Да дня вызвалення Дзятлаўшчыны

Пераправа, пераправа. Бераг левы, бераг правы…

Словы вядомага савецкага паэта А.Твардоўскага з вядомай паэмы “Васіль Цёркін” прыйшлі на памяць якраз дарэчы. І вось чаму. Па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ля падножжа мемарыяльнага комплекса «Курган Славы» будзе ўсталяваны штурмавік Іл-2. Новы экспанат папоўніць экспазіцыю ваеннай тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны і стане своеасаблівым падарункам да 50-годдзя аднаго з галоўных сімвалаў Вялікай Перамогі і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У рамках гэтай падзеі Федэрацыя прафсаюзаў аб’яўлвіла конкурс сярод журналістаў рэгіянальных СМІ на лепшы матэрыял пра легенду Вялікай Айчыннай вайны — самалёт Іл-2.

Інфармацыю пра конкурс упершыню пачула на семінары-нарадзе, які адбыўся 3-4 чэрвеня ў Мінску. Падумалася: чаму не паспрабаваць знайсці цікавыя факты.  Аднак у конкурса аказаліся дастаткова жорсткія ўмовы: самалёт павінен быў удзельнічаць у ваенных дзеяннях на тэрыторыі Дзятлаўшчыны, або на ім у гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў наш зямляк.

Адштурхнулася ад фактаў, якія ведала даўно. З Дзятлаўшчыны родам генерал-лейтэнант авіяцыі Сцяпан Георгіевіч Кароль, адзін з першых лётчыках Савецкага Саюза, ён быў  таксама першым камендантам Кіева пасля вызвалення горада. Аднак у такі кароткі тэрмін – усяго месяц – атрымаць архіўную інфармацыю з Украіны пра тое, на якіх самалётах ваяваў С.Г.Кароль, наўрад ці  ўдалося б.

Другім не менш цікавым фактам было тое, што ў канцы вясны і пачатку лета 1944 года на аэрадроме ў пасёлку Наваельня Дзятлаўскага раёна стаяў легендарны 46-ы гвардзейскі ночны бамбардзіровачны авіяцыйны Таманскі полк, які бамбіў аб’екты фашыстаў на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Аднак  у палку выкарыстоўваліся толькі самалёты ПА-2, іншай інфармацыі пра ўзбраенне дывізіі ні ў інтэрнэце, ні ў кнізе Раісы Аронавай “Начныя ведзьмы” не знайшла.

Адзінай крыніцай, дзе спадзявалася знайсці патрэбную інфармацыю ці хаця б згадку пра падобны факт у гісторыі вайны на Дзятлаўшчыне, засталася кніга “Памяць. Дзятлаўскі раён”. І вось на старонцы дзвесце дзевятнаццатай у невялічкім артыкуле “Атакі з неба” Ф.Фядзюхіна чытаю: “Авіяцыя 4-й паветранай арміі, якая прыкрывала войскі 2-га Беларускага фронта, завяршыла перадыслакацыю на аэрадромы на поўдзень і захад ад Мінска і пачала  больш эфектыўна падтрымліваць наземныя войскі фронта. Так, на працягу 8 ліпеня авіяцыя вяла разведку праціўніка ў раёне Ліда-Навагрудак-Беліца-Наваельня і своечасова давала разведдадзеныя камандаванню фронта. У прыватнасці, выявіла вялікую колькасць ваеннай тэхнікі праціўніка на пераправах праз рэчку Моўчадзь каля Наваельні і в.Рыбакі. Камандуючы арміяй генерал К.А.Вяршынін загадаў камандзіру 325-й начной бамбардзіровачнай авіядывізіі падпалкоўніку Г.П.Пакоеваму ноччу на 9 ліпеня разбамбіць пераправы і знішчыць жывую сілу і тэхніку ворага. Было зроблена 100 самалёта-вылетаў, загад выкананы ўзорна”.

І ніводнага слова пра тое, на якіх машынах ваявалі лётчыкі 325-й дывізіі. Ні ў пісьмовых крыніцах, ні ў інтэрнэце. Кінуць, не дурыць сабе галавы? Не, раз пачала, трэба дайсці да ісціны. Пішу электронныя пісьмы ў авіяцыйныя музеі Расіі, звяртаюся да знаёмага, які працуе ў музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, але ён аказваецца ў адпачынку, з’явіцца на працу толькі пра некалькі тыдняў. Раюся з людзьмі, якія цікавяцца ваеннай гісторыяй, у прыватнасці, авіяцыяй, звязаныя з лётнай справай прафесійна. Сярод такіх знаёмых – наш зямляк Аляксандр Іванавіч Бажкоў, зараз масквіч, загадчык аддзела рухавікоў і паветраных вінтоў Авіярэгістра МАК, краязнаўца. Ён цікавіцца гісторыяй малой радзімы, падтрымлівае сувязь з музеем, дапамагае ў пошуку знакамітых землякоў, што жывуць на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.

І вось на маніторы ліст ад Аляксандра Іванавіча: “Аб самалёце Іл-2. Гэта далёкі бамбардзіроўшчык, але выкарыстоўваўся і як франтавы. Яны лёталі часцяком без знішчальнага прыкрыцця, таму і страты былі вялікія. У сувязі з гэтым іх выкарыстоўвалі ў якасці начных бамбардзіроўшчыкаў. На гэтым самалёце вялі разведку ў тыле праціўніка, буксіравалі планеры, арганізоўвалі забеспячэнне (узбраенне, адзенне, карты і г.д.) партызанскіх атрадаў, закідвалі дыверсійныя групы за лінію фронту.

Пра 325-ю авіядывізію. Дывізія складалася з 4 (пазней 5) бамбардзіровачных авіяцыйных палкоў. Гэта — 46 Гвардзейскі, 16, 634, 644. Найбольш вядомы з іх 46-ы жаночы «начны ведзьмы «, у іх у палку 23 Героі Савецкага Саюза. Ваявалі на самалёце ПА-2 (У-2). Але ў маі 1944 годзе 16-ы бамбавальны полк пачаў здаваць свае самалёты ПА-2 у 113 авіядывізію, а сам атрымаў новыя ІЛы”.

Яшчэ з адной кампетэнтнай крыніцы даведалася, што на ўзбраенні ў палках 325-й дывізіі былі розныя самалёты, у тым ліку і ІЛ-2. Значыць, ІЛ-2 мог удзельнічаць у аперацыі па знішчэнні пераправы.

Застаецца толькі пабыць на месцы падзей. Саджуся на веласіпед і еду на бераг Моўчадзі каля Наваельні. Возера, лебедзі, гідрастанцыя. Недзе тут, на адлегласці каля пяцісот метраў ад возера, была пераправа. Ніякіх слядоў, ніякіх напамінкаў. Буяюць травы, разрасліся кусты, дзе-нідзе прастора зарастае лесам. Можна толькі ўявіць, як семдзесят пяць гадоў таму кароткай ліпеньскай ноччу тут ірваліся бомбы, нізалі неба пражэктары, скаланалася зямля. Ноч 9 ліпеня – гэта толькі эпізод грандыёзнай аперацыі “Баграціён”, але яна памятная менавіта для нас, дзятлаўчан, бо наступны дзень – 9 ліпеня 1944 года стаў днём вызвалення нашай роднай зямлі.

Пераправа, пераправа. Бераг левы, бераг правы… Кожны такі ваенны эпізод – памяць вайны, ужо далёкай, але такой незабыўнай…

    Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

   

   

Читайте также: