Знакамітыя землякі — юбіляры 2019 года (да 75-годдзя Гродзенскай вобласці)

Дваранін Арсень Міхайлавіч  (13.04.1949)

Дваранін А.М. нарадзіўся ў в.Малыя Краглі Дзятлаўскага раёна, беларускі мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, член Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь з 1989 г.

“У мяне заўсёды шчыміць сэрца, калі сустракаюся з роднымі мясцінамі, бацькамі, аднавяскоўцамі. Хочацца несці ўсім людзям святло, радасць і прыгажосць,”- гаворыць Арсень Міхайлавіч.

У 1964 г. скончыў Жукоўшчынскую васьмігодку. Пазней паступіў у Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, які скончыў у 1968 г.  Дыпломнай работай студэнта-выпускніка быў архітэктурны праект, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Гэта работа прынесла першы поспех. Яна экспанавалася на ВДНГ у Маскве і атрымала залаты медаль. Пасля заканчэння тэхнікума А.Дваранін працаваў архітэктарам у Брэсцкім праектным інстытуце “Белдзяржпраект”. У 1973г. паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, які скончыў у 1977г.  Дыпломная работа А.Двараніна – праект Мінскага мастацкага вучылішча – экспанавалася на Усесаюзнай выставе дыпломных работ у Вільнюсе. Пазней Арсень Міхайлавіч пераехаў з Мінска ў Гомель, дзе жыве і зараз.

Мастак працуе ў жанры жывапісу – партрэт, пейзаж, нацюрморт (“Партрэт сына”, “Лістапад”, “Лён цвіце”, “З матылём” і іншыя).

А.Дваранін – аўтар многіх праектаў мастацкага аздаблення памяшканняў (Гомельскі музычны коледж, музычная школа і інш.).

Шматтраўе і шматквецце беларускіх лугоў і палёў, ціхая пяшчота лясоў знайшлі адлюстраванне ў непаўторных сваёй арыгінальнасцю і прыгожасцю габеленах А. Двараніна. “Асноўная тэма маёй творчасці, — сказаў мастак, — гэта сцвярджэнне прыгажосці прыроды, прыгажосці чалавека”.

Творчасць мастака адметная тонкім колераспалучэннем, кампазіцыйнай завершанасцю, эмацыйнасцю.

А.Дваранін прымаў удзел у розных абласных і рэспубліканкіх выставах, а таксама міжнародных – у Польшчы (1987г.), Францыі ( 1991г.). У 1995г. у Францыі была арганізавана персанальная выстава мастака. Яго габелены дэманструюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Гомельскім і Рэчыцкім музеях, а таксама за мяжой – у Францыі, пасольстве Беларусі ў Бельгіі (Брусель), прыватных калекцыях розных краін.

Яго мастака зберагаюцца ў музеях і прыватных калекцыях Францыі, Бельгіі, Расіі, Германіі, ЗША, Галандыі, Польшчы.

Смалянчук Аляксандр Фёдаравіч (23.05.1959)

         Нарадзіўся Аляксандр Фёдаравіч у мястэчку Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна у сям’і службоўцаў. Беларускі гісторык, педагог, кандыдат гістарычных навук.  Дзяцінства прайшло ў Слоніме, тут скончыў сярэднюю школу №1. Вучыўся на гістарычным факультэце Гродзенскага педінстытута. Працаваў настаўнікам у Гродзенскай школе-інтэрнаце. З 1981г. па 1983 г. служыў у войску. Працаваў навуковым супрацоўнікам у Рэспубліканскім музеі гісторыі рэлігіі. З 1993г. — у Гродзенскім інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнічых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. У 1994 г. завочна скончыў аспірантуру ў інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Прафесар, дэкан факультэта дашкольнага выхавання і пачатковай школы Гродзенскага інстытута павышэння кваліфікацыі. Даследуе праблемы гісторыі Беларусі 19 – пач. 20 ст., польскі рух у Беларусі гэтага часу. Аўтар шматлікіх навуковых артыкулаў у спецыяльных зборніках, часопісах, энцыклапедыях. Выдаў брашуру “Польскі нацыянальны рух і беларускае Адраджэнне пач. 20 ст.”

Канус Іван Іванавіч (02.05.1934)

  Нарадзіўся ў в.Рыбалава Дзятлаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Беларускі вучоны, доктар медыцынскіх навук (1990), прафесар (1991). Скончыўшы 7 класаў Дзятлаўскай сярэдняй школы №1, ён паступіў у Баранавіцкую фельчарска-акушэрскую школу. У 1953-1957гг.– тэрміновая служба на караблях Балтыйскага і Паўночнага флатоў. Пасля дэмабілізацыі працаваў лячэбным інспектарам Дзятлаўскага райздраўаддзела і адначасова фельчарам Цэнтральнай раённай бальніцы. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Гродзенскім медыцынскім інстытуце.

Пасля заканчэння ВНУ працаваў у Беларускім навукова-даследчым інстытуце анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Разам з клінічнай працай І.І.Канус праводзіў навуковыя даследаванні аб уплыве розных доз апраменьвання на ход наркозу і пасляаперацыйнага перыяду ў анкалагічных хворых. Па выніках даследаванняў апублікаваў каля 50 артыкулаў. У 1978г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1982 г. выбраны асістэнтам кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. Займаўся распрацоўкай комплекснай інтэнсіўнай тэрапіі хворых з вострай ныркавай недастатковасцю рознай этыялогіі.

У 1990г. у Ленінградскай ваенна-медыцынскай акадэміі абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Інтэграцыя і дыферэнцыяцыя інтэнсіўнай тэрапіі хворых з вострай ныркавай недастатковасцю рознай этыялогіі”. У гэтым годзе быў абраны загадчыкам кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў і прызначаны галоўным анестэзіёлагам-рэаніматолагам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

У снежні 1991г. на ІІ з’ездзе анестэзіёлагаў РБ быў абраны прэзідэнтам асацыяцыі анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў. Апублікаваў звыш 150 навуковых прац. Найбольшую цікавасць уяўляе манаграфія “Асновы анестэзіялогіі, рэаніматалогіі і інтэнсіўнай тэрапіі ў пытаннях, задачах і адказах”. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана камп’ютэрная сістэма па анестэзіялогіі, рэаніматалогіі і інтэнсіўнай тэрапіі, якая дазваляе на сучасным узроўні весці навучальны працэс і атэстацыю спецыялістаў.

Грыб  Станіслаў Іванавіч  (06.08.1944)

Нарадзіўся ў в.Савічы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці, беларускі вучоны-селекцыянер.  Акадэмік Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1984), доктар сельскагаспадарчых навук (1988), прафесар (1996).

Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую Акадэмію, там і працаваў  з 1970г. на Ганусаўскай доследна-селекцыйнай станцыі, з 1973г. — у Беларускім НДУ земляробства і кармоў (з 1978г. — намеснік дырэктара, кіраўнік селекцыўнага цэнтра), з 1995г. віце-прэзідэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. Навуковыя працы прысвечаны селекцыі, насенняводству і тэхналогіі вырошчвання цукровых буракоў і збожжавых культур (ячмень, авёс, трыцікале, пшаніца), распрацоўцы метадаў інтэнсіфікацыі селекцыйнага працэсу з выкарыстаннем збудаванняў  са штучным кліматам. Аўтар 20 эксперыментальных гатункаў сельскагаспадарчых культур, у тым ліку двух гатункаў цукровых буракоў, 12 – яравога ячменю. 2 – аўса і 4 – трыцікале.

Аўтар  больш за  400 навуковых  прац, у тым ліку 9 манаграфій, 7 вынаходстваў, 38 аўтарскіх пасведчанняў на гатункі раслін, райаніраваных у Беларусі, з якіх 14 уключаны ў рэестр замежных краін.

Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь  1994 г. за цыкл работ «Разработка методов и результаты селекции высокопродуктивных, ресурсоэкономных сортов ярового ячменя и озимой ржи».

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1986), медалямі.

Барысевіч Арсеній Аляксандравіч (26.12.1939)

         Барысевіч Арсеній Аляксандравіч нарадзіўся ў в.Юравічы Дзятлаўскага раёна, беларускі вучоны ў вобласці будаўнічай механікі. Доктар тэхнічных навук (1996), прафесар (2003).  З 1968 г. працуе ў  БНТУ, а з 1980 г. — загадчык кафедры геатэхнікі і будаўнічай механікі. Напісаў некалькі работ па метадах разліку і аптымізацыі будаўнічых канструкцый і сістэм. Найбольш вядомыя яго працы — «Аптымізацыя нелінейна ўпругіх стрыжнявых сістэм па метаду лакальных лінеарызаваных вобласцей, — Брэст,2001;  Агульныя ўраўненні будаўнічай механікі і аптымальнае праектаванне канструкцый.- Мн.,1998.

 

Читайте также: