«Педагагічны гонар Дзятлаўшчыны»

Працягваецца збор інфармацыі пра вядомых настаўнікаў Дзятлаўшчыны. Днямі наведала Надзею Іванаўну Ілюковіч, настаўніцу матэматыкі СШ№3, выдатніка адукацыі, любімую настаўніцу майго сына, якая з 8-га класа рыхтавала яго да алімпіяд па матэматыцы, натхняла, падтрымлівала. Ён і прафесію выбраў матэматычную – праграміст. І такіх вучняў у Надзеі Іванаўны было шмат.

Нам, калегам, запомнілася настаўніца як чулы, добразычлівы і да максімалізму справядлівы чалавек. А вучням – як строгая “матэматыца”, у якой за проста так адзнаку не атрымаеш. У яе ўсе вучні аднолькавыя, “блатных няма”, і калі ставіла  “пяць”, то на пять вучань здаваў матэматыку ў любы ўніверсітэт.

Зараз Надзея Іванаўна жыве адна, хварэе, вельмі баляць ногі, але аптымізму не траціць. Бадзёрая, жыццярадасная, дапамагае вучням з розных школ рыхтавацца да ЦТ, падцягвае на вышэйшую адзнаку малодшых. Сапраўдны фанат сваёй любімай матэматыкі.

Хто помніць і любіць Надзею Іванаўну, патэлефануйце ёй зрэдчас. Настаўніку так прыемна, калі пра яго не забыліся вучні.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік музея

 

Читайте также: