сцяну нефа і насычаны ляпной ракайльнай арнаментыкай, геральдычнымі знакамі, драпіроўкамі, картушамі, сімбалічнай атрыбутыкай евангелістаў (выявы анёла, цяльца, льва, арла). Пластычны ляпны балдахін амбона завершаны скульптурай анёла.

Касцёл – гонар дзятлаўчан, самы стары будынак у горадзе, сімвал нашай дзятлаўскай зямлі, нашай малой радзімы. Будзем жа берагчы тое, што пакінулі нам продкі.

 Матэрыял падрыхтавала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік музея

 

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian